Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КЛЕ́ШНА,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дрыса, за 24 км на ПнЗ ад г. Полацк. Пл. 0,49 км², даўж. 1,1 км, найб. шыр. 700 м, даўж. берагавой лініі каля 3 км. Пл. вадазбору 4 км². Схілы катлавіны выш. 5—7 м (на 3 да 20 м), параслі хмызняком, на Пн і З лесам.

т. 8, с. 335

КЛЕШЧАВІ́НА (Ricinus),

род кветкавых раслін сям. малачайных. 1 від — К. звычайная (R. communis). Пашырана ў тропіках і субтропіках Азіі і Афрыкі. На Беларусі інтрадукавана.

На радзіме К. — кусты або дрэвы выш. да 10 м, у культуры — адна- ці двухгадовыя расліны выш. да 4 м. Сцябло прамое, галінастае, пустое ў сярэдзіне. Лісце буйное, пальчатараздзельнае. Кветкі аднаполыя, у гронкападобных суквеццях, сядзяць групамі па восі суквецця: у верхняй ч. жаночыя, у ніжняй — мужчынскія. Плод 3-гнездавая каробачка. Насенне — цвёрдае, бліскучае, стракатае, мае ў сабе ядавітыя рэчывы (глікапратэін рыцын і алкалоід рыцынін) і да 60% алею, які выкарыстоўваецца ў прам-сці і медыцыне (т.зв. касторавы). Інсектыцыдныя, дэкар., кармавыя і тэхн. расліны.

У.​П.​Пярэднеў.

Клешчавіна.

т. 8, с. 335

КЛЕЯВЫ́Я ФА́РБЫ,

суспензіі пігментаў у водных растворах плёнкаўтваральнікаў (карбаксілметылцэлюлозы, полівінілавага спірту, казеіну, крухмалу, камедзі і інш.). Для прыгатавання К.ф. выкарыстоўваюць неарган. (напр., вохра, сурык, ультрамарын) і арган. пігменты. К.ф. ўтвараюць сітаватыя, звычайна няводаўстойлівыя пакрыцці з малой мех. трываласцю, але выдатнымі дэкар. ўласцівасцямі. Выкарыстоўваюць для аздаблення памяшканняў, водаўстойлівыя казеінавыя К.ф. — для вонкавых работ і атрымання мыйных пакрыццяў, маст. К.ф. (акварэльныя, гуашавыя), якія рыхтуюць на аснове плёнкаўтваральнікаў расліннага паходжання — у жывапісе.

А.​І.​Валожын.

т. 8, с. 335

КЛЁЙТАНА ЗАКО́Н,

антытрэстаўскі закон, прыняты кангрэсам ЗША і падпісаны прэзідэнтам Т.​В.​Вільсанам 15.10.1914. Назва ад імя аўтара законапраекта Г.​Клейтана. Прадугледжваў абмежаванне дзейнасці трэстаў і стварэнне Федэральнай гандл. камісіі па кантролі над імі. Фармальна вызваляў рабочыя і фермерскія арг-цыі ад праследаванняў, якім яны падвяргаліся паводле антытрэстаўскага закона Шэрмана 1890.

т. 8, с. 329

КЛЁН (Acer),

род кветкавых раслін сям. кляновых. Каля 150 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі, Амерыкі, Афрыкі. На Беларусі трапляецца дзікарослы від К. вастралісты (A. platanoides). Расце ў дубова-грабавых і ялова-шыракалістых лясах, зрэдку ўтварае кляновыя лясы. З інтрадукаваных найб. вядомыя К.: ілжэплатанавы, або явар (A. pseudoplatanus), татарскі, або чарнаклён (A. tataricum), прырэчны, або Гінала (A. ginnala), чырвоны (A. rubrum), зеленакоры (A. tegmentosum), мона (A. mono), серабрысты, або цукрысты (A. saccharinum).

