Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НІЖАГАРО́ДСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана ў цэнтры еўрап. часткі Расійскай Федэрацыі. Утворана 14.1.1929. У 1932—91 наз. Горкаўская вобл. Пл. 76,9 тыс. км². Нас. 3702,8 тыс. чал. (1998), гарадскога 78%. Цэнтр — г. Ніжні Ноўгарад. Найб. гарады: Дзяржынск, Арзамас, Сароў, Паўлава, Кстова, Бор, Балахна. Рака Волга падзяляе Н.в. на 2 часткі: нізіннае Левабярэжжа (Заволжа) і ўзвышанае Правабярэжжа. Большая ч. Заволжа занята Волжска-Вятлужскай нізінай (выш. 80—100 м), асн. масіў Правабярэжжа — плато Прыволжскага ўзв. (выш. да 247 м), парэзанае ярамі і лагчынамі. Ёсць карставыя формы рэльефу (пячоры, правалы і інш.), вылучаецца Арзамаскі карставы раён. Карысныя выкапні: вапнякі, даламіты, фармовачныя і шкловыя пяскі, мергель, ангідрыты, торф, фасфарыты, жал. руда, мінёр. воды і лекавыя гразі. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -12 °C, ліп. 19 °C. Ападкаў 500—550 мм за год, іх колькасць памяншаецца з ПнЗ на ПдУ, бываюць засухі. Гал. рака Волга і яе прытокі Ака з Цёшай, Сура з П’янай і Алатырам (справа) і Узола, Кержанец, Вятлуга (злева). Каля 3 тыс. азёр пераважна карставага і ледавіковага паходжання. На р. Волга Горкаўскае і Чэбаксарскае вадасховішчы. Глебы ў Заволжы дзярнова-падзолістыя і падзолістыя, на Правабярэжжы — шэрыя лясныя, дэградзіраваныя і вышчалачаныя чарназёмы. Пад лесам каля 40% тэрыторыі: у Заволжы хвойныя (елка, хвоя, піхта) і мяшаныя лясы, на Правабярэжжы дубровы і лугавыя стэпы. Кержанскі запаведнік. Асн. галіны прам-сці — машынабудаванне і металаапрацоўка, дзе вылучаецца аўтамаб. комплекс (грузавыя і легкавыя аўтамабілі, аўтобусы, гусенічныя цягачы, дызельныя рухавікі, вузлы і дэталі, агрэгаты, фургоны), суднабудаванне і суднарамонт (судны на падводных крылах, пасаж. цеплаходы, марскія паромы, сухагрузы), самалётабудаванне, вытв-сць тэлевізараў, прылад, станкоў, інструментаў, абсталявання для хім., харч., лёгкай прам-сці, чыг. транспарту, хім. (прадукты арган. сінтэзу, пластмасы, сінт. смолы, аргшкло, лакі, ядахімікаты) і нафтаперапр. прам-сць. Развіта пераробная чорная і каляровая металургія. Вытв-сць электраэнергіі пераважна на ЦЭЦ, буйная Горкаўская ДРЭС (г. Балахна); Горкаўская ГЭС (на р. Волга). Вылучаюцца цэлюлозна-папяровая і дрэваапр., лёгкая, харч. прам-сць. Вытв-сць буд. матэрыялаў. Маст. промыслы: гарадзецкая размалёўка, хахламская размалёўка, апрацоўка металаў, строчавышыванне і карункапляценне. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжа, мяса-малочнай жывёлагадоўлі. Пасяўныя пл. займаюць 1663,4 тыс. га. Пасевы збожжавых культур (жыта, ячмень, авёс, грэчка, пшаніца). Вырошчваюць сланечнік, цукр. буракі, лён-даўгунец, бульбу, агародніну, канюшыну, люцэрну. Садоўніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, коз. Птушкагадоўля. Даўж. чыгунак 1,2 тыс. км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 11,8 тыс. км (1997). Асн. чыгункі Масква—Ніжні Ноўгарад—Вятка, Масква—Арзамас—Казань, Ніжні Ноўгарад—Рузаеўка, аўтадарога Масква—Ніжні Ноўгарад—Казань. Па тэр. Н.в. праходзяць 3 галіны нафтаправода з Альмецьеўска, газаправоды з Паволжа і Зах. Сібіры. Суднаходства па рэках Волга, Ака, Вятлуга, Сура. Ніжагародскі трансп. вузел займае 1-е месца ў Расіі па рачным грузаабароце. З 1991 адноўлены Ніжагародскі кірмаш.

