Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛЮБІ́МАЎ (Леў Уладзіміравіч) (24.11. 1905, г. Разань, Расія — 23.11.1977),

бел. і расійскі дырыжор. Нар. арт. Беларусі (1955). Праф. (1970). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1929, клас К.Ігумнава). З 1925 працаваў у оперных т-рах Масквы, Свярдлоўска, Горкага. У 1951—64 гал. дырыжор Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Творчасць Л. вызначалі дырыжорская воля, глыбокае пранікненне ў партытуру, імкненне падпарадкаваць усе кампаненты спектакля раскрыццю аўтарскай задумы. Пад яго муз. кіраўніцтвам пастаўлены нац. оперы і балеты: «Дзяўчына з Палесся» Я.Цікоцкага (1953), «Надзея Дурава» А.Багатырова (1956), «Яснае світанне» А.Туранкова (1958), «Калючая ружа» Ю.Семянякі (1960), «Мара» Я.Глебава (1961), «Святло і цені» Г.Вагнера (1963); класічныя оперы «Страшны двор» С.Манюшкі (1952), «Мазепа» (1952) і «Чарадзейка» (1958) П.Чайкоўскага, «Аіда» (1953) і «Трубадур» (1955) Дж.Вердзі, «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага (1954), «Русалка» А.Даргамыжскага (1955), «Садко» М.Рымскага-Корсакава (1957).

Літ.:

Маралёў А. Музычны кіраўнік // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.

Дз.М.Жураўлёў.

Л.У.Любімаў.

т. 9, с. 395

ЛЮБІ́МАЎ (Юрый Міхайлавіч) (н. 18.8. 1938, г. Пашахонне-Валадарск Яраслаўскай вобл., Расія),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыў Маскоўскае вышэйшае маст.-прамысл. вучылішча (1967). У 1969—77 выкладаў у Бел. тэатр.-маст. ін-це. Працуе ў розных тэхніках маст. апрацоўкі металу (коўка, ліццё, чаканка, эмаль) і ювелірным мастацтве. Творы вызначаюцца арыгінальнасцю маст. вырашэння, пластычнасцю і выразнасцю форм. Аўтар манум.-дэкар. работ у пансіянаце на Заслаўскім вадасх. пад Мінскам (1969—80), рэстаране «Журавінка» (1969), гасцініцы «Турыст» (1973), Доме літаратара (1976; усе ў Мінску), гасцініцы «Магілёў» (1972), Доме паляўнічага ў Бярэзінскім запаведніку (1978), флюгера і гадзінніка на будынку інж. корпуса Мінскага метрапалітэна, кампазіцыі «Спорт і чалавек» на фасадзе Палаца спорту Мінскага вытв. аб’яднання «Гарызонт» (усе 1984), гадзінніка на цэнтр. плошчы ў Светлагорску, шыльды і двух гербаў для БДУ (усе 1998), гербаў для залы пасяджэнняў Нац. сходу Рэспублікі Беларусь (1996, 1998) і для залы прыёмаў рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (1998). Аформіў санаторыі «Іслач» (Мінскі р-н, 1986) і «Беларусь» (Крым, 1987), фае Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (1997) і інш. Як ювелір выканаў абклады сувенірных выданняў Я.Коласа, Я.Купалы, шэраг упрыгожанняў. Іл. гл. таксама да арт. Коўка мастацкая.

Літ.:

Фатыхава Г. Ад знакаў агню, ад блакіту азёраў... // Беларусь. 1999. № 2.

Г.А.Фатыхава.

Ю.Любімаў. Птушка. 1983.

т. 9, с. 395

ЛЮБІ́МАЎ (Юрый Пятровіч) (н. 30.9. 1917, г. Яраслаўль, Расія),

расійскі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. Расіі (1992). Скончыў тэатр. вучылішча імя Б.Шчукіна пры Т-ры імя Я.Вахтангава (1939), з 1946 у трупе гэтага т-ра. У 1964—84 гал. рэжысёр, з 1989 маст. кіраўнік Маскоўскага т-ра на Таганцы. З 1953 выкладае ў тэатр. вучылішчы імя Шчукіна. У 1984—89 быў пазбаўлены сав. грамадзянства. Сярод роляў: Моцарт («Маленькія трагедыі» А.Пушкіна), Цяцін («Ягор Булычоў і іншыя» М.Горкага), Крыс («Усе мае сыны» А.Мілера) і інш. Адзін з рэфарматараў сав. т-ра, стваральнік яркіх, палітычна і палемічна вострых спектакляў. У рэжысёрскай практыцы кіруецца ідэямі Вахтангава, У.Меерхольда і Б.Брэхта. Сярод пастановак «Добры чалавек з Сезуана» Брэхта (1963), «А досвіткі тут ціхія...» паводле Б.Васільева (1971), «Гамлет» У.Шэкспіра (1972), «Майстар і Маргарыта» паводле М.Булгакава (1977), «Дом на набярэжнай» паводле Ю.Трыфанава (1980), «Паэт Уладзімір Высоцкі» (1981, 1988), «Барыс Гадуноў» (1982, 1988) і «Маленькія трагедыі» Пушкіна (1989), «Доктар Жывага» паводле Б.Пастэрнака і твораў рус. паэзіі (1993) і інш. Здымаецца ў кіно. Дзярж. прэмія СССР 1952. Дзярж. прэмія Расіі 1996.

