Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГУ́БАРАЎ Валянцін Аляксеевіч

(н. 14.4.1948, г. Ніжні Ноўгарад, Расія),

бел. мастак. Скончыў Горкаўскае маст. вучылішча (1968), Маскоўскі паліграф. ін-т (1980). З 1974 жыве ў Мінску. З 1980 працуе ў выд-вах «Беларусь», «Мастацкая літаратура» (з 1989 гал. мастак), «Белфакс». Валодае яркай самабытнай творчай манерай, якая не ўпісваецца ў рамкі афіц. рэалізму. У творах арганічнае спалучэнне гумару і трагізму, гратэску і сакавітай іроніі: «Францыск Скарына. Вяртанне», «Гульні ў галоснасць», «Прывітанне з Крыма», «Птушыныя трэлі», «Русалка прэснаводная, звычайная» (усе 1990-я г.). Іл. гл. таксама ў арт. Гратэск.

Літ.:

Валентин Губарев: Живопись: [Каталог]. Мн., 1992.

Г.А.Фатыхава.

т. 5, с. 515

ГУБАРЭ́ВІЧ Кастусь

(Канстанцін Лявонавіч; 5.1.1907, в. Радучы Чавускага р-на Магілёўскай вобл. — 3.7.1987),

бел. драматург. Засл. дз. маст. Беларусі (1966). Скончыў Магілёўскі педтэхнікум (1927), Дзярж. ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1932). Настаўнічаў, працаваў у газ. «Палеская праўда», на кінафабрыцы Белдзяржкіно і Бел. радыё, з 1949 — у газ. «Літаратура і мастацтва», на кінастудыі «Беларусьфільм», у 1966—74 у Мін-ве культуры Беларусі. У 1926 дэбютаваў вершамі і апавяданнямі. Першая кніга — зб. апавяданняў «Гайда туды і жывыя шрубы» (1930). Разам з І.Дорскім напісаў драму «Цэнтральны ход» (паст. 1948) і лірычную камедыю «Алазанская даліна» (паст. 1949). Аўтар гісторыка-рэв. і ваенна-патрыят. п’ес «Цытадэль славы» (паст. 1949, пад назвай «Брэсцкая крэпасць» 1953), «Простая дзяўчына» (паст. 1953), «На крутым павароце» (паст. 1956), «Галоўная стаўка» (паст. 1957), «Далёкая песня» (паст. 1962), «А куды ж нам падзецца» (паст. 1963), «Салодкі месяц» (паст. 1970), «Брэсцкі мір» (паст. 1969), «Партызанская зона» (паст. 1976), «Даруй мне» (паст. 1980) і інш., у якіх вастрыня і драматызм канфліктаў, дынамічнасць сюжэтаў, дакументальнасць грамадсказначных фактаў. Выступаў як кінадраматург: сцэнарыі фільмаў «Баям насустрач» (1932, з Я.Гезіным і К.Мінецам), «Дзяўчынка шукае бацьку» (1958, з Я.Рысам), «Анюціна дарога» (1968), «Паланэз Агінскага» (1971), «Неадкрытыя астравы» (1973). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1968. Дзярж. прэмія Беларусі 1972.

Тв.:

П’есы. Мн., 1969;

Анютина дорога: Киноповести. Мн., 1980;

Драмы і камедыі. Мн., 1981.

Літ.:

Сабалеўскі А. Беларуская савецкая драма. Мн., 1972. Кн. 2. С. 86—118;

Усікаў Я. Грамадзянскае сумленне мастака. Мн., 1976. С. 186—192;

Гаробчанка Т. Час вымяраецца здабыткамі // Полымя. 1976. № 12;

Колос Г. Его писательская ясность // Неман. 1987. № 5.

І.У.Саламевіч.

т. 5, с. 516

ГУБАРЭ́ВІЧ Якаў Рыгоравіч

(3.12.1905, г. Рагачоў Гомельскай вобл. — 1971),

бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-р вет. н. (1952), праф. (1953). Скончыў Ленінградскі вет. ін-т (1932). З 1959 у Віцебскім вет. ін-це. Навук. працы па ветэрынарнай гінекалогіі, акушэрстве і штучным асемяненні.

Тв.:

Акушерство, гинекология и искусственное осеменение сельскохозяйственных животных. Л., 1967 (у сааўт.).

т. 5, с. 516

ГУБАРЭ́НКА Віталь Сяргеевіч

(н. 13.6.1934, г. Харкаў, Украіна),

украінскі кампазітар. Нар. арт. Украіны (1993). Скончыў Харкаўскую кансерваторыю (1960). У 1961—72 выкладаў у Харкаўскім ін-це мастацтваў. Найб. плённа працуе ў муз.-сцэн. жанры. Сярод твораў: 12 опер, у т. л. «Помні мяне» (1977), «Сват паняволі» («Шальменка-дзяншчык», 1984), «Альпійская балада» паводле В.Быкава (1985), опера-балет «Вій» (1980), монаоперы «Пісьмы кахання» (1971) і «Адзіноцтва» (1993); балеты, у т. л. «Каменны ўладар» па матывах драмы Л.Украінкі (1969); 3 сімфоніі (1961—74); 4 камерныя сімфоніі (1967—94), канцэрты для інструментаў з аркестрам; вак. цыклы і інш. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1984.