В.М.Корзун.

т. 11, с. 326

НІ́ЖНЕВА (Наталля Мікалаеўна) (н. 18.6.1950, Мінск),

бел. вучоны, педагог. Д-р пед. н. (1993), праф. (1995). Скончыла Мінскі пед. ін-т замежных моў (1972). З 1972 у БПІ, з 1974 у Ваен. акадэміі (з 1994 заг. кафедры). З 1998 заг. кафедры рамана-герм. моў БДУ, адначасова праф. Ваен. акадэміі. Навук. працы па сучасных інфарм. тэхналогіях вывучэння замежных моў, на аснове крэатыўных методык. Распрацавала нетрадыцыйныя формы і метады навучання, накіраваныя на ўдасканаленне пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў.

Тв.:

Творчество в процессе обучения иностранным языкам. Мн., 1993;

Английский язык: Внеаудиторное чтение. Мн., 1991;

Общаемся эффективно. Мн., 1997;

Культура общения. Мн., 1998.

М.П.Савік.

т. 11, с. 327

НІЖНЕДУНА́ЙСКАЯ РАЎНІ́НА, Румынская нізіна. На Пд Румыніі і Пн Балгарыі. Цягнецца ўздоўж р. Дунай ад Жалезных Варот да Чорнага м. Даўж. 560 км, шыр. 40—120 км. Размешчана на месцы тэктанічнага прагіну, складзена з лёсаў і алювію. Паверхня ўзгорыстая, расчлянёная рачнымі далінамі, лагчынамі, ярамі, шмат азёр і балот. Клімат умераны, кантынентальны. Сярэднія т-ры студз. ад -1 да -3 °C, ліп. 22—23 °C. Ападкаў 400—600 мм за год. Лета засушлівае, зімовае снегавое покрыва няўстойлівае. У р. Дунай, што перасякае Н.р., упадаюць злева шматлікія рэкі, у т. л. Жыў, Олт, Арджэш, Яламіца, Сірэт. Тэрыторыі разараны (пасевы збожжавых, цукр. буракоў; сады, вінаграднікі). На водападзелах месцамі рэдкастойныя дубовыя лясы. Па поймах лясы з вярбы, вольхі, асіны чаргуюцца з вільготнымі лугамі і трыснягова-асаковымі балотамі. На Н.р. сталіца Румыніі Бухарэст.

т. 11, с. 327

НІЖНЕКАЛІФАРНІ́ЙСКАЯ ДАЛІ́НА У ЗША і Мексіцы. Займае міжгорную тэктанічную ўпадзіну — паўн. ч. былога, больш буйнога Каліфарнійскага зал., запоўненую магутнай тоўшчай адкладаў, прынесеных р. Каларада. Парэзана яе ніжнім цячэннем. У мінулым неаднаразова затаплялася водамі р. Каларада, што прывяло да ўтварэння салёных азёр. На Пн салёнае воз. Солтан-Сі, узровень якога на 72 м, а дно на 81 м ніжэй узр. м. Клімат субтрапічны, сухі. Ападкаў каля 100 мм за год. Ксерафітныя хмызнякі, кактусы, юкі. Частка зямель паміж р. Каларада і воз. Солтан-Сі арашаецца. Вырошчваюць пераважна бавоўнік.

т. 11, с. 327

НІЖНЕПАЛАВІННАЛО́ГАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА ПЯСКО́Ў.

У Магілёўскім р-не, каля в. Палавінны Лог. Пластавы паклад звязаны са стараж.-алювіяльнымі адкладамі р. Дняпро. Пяскі шэрыя, жаўтавата- і буравата-шэрыя, пераважна сярэднезярністыя, палевашпатава-кварцавыя, з рэдкімі зернямі жвіру. Разведаныя запасы 22,3 млн. м³, перспектыўныя каля 7 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2—17,7 м, ускрышы (пяскі) 0,1—1,8 м. Пяскі прыдатныя на выраб сілікатнай цэглы, сілікатабетону, для буд. работ.

