Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КЛІ́ЧАЎСКІЯ БАІ́ 1942, 1943,

баі партыз. фарміраванняў Магілёўскай вобл. з ням.-фаш. захопнікамі ў Вял. Айч. вайну ў г.п. Клічаў. У ноч на 30.3.1942 партызаны атрадаў Клічаўскага (камандзір А.​С.​Юркаўцаў), В.​І.​Лівенцава, В.​П.​Свістунова панеслі ўдар па папярэдне заблакіраваным гарнізоне ворага (каля 250 гітлераўцаў). Пасля 12-гадзіннага бою партызаны вызвалілі Клічаў, чым завяршылі вызваленне ўсяго Клічаўскага р-на і стварэнне Клічаўскай партызанскай зоны. У ліп. 1942 пад націскам значных сіл праціўніка партызаны пакінулі пасёлак. Раніцай 21.4.1943 2-я і 5-я Клічаўскія партыз. брыгады і рота 1-й Клічаўскай брыгады (іх дзейнасць каардынаваў нач. штаба Магілёўскай ВАГ С.Г.Сідарэнка-Салдаценка) зноў занялі Клічаў, за выключэннем умацаваных пазіцый гарнізона. Праціўнік атрымаў падмацаванне, ням. авіяцыя правяла масіраваную бамбардзіроўку, таму партызаны адышлі. У гонар баёў у Клічаве насыпаны курган Славы, пастаўлены помнік.

т. 8, с. 347

КЛІ́ЧАЎСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й ЛЕ́СУ Засн. ў 1967, адкрыты ў 1969 у г.п. Клічаў Магілёўскай вобл. як музей нар. славы, з 1998 сучасная назва. Пл. экспазіцыі 370 м², больш за 4 тыс. адзінак асн. фонду (1998). Экспазіцыя складаецца з раздзелаў: чалавек і зямля, чалавек і лес, чалавек і рака. Сярод экспанатаў таксама археал. знаходкі (пацеркі, скроневыя кольцы, прылады працы, фрагменты глінянага посуду) з раскопак на тэр. раёна, прадметы культуры і побыту сялян 19 — пач. 20 ст., вырабы Клічаўскага шклозавода (1901—14), рэчы з асабістага фонду вучонага-географа А.​А.​Смоліча, матэрыялы пра стварэнне і дзейнасць у Вял. Айч. вайну падполля і партыз. руху, творы графікі і жывапісу. Філіял музея — Усакінскі мемарыяльны комплекс.

Л.​Л.​Ачыновіч.

т. 8, с. 346

КЛІ́ЧАЎСКІ РАЁН.

На ПдЗ Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924, скасаваны 25.12.1962, адноўлены 6.1.1965. Пл. 1,8 тыс. км². Нас. 23,2 тыс. чал. (1998), гарадскога 37,1%. Сярэдняя шчыльн. 13 чал. на 1 км². Цэнтр — г.п. Клічаў. 140 сельскіх нас. пунктаў. 8 сельсаветаў: Акцябрскі, Бацэвіцкі, Віркаўскі, Ганчанскі, Доўгаўскі, Каўбчанскі, Нясяцкі, Патоцкі. Раён пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, у зоне радыяцыйнага кантролю 17 нас. пунктаў.