Лістападныя дрэвы і кусты выш. ад 6—7 да 40 м з раскідзістай густой кронай. Лісце простае, лопасцевае або перыстае, чаранковае, супраціўнае. На працягу вегетацыі змяняе колер ад чырв.-зялёнага праз цёмна-зялёны да чырв.-аранжавага. Кветкі раздзельнаполыя ў шчытках, мяцёлках або гронках. Плод — двухкрылатка. Драўніна з высокімі тэхнал. якасцямі, ідзе на выраб муз. інструментаў, мэблі. З соку некат. відаў атрымліваюць кляновы цукар. Меданосныя і дэкар. расліны.

І.​М.​Гарановіч.

Клён: 1 — вастралісты; 2 — татарскі; 3 — амерыканскі.

т. 8, с. 335

КЛЁПКА,

1) стварэнне заклёпачнага злучэння элементаў канструкцый, пераважна з ліставога металу. Уключае свідраванне або прабіўку адтулін, устаўку заклёпак, само кляпанне — стварэнне (прасаваннем, ударам або выбухам) на другім канцы заклёпкі замыкальнай галоўкі. Для К. прасаваннем выкарыстоўваюць кляпальныя машыны, ударам — кляпальныя малаткі. Кляпаныя канструкцыі выкарыстоўваюцца пераважна ў мостабудаванні і ў канструкцыях прамысл. будынкаў з вял. дынамічнымі нагрузкамі (напр., у падкранавых бэльках).

2) Кожная асобная дошчачка, з якіх складаюць бочку, дзежку і пад.

т. 8, с. 336

КЛЁЦКІ,

традыцыйная бел. страва з таркаванай бульбы, пшанічнай або інш. мукі ў форме невял. галачак. Звараныя К. забельваюць малаком, часам заскварваюць. Страва пад падобнай назвай ёсць у літоўцаў (kleckiene). У старажытнасці былі адной з абавязковых страў на памінках пераважна на У Беларусі.

т. 8, с. 336

КЛІ́БІ ((Klibi) Шэдлі) (н. 6.9.1925, г. Туніс),

туніскі паліт. і дзярж. дзеяч, вучоны ў галіне араб. л-ры і філасофіі. Скончыў Парыжскі ун-т. З 1951 выкладчык, журналіст, у 1958—61 ген. дырэктар радыё і тэлебачання Туніса. У 1961—78 (з перапынкамі) міністр культуры і інфармацыі. Адзін з кіраўнікоў Сацыяліст. дустураўскай партыі (з 1988 Дэмакр. канстытуцыйнае аб’яднанне). У 1979—85 і ў 1989—91 ген. сакратар Лігі арабскіх дзяржаў. Аўтар кніг «Арабы і праблемы Палесціны», «Культура: выклік цывілізацыі», «Іслам і сучаснасць».

т. 8, с. 336

КЛІЕ́НТ [лац. cliens (clientes)],

1) у Стараж. Рыме свабодны чалавек, які аддаваўся пад заступніцтва знатнага рым. грамадзяніна — патрона і быў у залежнасці ад яго.

2) Пастаянны наведвальнік, пакупнік або заказчык; асоба, якая карыстаецца паслугамі адваката, натарыуса і да т.п. Кола, сукупнасць кліентаў наз. кліентурай.

т. 8, с. 336

КЛІЕНТЭ́ЛА (лац. clientela),

форма сац.-эканам. залежнасці ў Стараж. Рыме ў 6—3 ст. да н.э. Кліентамі радавой знаці былі бяднейшыя сваякі, палонныя, якія дапамагалі патрону апрацоўваць зямлю, падтрымлівалі яго на выбарах, удзельнічалі ў ваен. паходах. З зараджэннем у Рыме класавых адносін кліентамі называлі найбяднейшых плебеяў. Пасля ўтварэння Рымска-Італійскай федэрацыі сістэма К. пашырылася і на плямёны італікаў. Паступова страціла эканам. значэнне, яе змяніла сістэма каланату.

т. 8, с. 336