А.П.Шчураў.

т. 11, с. 327

НІЖНЕСІЛЕ́ЗСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1945,

наступальныя дзеянні войск 1-га Укр. фронту (каманд. Маршал Сав. Саюза І.С.Конеў) 8—24 лют.; частка стратэг. наступлення сав. войск у Еўропе ў студз.сак. 1945 у 2-ю сусв. вайну. Падрыхтавана ў ходзе завяршэння Вісла-Одэрскай аперацыі 1945. Мела на мэце: разгром процістаячай групоўкі праціўніка, выхад на рубеж р. Нейсе і захоп зручнага плацдарма для далейшага наступлення. У паласе наступлення абараняліся ням. 4-я танк. і 17-я арміі групы армій «Цэнтр» (каманд. ген.палк. Ф.Шорнер), корпус 9-й арм. групы армій «Вісла». Гал. ўдар сав. войскі наносілі з двух плацдармаў на Одэры — на Пн і на Пд ад Брэслаў (Вроцлаў). З левага фланга наносіўся трэці ўдар з плацдарма на ПдЗ ад Опельна (Аполе). У першы дзень наступлення 8 лют. сав. войскі прарвалі абарону праціўніка ў цэнтры і на правым флангу; на левым флангу дзейнічалі менш паспяхова і 10 лют. перайшлі да абароны. Гал. сілы разграмілі падыходзячыя рэзервы праціўніка і да 15 лют. паглыбіліся ў яго абарону на 60—100 км, занялі шэраг гарадоў Ніжняй Сілезіі, акружылі буйныя ням. гарнізоны, якія пазней былі ліквідаваны. Да 24 лют. войскі фронту выйшлі на р. Нейсе на адну лінію з войскамі 1-га Бел. фронту і занялі выгаднае аператыўна-стратэг. становішча для далейшага наступлення на Берлінскім напрамку. Верхнесілезская (Опельнская) групоўка ням.-фаш. войск, што супрацьстаяла фронту, ліквідавана ў ходзе Верхнесілезскай аперацыі 1945.

т. 11, с. 327

НІ́ЖНІКАВА (Тамара Мікалаеўна) (н. 9.3.1925, г. Самара, Расія),

бел. спявачка (каларатурнае сапрана), педагог. Нар. арт. Беларусі (1955). Нар. арт. СССР (1964). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1949, клас. М.Уладзіміравай). У 1951—76 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1964 адначасова выкладчык Бел. акадэміі музыкі (з 1980 праф., у 1976—86 заг. кафедры). Валодае голасам чыстага серабрыстага тэмбру, філіграннай каларатурнай тэхнікай. Яе творчасці характэрны мяккі лірызм, жаноцкасць, шчырасць і шматграннасць у абмалёўцы вобразаў. Сярод партый у нац. операх: Марфачка, Баба-Лапатуха («Дзяўчына з Палесся» і «Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага), Марынка («Марынка» Р.Пукста), Ірына («Калючая ружа» Ю.Семянякі); у класічным рэпертуары — Антаніда («Іван Сусанін» М.Глінкі), Валхава, Марфа, Шамаханская царыца («Садко», «Царская нявеста», «Залаты пеўнік» М.Рымскага-Корсакава), Ганна («Страшны двор» С.Манюшкі), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Джыльда, Віялета («Рыгалета», «Травіята» Дж.Вердзі), Цэрліна («Фра-Д’ябала» Ф.Абера), Лакмэ («Лакмэ» Л.Дэліба), Лейла, Мікаэла («Шукальнікі жэмчугу» і «Кармэн» Ж.Бізэ), Манон («Манон» Ж.Маснэ), Цэрліна («Дон Жуан» В.А.Моцарта), Мюзета («Багема» Дж.Пучыні); у класічных аперэтах — Адэль, Арсена («Лятучая мыш», «Цыганскі барон» І.Штрауса), Жэрмен («Карневільскія званы» Р.Планкета). У яе канцэртным рэпертуары значнае месца займалі творы бел. кампазітараў, напісаныя спецыяльна для яе (Л.Абеліёвіча, Пукста, Семянякі, Цікоцкага), бел. нар. песні. Удзельнічае ў перадачах бел. тэлебачання і радыё. Сярод вучаніц: засл. артыстка Беларусі Л.Лют, А.Бундзелева, В.Курбацкая, А.Ніжнікава, А.Шведава і інш.

