ГУБАНО́ГІЯ

(Chilopoda),

клас членістаногіх надклас мнаганожак (паводле некаторых вучоных — падклас). 4 атр.: касцянкі, скалапендравыя, геафілы (Geophilomorpha, або Geophilida), скутыгеры, або мухалоўкі (Scutigeromorpha, або Scutigerida). Каля 3 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, асабліва ў тропіках і субтропіках. Жывуць у глебе, лясным подсціле, пад камянямі. Актыўныя ўначы, удзень хаваюцца. На Беларусі найб. вядомыя прадстаўнікі з атр. касцянак.

Цела (даўж. ад некалькіх міліметраў да 30 см) пляскатае, падзелена на галаву і сегментаванае (ад 19 да некалькіх дзесяткаў членікаў) тулава. На галаве пара вусікаў і 3 пары сківіц, па баках вял. колькасць простых вочак (у некат. вочак няма). На кожным сегменце па адной пары канечнасцей. Першая пара — нагасківіцы з ядавітымі залозамі, сакрэт якіх дапамагае забіваць здабычу і абараняцца ад ворагаў. Раздзельнаполыя. Драпежнікі: кормяцца беспазваночнымі, зрэдку дробнымі пазваночнымі.

т. 5, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)