Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГУА́Ш

(франц. gouache ад італьян. guazzo вадзяная фарба),

фарба з тонка расцёртых пігментаў і водна-клеявых сувязных з дамешкай бяліл, а таксама жывапіс гэтымі фарбамі. Ужываецца для жывапісу па паперы, кардоне, фанеры, палатне, шоўку. Узнікла як разнавіднасць акварэлі, адрозніваецца ад яе гушчынёй, непразрыстасцю, матавасцю тонаў, часта спалучаецца з ёю. Была вядома ў Стараж. Егіпце. Шырока выкарыстоўвалася ў сярэднія вякі ў кніжнай мініяцюры, з часоў Адраджэння — для эскізаў, кардонаў фрэсак, партрэтных мініяцюр. Адзін з асн. матэрыялаў плаката, кніжнай графікі, дэкарацый, афарміцельскіх работ. У тэхніцы гуашы працавалі мастакі: А.Тычына, І.Ахрэмчык, Л.Лейтман, М.Тарасікаў, І.Немагай, М.Селяшчук, А.Л ось, У.Шапялевіч і інш.

У.І.Рынкевіч.

т. 5, с. 514

ГУАЯКІ́ЛЬ

(Golfo de Guayaquil),

заліў Ціхага ак., каля зах. берагоў Паўд. Амерыкі (Эквадор). Уразаецца ў сушу на 115 км, шыр. каля ўвахода 160 км, глыб. да 200 м. Прылівы паўсутачныя (да 4,4 м). У заліў упадае р. Гуаяс, у нізоўі якой порт Гуаякіль.

т. 5, с. 514

ГУАЯКІ́ЛЬ

(Guayaquil),

горад у Эквадоры. Адм. ц. прав. Гуаяс. Засн. ў 1531. Нас. 1508 тыс. ж. (1993). Гал. знешнегандл. (50% экспарту і 90% імпарту краіны) порт на р. Гуаяс (за 50 км ад зал. Гуаякіль). Чыг. станцыя. Міжнар. аэрапорт. Гал. эканам. цэнтр краіны. Прам-сць: металаапрацоўка і суднабудаванне, харчасмакавая, лесапільная, гарбарна-абутковая, тэкстыльная. 2 ун-ты. Арх. помнікі 16—18 ст.

т. 5, с. 514

ГУБА́,

паморская назва марскіх заліваў, якія далёка ўдаюцца ў сушу на Пн і Д. Усходзе Расіі. Звычайна ў губу ўпадае вял. рака, якая апрасняе салёную ваду, таму яе колер адрозніваецца ад колеру марской вады (Дзвінская губа, Обская губа).

т. 5, с. 514

ГУБА́,

тэрытарыяльная адзінка ў Расіі ў 16—17 ст. Першапачаткова супадала з воласцю ці горадам. Дзейнічалі губныя органы мясц. самакіравання (губныя хаты і інш.), якія выконвалі судова-паліцэйскія функцыі. Гл. таксама Губная рэформа.

т. 5, с. 514

ГУ́БАВЫЯ ГРЫБЫ́,

група сям. базідыяльных грыбоў парадку афілафаральных. Вядома больш за 1 тыс. відаў, пашыраных па ўсім зямным шары. На Беларусі больш за 200 відаў і формаў з 62 родаў: карыёл, летыпор, грыфала, гіменахета, шчыліналіснік, фомес, дэдалея, аксіпор і інш. Губавыя грыбы — актыўныя разбуральнікі драўніны. Пераважна сапратрофы, растуць на адмерлай драўніне, пнях, радзей на глебе, пашкоджваюць драўляныя збудаванні (дамавыя грыбы). Некат. паразіты, пасяляюцца на жывых дрэвах (напр., фелінус, інанотус, фамітопсіс), зніжаюць выхад дзелавой драўніны. Драўніна з пач. стадыяй пашкоджання некат. губавымі грыбамі (напр., сапраўдным, кляновым) мае прывабны ўзорысты малюнак і ідзе на выраб муз. інструментаў, сувеніраў. Губавыя грыбы мінералізуюць арган. рэчывы, садзейнічаюць аднаўленню ўрадлівасці глебы. Некат. маюць антыбіятычныя і інш. ўласцівасці, выкарыстоўваюцца ў медыцыне (чага, сапраўдная губа, лістоўнічная губка, ганадэрма), ёсць ядомыя (бяляк, пячоначніца звычайная, серна-жоўтая губа).

Міцэлій шматгадовы, гіфы тонкія, разгалінаваныя. Пладовыя целы адна-, двух- і шматгадовыя, масай да 10 кг, распасцёртыя (да 1,5 м), распасцёрта-адагнутыя, сядзячыя, некат. дыферэнцыраваны на ножку і шляпку; кансістэнцыя мясістая, скурыстая або дравяністая; колер ад белага, жаўтаватага і шэрага да чырвонага, бурага і чорнага. Пры адміранні высыхаюць. Гіменафор звычайна трубчасты, радзей лабірынтападобны або пласціністы. Споры цыліндычныя, эліпса- ці шарападобныя, разносяцца ветрам. А.І.Галаўко.