Тэр. раёна ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Паверхня раўнінная, слабапарэзаная. Пераважаюць выш. 150—165 м, найвыш. пункт 176 м (на ПнЗ ад в. Дубно). Карысныя выкапні: торф, пясок, гліны і суглінкі для грубай керамікі. Сярэдняя т-ра студз -7,2 °C, ліп. 17,8 °C. Ападкаў 618 мм за год. Вегет. перыяд 190 сут. З Пн на Пд працякае р. Ольса з прытокамі Нясета (з Гарадзечанкай і Турчанкай), Цераболь, Сушанка, Ганчанка, Суша (з Перасопенкай) і Кострычка, на ПнУр. Друць з прытокам Даўжанка, на Зр. Бярэзіна. Азёры Танек, Дубавец, Орлінскае. Вадасх. Арэхаўка на р. Нясета. Глебы: дзярнова-падзолістыя (53%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (21,7%), тарфянабалотныя (16,2%). Пад лесам 57,7% тэр. раёна, з іх 17,5% штучных насаджэнняў. На Пн пераважаюць масівы суцэльнага лесу, найб. Вял. Дулебава. Лясы ў асноўным хваёвыя, бярозавыя і чорнаальховыя, часткова забалочаныя. Пад балотамі 4,2% тэрыторыі, найб. балотныя масівы: Ганчанскае балота, Ванкоўшчына, Заполле. 20 мясц. геал. (тарфяных) заказнікаў. Помнікі прыроды: рэспубліканскія — дубова-грабавы лес у Бёрдаўскім лясніцтве; мясцовыя — дуброва ў Бацэвіцкім лясніцтве, крыніцы ў в. Бацэвічы і каля в. Ядраная Слабада.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 59 тыс. га, з іх асушаных 19,2 тыс. га. На 1.1.1998 у раёне 8 калгасаў, 5 саўгасаў, 25 фермерскіх гаспадарак. Асн. галіны сельскай гаспадаркі: малочна-мясная жывёлагадоўля, вырошчванне збожжавых і кармавых культур. Прадпрыемствы харч., дрэваапр., паліўнай, лясной, буд. матэрыялаў прам-сці. Па тэр. раёна праходзіць чыг. Асіповічы—Магілёў, аўтадарогамі райцэнтр звязаны з гарадамі Беразіно, Бабруйск, Магілёў. Па р. Бярэзіна суднаходства. У раёне 12 сярэдніх, 7 базавых, 7 пач., дзіцяча-юнацкая спарт., 7 муз., маст. школы, тэхнікум, 17 дашкольных устаноў, 23 клубы, 26 б-к, 5 бальніц, паліклініка, цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, 19 фельч.-ак. пунктаў. Выдаецца газ. «Сцяг Саветаў».

Г.​С.​Смалякоў.

т. 8, с. 346

КЛІ́ЧАЎСКІ ШКЛОЗАВО́Д.

Дзейнічаў у 1901—14 у мяст. Клічаў Ігуменскага пав. (цяпер г.п. Клічаў Магілёўскай вобл.). Вырабляў бутэлькі, аптэчны, фарфоравы і хім. посуд. У 1901 устаноўлена паравая машына (30 к.с.), у 1903 — паравы кацёл. У 1904—10 працавала. да 135 чал.

т. 8, с. 347

КЛІ́ЧНАЯ ФО́РМА,

асобная словаформа назоўніка, якая служыць для выражэння звароту, закліку і выконвае эмацыянальна-валявую функцыю маўлення. Захавалася ва ўкр. мове, у рус. мове сустракаецца толькі ў асобных гаворках. З інш. слав. моў захавалася ў польскай, чэш., балг., сербскахарвацкай, бел. і некат. інш.

У сучаснай бел. мове ў залежнасці ад значэння назоўніка і характару яго асновы можа заканчвацца на галосныя «-е» («браце»), «-у» («ве́тру»), «-о» («дзяўчо»), «-а» («дружа»), «-ю» («чаю») і інш. Выкарыстанне абмежавана пераважна эмацыянальна-валявой сферай. Ужываецца ў размоўным стылі («пап», «Мань»), часткова ў публіцыстычным стылі, у эпісталярным жанры і найб. шырока ў маст. л-ры («Смялей, беларусе-араты!»). К.ф. распаўсюджана таксама ў бел. фальклоры і бел. дыялектах («мамо», «Галё»). У маўленні характарызуецца спецыфічнай інтанацыяй звароту, закліку часта ў спалучэнні з часціцамі («Гэй, хлебаробе мазольны!»). Пры выкарыстанні з залежнымі словамі ўтвараюцца клічныя словазлучэнні («Краю мой родны, як выкляты богам!»). Пры інтанацыйнай і сэнсавай завершанасці К.ф. і клічныя словазлучэнні ўтвараюць клічныя сказы.