т. 5, с. 516

ГУБА́СЦІК

(Mimulus),

род кветкавых раслін сям. залознікавых. Каля 120 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. Амерыцы. На Беларусі вельмі рэдкі занесены від губасцік рабы (М. guttatus). Расце на вільготных лугах, балотах, у канавах, каля крыніц. Некат. віды губасціка выкарыстоўваюцца ў вазоннай культуры. Ёсць разнавіднасці з пунсовымі і стракатымі кветкамі, з мускусным пахам лісця.

Шматгадовыя травяністыя расліны з простым або слаба разгалінаваным пустым сцяблом, з рызомамі або сталонамі ў ніжняй частцы. Лісце простае, супраціўнае, суцэльна-крайняе ці зубчастае. Кветкі буйныя або сярэдніх памераў, яркія, часта рабыя, жоўтыя, чырв., блакітныя і інш. колераў, адзіночныя ў пазухах лістоў або сабраныя ў рыхлае верхавінкавае гронкападобнае суквецце. Плод — шматнасенная двухгнездавая каробачка. Дэкар. расліны.

Г.У.Вынаеў.

т. 5, с. 516

ГУБА́ АВЕ́ЧАЯ,

грыб сям. скутыгеравых; тое, што бяляк.

т. 5, с. 514

ГУ́БЕР Аляксандр Андрэевіч

(1.4.1902, с. Каменка Чаркаскай вобл., Украіна — 16.6.1971),

савецкі гісторык-усходазнавец і грамадскі дзеяч. Акад. АН СССР (1966). Праф. (1935), д-р гіст. н. (1943). Скончыў Маскоўскі ін-т усходазнаўства (1925). Працаваў у ін-тах гісторыі (1938—45, 1957—68), усеагульнай гісторыі (з 1968) і ўсходазнаўства (1950—56, у 1954—56 дырэктар) АН СССР. Выкладаў у Маскоўскім ун-це (з 1937) і Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС (з 1946). Чл. Гал. рэдакцыі Сав. гіст. энцыклапедыі (з 1958). Гал. рэдактар час. «Новая и новейшая история» (1956—62). Віцэ-прэзідэнт (з 1965) і прэзідэнт (з 1970) Міжнар. к-та гіст. навук. Аўтар прац па гісторыі краін Паўд.-Усх. Азіі; адзін з аўтараў падручнікаў па гісторыі краін Азіі і Афрыкі для ВНУ.

Тв.:

Избр. труды. М., 1976.

т. 5, с. 516

ГУ́БЕР

(Huber) Роберт (н. 20.2.1937, г. Мюнхен, Германія),

нямецкі біяхімік. Чл. Баварскай АН (1988). Скончыў Мюнхенскі тэхн. ун-т (1960). Працуе ў Ін-це біяхіміі імя М.Планка, з 1978 яго дырэктар. Навук. працы па рэнтгенаструктурным аналізе складаных біяарган. злучэнняў, у т. л. бялкоў. Расшыфраваў трохмерную структуру мембраннага інтэгральнага бялку пурпурных бактэрый, які з’яўляецца фотасінтэзуючым рэакцыйным цэнтрам (1982, разам з І.Дайзенгоферам і Г.Міхелем). Нобелеўская прэмія 1988.

т. 5, с. 516

ГУБЕРНА́ТАР

(ад лац. gubernator правіцель),

1) у некаторых сучасных дзяржавах вышэйшая службовая асоба тэрытарыяльнай адзінкі. Напр., у ЗША губернатар — кіраўнік выканаўчай улады штата, у Вялікабрытаніі губернатар — службовая асоба, якая ўзначальвае кіраванне калоніяй, у Рас. Федэрацыі губернатар — пасада кіраўнікоў некат. абл. адміністрацый.

2) У Рас. імперыі вышэйшая службовая асоба (начальнік) губерні. Пасада ўведзена ў 1708, на Беларусі ў 1772. Прызначаўся царом па прадстаўленні міністра ўнутр. спраў з вышэйшых колаў дваранства. Пасада скасавана пасля Лют. рэв. 1917.

В.В.Швед.

т. 5, с. 516

ГУБЕ́РНСКАЕ ПРАЎЛЕ́ННЕ,

калегіяльны орган кіравання агульнай кампетэнцыі ў губерні. Фактычна было дарадчым органам пры губернатару, які ўзначальваў губернскае праўленне. Уведзена ў ходзе губернскай рэформы 1775. На Беларусі губернскія праўленні ўтвораны: Магілёўскае і Полацкае ў 1778, Беларускае (у выніку аб’яднання Магілёўскай і Полацкай губ.) і Мінскае ў 1796, Гродзенскае, Віцебскае і Магілёўскае (адноўлена) у 1802. Займалася адм., паліцэйскімі, гасп., фінансавымі пытаннямі, урачэбным наглядам і інш. Фарміравалася шляхам прызначэння. Напачатку падпарадкоўвалася Сенату, потым Мін-ву ўнутр. спраў. Складалася з агульнай дзярж. установы (рашаючы орган) і канцылярыі. Пры губернскім праўленні знаходзіліся друкарня, архіў, рэгістратура, экзекутарская і гасп.-распарадчая часткі, урачэбная ўправа і інш. Скасавана пасля Лют. Рэв. 1917.

А.М.Марыскін.

т. 5, с. 516