Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗАМБРЖЫ́ЦКІ (Станіслаў Валянцінавіч) (1823, в. Вязынка Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 1.10.1907),

бел. паэт, краязнавец. З літ. твораў З. захавалася вершаванае апавяданне «Гутарка Сталюка» (1870—90-я г.), у якім паказаў побыт народа, нікчэмнасць фанабэрыстай шляхты, даў узоры бел. гутарковай мовы. Вывучаў курганы на радзіме, першы апісаў Вязынкаўскае гарадзішча. У 1881—83 бацька Я.Купалы арандаваў у З. зямлю.

Літ.:

Каханоўскі Г. Аўтар знайшоўся // ЛіМ. 1979. 2 лют.

Г.А.Каханоўскі.

т. 6, с. 522

ЗАМЕ́ЖНЫЯ ГРАМАДЗЯ́НЕ,

асобы, якія не з’яўляюцца грамадзянамі пэўнай дзяржавы і маюць доказы сваёй прыналежнасці да грамадзянства замежнай краіны. Іх прававое становішча вызначаецца нац. заканадаўствам дзяржавы месцазнаходжання і заключанымі міжнар. дагаворамі і пагадненнямі. Нац. заканадаўства звычайна адрознівае некалькі катэгорый З.г.: якія пастаянна пражываюць на тэр. дзяржавы, якія часова знаходзяцца ў дзяржаве, замежныя прадстаўнікі, якія валодаюць дыпламат. імунітэтам, бежанцы. Прававое становішча кожнай катэгорыі мае свае асаблівасці. У Рэспубліцы Беларусь правы і абавязкі З.г. вызначаюцца Канстытуцыяй, адпаведным законам, міжнар. дагаворамі. З.г. на тэр. Беларусі карыстаюцца правамі і свабодамі і выконваюць абавязкі нароўні з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, калі іншае не вызначана Канстытуцыяй, законамі і міжнар. дагаворамі (у прыватнасці, З.г. не валодаюць выбарчым правам, не могуць прымаць удзел у рэферэндумах, пазбаўлены абавязкаў ваен. службы і інш.).

Г.А.Маслыка.

т. 6, с. 522

ЗАМЕ́ЖНЫЯ ПАХО́ДЫ РУ́СКАЙ А́РМІІ 1813—14,

сумесныя з войскамі Прусіі, Швецыі і Аўстрыі баявыя дзеянні рус. арміі супраць войск Напалеона I на тэр. Польшчы, Германіі і Францыі. Мелі на мэце вызваленне краін Зах. Еўропы ад напалеонаўскага панавання, аднаўленне і ўмацаванне феад.-абсалютысцкіх рэжымаў, што існавалі ў іх да Французскай рэвалюцыі 1789—99 і напалеонаўскіх войнаў. Да канца зімовай кампаніі 1812—13 аб’яднаныя войскі Расіі і Прусіі (27—28.2.1813 Прусія заключыла з Расіяй саюзны дагавор) пад камандаваннем М.Л.Кутузава вызвалілі ад напалеонаўскіх войск герцагства Варшаўскае, Усх. Прусію і сталіцу Прусіі г. Берлін, уступілі на тэр. Саксоніі і Баварыі. 2.5.1813 пад Лютцэнам і 20—21 мая пад Баўтцэнам саюзная армія пад камандаваннем П.Х.Вітгенштэйна (змяніў М.І.Кутузава, які памёр 28.4.1813) пацярпела паражэнні. 29.5.1813 новым галоўнакамандуючым прызначаны М.Б.Барклай дэ Толі. 10.8.1813 вайну Францыі аб’явіла Аўстрыя, да антыфранц. кааліцыі далучыліся Вялікабрытанія і Швецыя. Да восені 1813 баявыя дзеянні ішлі з пераменным поспехам. 16—19.10.1813 аб’яднаныя рус.-аўстр.-прус.-швец. сілы нанеслі вырашальнае паражэнне арміі Напалеона I у Лейпцыгскай бітве 1813 («бітва народаў»), пасля чаго напалеонаўскія войскі пакінулі Германію і адышлі за р. Рэйн. Да студз. 1814 сілы антыфранц. кааліцыі (453 тыс. чал., у т.л. 153.ТЫС. рускіх) фарсіравалі Рэйн. Пасля шэрагу бітваў на тэр. Францыі 30.3.1814 перад саюзнай арміяй (100 тыс. чал., у т.л. 64 тыс. рускіх) капітуляваў г. Парыж. 6.4.1814 Напалеон I адрокся ад прастола. 30 мая паміж саюзнікамі і Францыяй падпісаны Парыжскі мірны дагавор 1814.

