Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КЛІМАТАЛО́ГІЯ МЕДЫЦЫ́НСКАЯ,

галіна навукі, якая вывучае ўплыў клімату і надвор’я на арганізм чалавека і метады выкарыстання іх у лек. і прафілакт. мэтах; аснова клімататэрапіі і курарталогіі. Вывучае фіз. і хім. паходжанне гідраметэаралагічных і ландшафтных раздражняльнікаў, характар і механізмы фізіял. і паталаг. працэсаў у арганізме чалавека ў розных кліматах, геагр. пашырэнне хвароб (гл. Геаграфія медыцынская).

Першыя звесткі па К.м. у працах Гіпакрата, Галена. Навук. асновы заклалі Парацэльс, англ. вучоны Т.​Сідэнхем. У сярэдзіне 19 ст. выдадзены спец. працы па К.м. (франц. вучоны Г.​Ламбар і інш.). У Расіі ў 1893 А.​І.​Ваейкаў абагульніў тагачасныя дасягненні па К.м. у працы «Даследаванне кліматаў з мэтамі кліматычнага лячэння і гігіены».

На Беларусі даследаванні па К.м. пачаў А.​Меер у 2-й пал. 18 ст. Мінскае т-ва ўрачоў у пач. 20 ст. даследавала стан насельніцтва Беларусі ў залежнасці ад пражывання ў розных прыродных, у т. л. кліматычных, умовах. Навук. даследаванні па К.м. вядуцца ў НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі Мін-ва аховы здароўя Беларусі і інш. Вывучаюцца кліматычныя і прыродныя фактары, механізмы ўздзеяння іх на жыццёвую ёмістасць лёгкіх, работу сардэчна-сасудзістай сістэмы, сілу і рухомасць нерв. працэсаў, тэрмарэгуляцыйныя механізмы, скуру і г.д.

т. 8, с. 340

КЛІМАТАТЭРАПІ́Я, кліматалячэнне,

сукупнасць метадаў выкарыстання асаблівасцей клімату і надвор ’я з лекавымі ці прафілакт. мэтамі; адзін з прыкладных раздзелаў кліматалогіі медыцынскай і фізіятэрапіі. Гал. фактары пры К.: размяшчэнне мясцовасці над узр. м., ступень набліжанасці ці аддаленасці ад мора, т-ра, цыркуляцыя і вільготнасць паветра, інтэнсіўнасць сонечнай радыяцыі (у т. л. ультрафіялетавай), воблачнасць і колькасць атм. ападкаў. Асн. метады К. — аэратэрапія, сонцалячэнне, таласатэрапія. К. таксама практыкуецца ва ўмовах штучна створанага клімату (у спец. камерах, дзе мадэліруюцца кліматычныя ўмовы розных геагр. зон). Праводзяць К. ў звыклых для хворага мясц. прыродных умовах і на аддаленых кліматычных курортах. Эфектыўная пры хваробах органаў дыхання, сэрца і сасудаў, нерв. сістэмы, абмену рэчываў і інш. Пры найб. складаных выпадках хворым рэкамендуецца пераезд на пастаяннае месца жыхарства ў інш. кліматычную зону ці перыядычнае яе наведванне. Цесна звязана з агульным умацаваннем здароўя пад уплывам кліматычных фактараў (кліматапрафілактыка) і з павышэннем устойлівасці арганізма да шкоднага ўплыву навакольнага асяроддзя (загартоўванне арганізма).

Я.​В.​Малашэвіч.

т. 8, с. 340

КЛІМАТАЎТВАРА́ЛЬНЫЯ ПРАЦЭ́СЫ,

атмасферныя працэсы, якія вызначаюць характар клімату Зямлі або асобных яе рэгіёнаў. Глабальныя К.п.: цеплазварот (радыяцыйныя ўмовы на зямной паверхні і цеплаабмен паміж ёю і атмасферай); вільгацезварот паміж атмасферай і зямной паверхняй; агульная цыркуляцыя атмасферы. Для асобных раёнаў істотнымі могуць быць і мясц. цыркуляцыі (брызы, горна-далінныя вятры і г.д.). Існуе сувязь паміж К.п. і рознымі геагр. асаблівасцямі пэўнай мясцовасці.

т. 8, с. 340

КЛІМАТРО́Н (ад клімат + грэч. thronos месцазнаходжанне),

купалападобнае ці інш. формы збудаванне з празрыстых матэрыялаў, у якім штучна ўтвараюцца ўмовы (т-ра, вільготнасць, асвятленне і інш.), блізкія да клімату розных геагр. зон. У адрозненне ад фітатрона ў К. вырошчваюць раслінныя згуртаванні, характэрныя для адпаведнага месцапражывання.

т. 8, с. 340

КЛІМАТЫЗЁР,

пакаёвы кандыцыянер накіраванага дзеяння, прызначаны для ўвільгатнення, частковага ахаладжэння і ачысткі ад пылу паветра. Работа К. заснавана на эфекце выпарэння вады. Мае вентылятар для засмоктвання паветра, помпу, фільтры, прылады для аўтам. рэгулявання т-ры і адноснай вільготнасці паветра. Прапускае да 500 м³ паветра за гадзіну.