Літ.:

Наркевіч А.І. Назоўнік: Граматычныя катэгорыі і формы. Мн., 1976;

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.

Л.​А.​Антанюк.

т. 8, с. 347

КЛІ́ЧНІК,

гл. ў арт. Знакі прыпынку.

т. 8, с. 347

КЛІ́ЧНЫ СКАЗ,

сказ з рознымі аб’ектыўна-мадальнымі значэннямі, які служыць для выражэння эмацыянальна-ацэначных адносін да рэчаіснасці. Канструктыўныя элементы К.с.: выклічнікі, эмацыянальныя часціцы і клічная інтанацыя, якая заўсёды мае эмацыянальна-экспрэсіўную афарбоўку — узрушанасць, урачыстасць і да т.п. Па характары вымаўлення клічнымі могуць быць апавядальныя сказы, пытальныя сказы і пабуджальныя сказы. У адрозненне ад няклічных сказаў К.с. вымаўляецца больш высокім напружаным тонам. Характэрна прэпазіцыя выказніка ці інш. члена сказа, які нясе інфарм. нагрузку. У канцы К.с. ставіцца клічнік. Шырока выкарыстоўваюцца ў размоўным стылі, у публіцыстыцы, мове маст. л-ры («Мой родны кут, як ты мне мілы!...»); не ўласцівы навук. і афіцыйна-дзелавому стылям мовы.

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 2. Мн., 1986.

Л.​А.​Антанюк.

т. 8, с. 347

КЛІ́ЧНЫ СКЛОН,

гл. ў арт. Клічная форма.

т. 8, с. 347

КЛІ́ШЧАНКА (Анатоль Пятровіч) (н. 1.9.1946, г. Калінінград, Расія),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1995), праф. (1996). Скончыў БДУ (1969), дзе і працуе. Навук. працы ў галіне нелінейнай оптыкі і лазернай фізікі. Распрацаваў спектральна-палярызацыйныя метады вызначэння тыпаў і механізмаў нелінейных працэсаў у малекулярных сістэмах.

Тв.:

Физический практикум. Мн., 1986 (у сааўт.);

Обобщенный метод описания формирования поляризованного излучения в лазерах на растворах красителей (разам з Л.​І.​Буравым, А.​П.​Лістападам) // Журн. прикладной спектроскопии. 1997. Т. 64, № 5.

П.​М.​Бараноўскі.

т. 8, с. 347

КЛІШЭ́ (франц. cliché),

1) друкарская форма высокага друку, прызначаная для паліграф. ўзнаўлення ілюстрацый, а часам і тэксту.

Бываюць штрыхавыя (атрымліваюць са штрыхавога арыгінала з элементамі аднолькавай насычанасці — з чарцяжоў, рысункаў пяром і інш.), растравыя (атрымліваюць з паўтонавых выяў з элементамі рознай насычанасці — з фатаграфій, акварэльных малюнкаў і да т.п.) і камбінаваныя. Вырабляюць К. фотамеханічным (гл. Аўтатыпія), электрамеханічным (гравіраваннем металу) спосабамі і фотаполімерызацыяй (уздзеяннем святла на палімерныя матэрыялы, з якіх утвараюцца друкарскія элементы). К. звычайна робяць з дробнакрышталічнага цынку (гл. Цынкаграфія), магнію, часам з медзі і алюмінію. З аднаго К. атрымліваюць да 1 млн. адбіткаў.

2) Хадзячы (стэрэатыпны) выраз, які механічна ўзнаўляецца (ужываецца) у тыповых моўных кантэкстах і сітуацыях; шаблонная (збітая) фраза. Гл. таксама Штамп.

т. 8, с. 347