т. 9, с. 396

ЛЮБІ́МІЦА АСЕ́ННЯЯ,

сорт грушы Краснакуцкай доследнай станцыі садаводства (Украіна). Выведзены скрыжаваннем сартоў Любіміца Клапа і Дэканка зімовая. На Беларусі перспектыўная для вырошчвання ў аматарскім садаводстве ва ўсіх абласцях, акрамя Віцебскай і Магілёўскай.

Дрэва сярэднярослае, крона пірамідальная, кампактная. Пладаносіць на 6-ы год. Сорт сярэднезімаўстойлівы, адносна ўстойлівы да бактэрыяльнага раку і паршы. Ураджайнасць сярэдняя. Плады 90—100 г, жаўтавата-зялёныя, з паласатым румянцам на сонечным баку. Мякаць шчыльная, белая, сакавітая, масляністая, віннасалодкага смаку. Захоўваецца да снежня.

М.Р.Мялік.

т. 9, с. 396

ЛЮБІ́МІЦА КЛА́ПА,

амерыканскі сорт грушы, атрыманы з насення сорту Лясная прыгажуня свабоднага апылення. На Беларусі пашырана ў Брэсцкай, Гомельскай і Гродзенскай абл. Адзін з лепшых скараспелых сартоў.

Дрэва сярэднярослае, крона шырокапірамідальная, рэдкая. Пладаносіць на 7-ы год. Сорт малазімаўстойлівы, сярэднеўстойлівы да бактэрыяльнага раку і паршы. Ураджайнасць добрая. Плады 110—130 г яйцападобна выцягнутай формы, жаўтавата-зялёныя з яркім румянцам на сонечным баку. Мякаць белая. сакавітая, мяккая, масляністая, салодкая, выдатнага смаку. Спажывецкая спеласць у канцы жніўня.

М.Р.Мялік.

Любіміца Клапа.

т. 9, с. 396

ЛЮБІ́СТА (Levisticum),

род кветкавых раслін сям. парасонавых. 3 віды. Пашыраны ў Еўропе і Зах. Азіі. На Беларусі вырошчваюць Л. аптэчную (L. officinale), трапляецца таксама здзічэлая.

Шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 2 м з тоўстым карэнішчам. Сцябло голае, пустое, уверсе галінастае. Лісце двойчы- і тройчыперыстарассечанае, бліскучае. Кветкі дробныя, зеленавата-жоўтыя, у парасоніках. Плод — эліпсападобны віслаплоднік. Традыц. прыправа ўкр. і ням. кухні, са свежых каранёў гатуюць варэнне і цукаты. Эфірным алеем араматызуюць лек. і парфумерныя вырабы. Лек., харч. і эфіраалейныя расліны.

Любіста.

т. 9, с. 396

ЛЮБІ́ЦЫНА,

возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 30 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,35 км2, даўж. каля 1,1 км, найб. шыр. 430 м, найб. глыб. 5,6 м, даўж. берагавой лініі больш за 2,7 км. Пл. вадазбору 1,25 км2. Схілы катлавіны выш. 10—16 м (на Пн і ПдУ да 4 м), на ПнУ і 3 у ніжняй ч. стромкія, разараныя. Берагі нізкія, на Пд зліваюцца са схіламі (на ПдЗ участак сплавіннага берага), месцамі тарфяністыя, пад хмызняком. Дно да глыб. 1,5 м пясчанае, ніжэй — сапрапелістае. Злучана пратокай з воз. Цеменіца.

т. 9, с. 396

«ЛЮ́БІЧ»,

прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся больш за 500 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т.л. Жулкеўскія, Лапацінскія, Незабытоўскія, Радзімінскія. У блакітным полі сярэбраная падкова рагамі ўніз, на ёй стаіць залаты кавалерскі крыж, другі крыж у сярэдзіне падковы. Клейнод — над прылбіцай з каронай 3 страусавыя пёры. Вядомы з сярэдзіны 14 ст.

Герб «Любіч».

т. 9, с. 397

ЛЮБІ́ШЧЫЦЫ,

вёска ў Івацэвіцкім р-не Брэсцкай вобл., на левым беразе р. Грыўда, каля аўтадарогі Брэст—Баранавічы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 7 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Івацэвічы, 143 км ад Брэста. 1428 ж., 527 двароў (1999). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — царква Ганны. К.аля вёскі стаянка эпохі неаліту (2-я пал. 3-га тыс. да н.э.).

т. 9, с. 397

ЛЮБІ́ШЫНА,

вёска ў Чэрвеньскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр Калодзежскага с/с і эксперым. базы «Натальеўск». За 8 км на У ад г. Чэрвень, 68 км ад Мінска, 38 км ад чыг. ст. Пухавічы. 435 ж., 162 двары (1999). Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.

т. 9, с. 397