т. 8, с. 340

КЛІМАТЫ́ЧНЫЯ КА́РТЫ,

карты, якія адлюстроўваюць тэрытарыяльнае размеркаванне кліматычных умоў, асаблівасці клімату, развіццё кліматаўтваральных атмасферных працэсаў (напр., рух цыклонаў і антыцыклонаў) і інш. Складаюцца для прыземнага слоя паветра і для атмасферы па шматгадовых, гадавых, сезонных, месячных даных, ахопліваюць кліматычныя перыяды і эпохі (у т. л. палеакліматычныя). Вылучаюць карты кліматаўтваральных фактараў (сумы сонечнай радыяцыі, радыяцыйны баланс, працягласць сонечнага ззяння), тэрмічнага рэжыму, умоў увільгатнення, ветравога рэжыму, паветранага ціску, атм. з’яў, кліматычнага раянавання. Да К.к. адносяцца таксама карты ацэнкі кліматычных умоў (напр., для сельскай гаспадаркі — агракліматычныя карты).

т. 8, с. 340

КЛІМАТЫ́ЧНЫЯ КУРО́РТЫ,

курорты, на якіх асн. метадам прафілактыкі і лячэння з’яўляецца клімататэрапія. Паводле вызначальных рыс ландшафтаў і клімату як асн. лячэбна-прафілакт. фактару ўмоўна падзяляюцца на раўнінныя, прыморскія, нізка-, сярэдне- і высакагорныя, а ў іх межах — з умераным, кантынент., марскім, трапічным, субтрапічным і інш. кліматам. Умовы кліматалячэння і правядзення лячэбна-аздараўленчых працэдур прадугледжваюць абсталяванне К.к. спец. месцамі і збудаваннямі: кліматапавільёнамі, верандамі і галерэямі для дзённага ці кругласутачнага знаходжання на свежым паветры, аэрарыямі, салярыямі, пляжамі, месцамі для купанняў, маршрутамі для тэрэнкураў і інш. Курорты Беларусі маюць уласцівасці кліматычных. З замежных К.к. найб. вядомыя Паланга (Літва), Юрмала (Латвія), Ленінградская група курортаў, Анапа, Бярдзянск, Сочы, Самацвет і інш. (Расія), Ялта і іншыя курорты Крыма (Украіна), Бакурыяні, Тэберда і іншыя курорты Грузіі, Рыўера (Францыя), Спліт (Харватыя), Борнмут, Брайтан (Вялікабрытанія), Албена, Залатыя Пяскі (Балгарыя), Давос, Лезен (Швейцарыя), Закапанэ (Польшча), Есенік (Чэхія), Атлантык-Сіці, Палм-Біч, Тусон (ЗША) і інш.

Я.​В.​Малашэвіч.

т. 8, с. 340

КЛІМАТЫ́ЧНЫЯ ПАЯСЫ́О́НЫ),

буйныя, дастаткова аднародныя ў кліматычных адносінах вобласці зямнога шара, якія маюць характар шыротных або субшыротных суцэльных ці перарывістых палос. Іх вылучэнне заснавана на заканамернасцях узрастання радыяцыйнага балансу і т-ры паветра ад полюсаў да экватара, на асаблівасцях увільгатнення ў розных шыротах і перавазе шыротнага і субшыротнага перамяшчэння паветраных мас у сістэме агульнай цыркуляцыі атмасферы. Вылучаюць экватарыяльны, субэкватарыяльны, па 2 (у Паўн. і Паўд. паўшар’ях) трапічныя, субтрапічныя, умераныя паясы; у высокіх шыротах — субарктычны (субантарктычны) і арктычны (антарктычны) К.п.(з.) У генет. класіфікацыі кліматаў рас. кліматолага Б.​П.​Алісава паясы разглядаюцца як найбольшыя адзінкі кліматычнага раянавання. Шыротныя паясы часам наз. кліматычнымі зонамі, кліматычныя паясы звязваюць са зменамі клімату па вертыкалі ў горных краінах.

т. 8, с. 340

КЛІМАТЫ́ЧНЫЯ РЭСУ́РСЫ,

невычарпальныя прыродныя рэсурсы, якія ўключаюць сонечную энергію, вільгаць і энергію ветру. Агракліматычныя і рэкрэацыйныя К.р. характарызуюцца колькасцю атм. ападкаў у вегетац. перыяд, паказчыкамі гадавой сумы ападкаў, т-ры паветра, інтэнсіўнасці сонечнай радыяцыі, ультрафіялетавай забяспечанасцю і інш. К.р. маюць занальны характар (гл. Клімат).

т. 8, с. 340

КЛІМАТЫ́ЧНЫЯ СЕЗО́НЫ,

часткі года працягласцю ў некалькі месяцаў, якія вызначаюцца кліматычнымі асаблівасцямі. У экватарыяльным поясе з раўнамерным увільгатненнем і малой амплітудай змены т-ры на працягу года К.с. амаль не выяўляюцца. У субэкватарыяльным, трапічным і часткова субтрапічным паясах К.с. вылучаюць у асноўным па рэжыме ўвільгатнення, адрозніваюць сухі сезон (з малой колькасцю ападкаў) і вільготны сезон (са значнай колькасцю ападкаў). Ва ўмераным поясе добра выражаны 4 самаст. сезоны — вясна, лета, восень і зіма, якія вылучаюць пераважна па тэрмічных умовах. Для палярных раёнаў характэрны працяглая зіма і кароткае лета, а пераходныя К.с. выражаны слаба.

т. 8, с. 340