т. 5, с. 514

ГУБАЙДУ́ЛІНА Соф’я Асгатаўна

(н. 24.10.1931, г. Чыстапаль, Татарстан),

расійскі кампазітар. Засл. дз. маст. Расіі (1990). Скончыла Казанскую (1954) і Маскоўскую (1959) кансерваторыі. Вучаніца М.Пяйко і В.Шабаліна (кампазіцыя). У творчасці, якая сінтэзуе муз. традыцыі Захаду і Усходу, выкарыстоўвае сучасныя сродкі муз. выразнасці, у т. л. тэмбравай (нетрадыцыйныя інстр. склады).

Сярод твораў: балет «Бягучая па хвалях» паводле А.Грына (1963), кантаты «Ноч у Мемфісе» (1968), «Рубаят» (1969), «Perception» (1983), «Прысвячэнне Марыне Цвятаевай» (1984), «Алілуя» (1990); 1-часткавыя творы для вял. сімф. аркестра «Час душы» (з мецца-сапрана, 1976), «Offertorium» (1980); сімфонія «Чую... Змоўкла...» (1986); канцэрты для саліруючых інструментаў з камерна-інстр. складамі; камерна-інстр. творы для нетрадыцыйных складаў; сольныя інстр. творы; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. З пач. 1990-х г. жыве ў Германіі.

т. 5, с. 514

ГУБА́НАВЫЯ

(Labridae),

сямейства рыб атр. акунепадобных. Каля 50 родаў, да 600 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах, пераважна ў трапічных і субтрапічных водах. Асобныя віды даходзяць на Пн аж да берагоў Нарвегіі. Жывуць у прыбярэжнай зоне. Найб. вядомыя гамфоз (Gomphosus varius), губан чырваназубы (Callyodon ovifrons), зелянушка (Symphodus tinca), марскі юнкер (Coris angulata) і інш.

Даўж. ад 6 см да 3 м, маса да 100 кг. Афарбоўка, асабліва ў самцоў, яркая: на жаўтаватым або зеленаватым фоне ярка-чырвоныя, блакітныя, фіялетавыя або аранжавыя палоскі і плямкі, якія мяняюцца. Губы звычайна тоўстыя (адсюль назва). Зубы на сківіцах моцныя, іклападобныя. Некат. губанавыя адкладваюць ікру ў гнёзды з водарасцей і ахоўваюць яе. Большасць корміцца бентасам (малюскамі).

т. 5, с. 515

ГУБАНО́ГІЯ

(Chilopoda),

клас членістаногіх надклас мнаганожак (паводле некаторых вучоных — падклас). 4 атр.: касцянкі, скалапендравыя, геафілы (Geophilomorpha, або Geophilida), скутыгеры, або мухалоўкі (Scutigeromorpha, або Scutigerida). Каля 3 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, асабліва ў тропіках і субтропіках. Жывуць у глебе, лясным подсціле, пад камянямі. Актыўныя ўначы, удзень хаваюцца. На Беларусі найб. вядомыя прадстаўнікі з атр. касцянак.

Цела (даўж. ад некалькіх міліметраў да 30 см) пляскатае, падзелена на галаву і сегментаванае (ад 19 да некалькіх дзесяткаў членікаў) тулава. На галаве пара вусікаў і 3 пары сківіц, па баках вял. колькасць простых вочак (у некат. вочак няма). На кожным сегменце па адной пары канечнасцей. Першая пара — нагасківіцы з ядавітымі залозамі, сакрэт якіх дапамагае забіваць здабычу і абараняцца ад ворагаў. Раздзельнаполыя. Драпежнікі: кормяцца беспазваночнымі, зрэдку дробнымі пазваночнымі.

т. 5, с. 515

ГУ́БАРАЎ Аляксей Аляксандравіч

(н. 29.3.1931, с. Гвардзейцы Самарскай вобл., Расія),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1975, 1978), лётчык-касманаўт СССР (1975). Герой ЧССР (1978). Ген.-маёр авіяцыі (1983). Д-р тэхн. навук. Скончыў ваенна-марское авіяц. вучылішча (1952), Ваеннапаветр. акадэмію імя Гагарына (1961). У 1963—81 у атрадзе касманаўтаў. 11.1—9.2.1975 з Г.М.Грэчкам здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз-17» (як камандзір) і на арбітальнай станцыі «Салют-4»; 2—10.3.1978 з У.Рэмекам — палёт на касм. караблі «Саюз-28» (як камандзір; першы ў свеце міжнар. экіпаж па праграме «Інтэркосмас») і на арбітальнай станцыі «Салют-6» (асн. экіпаж: Ю.В.Раманенка, Грэчка) з прыстыкаваным да яе касм. караблём «Саюз-27». Правёў у космасе 37,5 сут. Залаты медаль імя К.Э.Цыялкоўскага АН СССР.

т. 5, с. 515