Літ.:

Манфред А.З. Наполеон Бонапарт. 5 изд. М., 1989;

Поход русской армии против Наполеона в 1813 г. и освобождение Германии: Сб. док. М., 1964;

Освободительная война 1813 г. против наполеоновского господства. М., 1965.

т. 6, с. 522

ЗА́МЕНГОФ ((Zamenhof) Людвік Лазар) (27.12.1859, г. Беласток, Польшча — 27.4.1917),

польскі ўрач-акуліст, стваральнік эсперанта. Вучыўся ў Варшаве, Маскве і Вене. У 1893—97 жыў у г. Гродна. У 1887 выдаў (пад псеўд. D-ro Esperanto) праект штучнай дапаможнай міжнар. мовы, спадзеючыся, што яна дапаможа ў справе ўзаемаразумення паміж народамі. Пазней апубл. слоўнікі эсперанта, хрэстаматыі і асобныя выданні сваіх арыгінальных твораў, а таксама пераклады на эсперанта сусв. маст. класікі.

т. 6, с. 523

ЗА́МЕЦЬ,

перанос снегу ветрам непасрэдна над паверхняй снегавога покрыва; разнавіднасць мяцеліцы.

т. 6, с. 523

ЗАМІНДА́РЫ (ад перс. — землеўладальнік),

зямельна-падатковая сістэма ў Паўн., Усх. і Цэнтр. Індыі ў часы англ. калан. панавання. Уведзеная англ. каланіяльнымі ўладамі на мяжы 18 і 19 ст. Зацвярджала ў правах спадчынных землеўладальнікаў феадалаў — заміндараў і ўстанаўлівала зямельны падатак з іх (пастаянны і часовы) на карысць вярхоўнага ўласніка зямлі — калан. улад. Сістэма З. адменена ў 1950-я г.

т. 6, с. 523

ЗАМІРА́ННЕ РАДЫЁСІГНА́ЛУ, федынг,

змяншэнне інтэнсіўнасці радыёсігналу ў пункце яго прыёму. Абумоўлена зменамі эл. уласцівасцей атмасферы, а таксама інтэрферэнцыяй радыёхваль, што прыйшлі ў пункт прыёму па розных напрамках (гл. Інтэрферэнцыя хваль, Распаўсюджванне радыёхваль). З.р. прадухіляюць з дапамогай аўтам. рэгуліроўкі ўзмацнення, прыёму на некалькі разнесеных антэн і інш.

т. 6, с. 523

ЗАМІ́Р’Е,

назва чыг. ст. Гарадзея ў пач. 20 ст.

т. 6, с. 523

ЗА́МКАВАЯ ГАРА́,

найвышэйшы пункт Навагрудскага ўзвышша на Беларусі. За 3 км ад г. Навагрудак, за 250 м на Пн ад в. Пуцэвічы. Выш. 323 м. Складзена з марэны сожскага зледзянення, укрыта пылаватым супескам, сфарміраваным у час паазерскага зледзянення. Мае выгляд спадзіставыпуклага ўзвышэння субмерыдыянальнага напрамку. Схілы спадзістыя, стромкасць 3—7°, адносны перавыш. да 20—25 м/км2. Амаль уся пад ворывам. На З.г. засталіся руіны Навагрудскага замка (10—16 ст.). Паблізу З.г. ў гонар А.Міцкевіча насыпаны курган.

т. 6, с. 523

Замкавы Лес

т. 18, кн. 1, с. 387