Літ.:

Смольскі Б.С. Любімая спявачка // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960;

Івашкоў Л. Артыстка, педагог, калега: Народнай артыстцы СССР Т.Ніжнікавай — 60 гадоў // Мастацтва Беларусі. 1985. № 4.

А.Я.Ракава.

Т.М.Ніжнікава.
Т.Ніжнікава ў ролі Віялеты.

т. 11, с. 328

НІ́ЖНІНСКІ РОЎ,

геалагічнае агаленне ў яры на левым беразе р. Дняпро, за 1 км на Пн ад г. Шклоў Магілёўскай вобл.; помнік прыроды рэсп. значэння (з 1991). Лінза арганагенных і гумусаваных адкладаў шклоўскага міжледавікоўя падсцілаецца марэнай і лімнагляцыяльнымі адкладамі дняпроўскага зледзянення і перакрываецца лімнагляцыяльнымі, флювіягляцыяльнымі і марэннымі ўтварэннямі сожскага зледзянення. Даўж. яра каля 700 м, глыб. ў вусці 30 м. Магутнасць міжледавіковых адкладаў (торф, гіція, суглінак і супесак) да 13 м, даўж. каля 100 м. Міжледавіковыя адклады багатыя выкапнёвымі рэшткамі — пылок і споры 220 відаў раслін, плады і насенне 195 відаў і форм раслін, астракоды 16 відаў, насякомыя 109 відаў. У азёрна-балотнай тоўшчы міжледавіковых адкладаў адлюстраваны працяглы геал. летапіс канца дняпроўскага зледзянення, усяго шклоўскага міжледавікоўя і пачатку сожскага зледзянення. Знаходка каля вусця яра за 60 м ад міжледавіковай лінзы гляцыякупала сведчыць аб парушэннях парод карэннага берага р. Дняпро ў час актыўнай дзейнасці дняпроўскага ледавіка.

Я.К.Яловічава.

Геалагічнае агаленне Ніжнінскі роў.

т. 11, с. 328

НІ́ЖНІ ЕГІ́ПЕТ,

раён Егіпта, які ўключае даліну і дэльту Ніла ад г. Эль-Мінья да вусця. Займае каля 67% усёй абжытай (арашонай) пл., на якой жыве амаль 70% насельніцтва Егіпта. Гл. таксама Верхні Егіпет.

т. 11, с. 327

НІ́ЖНІ ЗЕ́МСКІ СУД, земскі суд,

калегіяльны выбарны адм.-паліцэйскі орган на тэр. павета ў Рас. імперыі ў 1775—1863. Створаны на падставе «Устанаўлення для кіравання губерняў Расійскай імперыі» 1775. Павінен быў забяспечваць у павеце «добрапрыстойнасць, добрыя паводзіны і парадак», выкананне законаў, пастаноў губернатара і губ. устаноў, сачыць за гандлем і станам цэн, займацца вышукам збеглых сялян, сачыць за станам дарог і мастоў і інш. Праводзіў папярэдняе расследаванне па пэўнай катэгорыі крымін. спраў і выконваў рашэнні, вынесеныя суд. органамі. На Беларусі такія суды ўводзіліся ў 1775—96. Напачатку ў іх уваходзілі земскі спраўнік і 2—4 засядацелі ад дваранства, якіх выбіралі на дваранскіх выбарах на 3 гады і зацвярджаў губернатар. З 1832 земскіх спраўнікаў выбіралі на 6 гадоў. Прадугледжвалася і выбранне 2 засядацеляў ад сялян (фактычна іх выбіралі толькі ў Віцебскай і Магілёўскай губ.). Скасаваны ў 1863 на падставе «Часовых правіл аб арганізацыі паліцыі ў гарадах і паветах губерняў» (1862) і заменены павятовымі паліцэйскімі ўпраўленнямі.

А.У.Марыскін.

т. 11, с. 327