ЛЮБІ́МАЎ (Юрый Пятровіч) (н. 30.9. 1917, г. Яраслаўль, Расія),

расійскі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. Расіі (1992). Скончыў тэатр. вучылішча імя Б.Шчукіна пры Т-ры імя Я.Вахтангава (1939), з 1946 у трупе гэтага т-ра. У 1964—84 гал. рэжысёр, з 1989 маст. кіраўнік Маскоўскага т-ра на Таганцы. З 1953 выкладае ў тэатр. вучылішчы імя Шчукіна. У 1984—89 быў пазбаўлены сав. грамадзянства. Сярод роляў: Моцарт («Маленькія трагедыі» А.Пушкіна), Цяцін («Ягор Булычоў і іншыя» М.Горкага), Крыс («Усе мае сыны» А.Мілера) і інш. Адзін з рэфарматараў сав. т-ра, стваральнік яркіх, палітычна і палемічна вострых спектакляў. У рэжысёрскай практыцы кіруецца ідэямі Вахтангава, У.Меерхольда і Б.Брэхта. Сярод пастановак «Добры чалавек з Сезуана» Брэхта (1963), «А досвіткі тут ціхія...» паводле Б.Васільева (1971), «Гамлет» У.Шэкспіра (1972), «Майстар і Маргарыта» паводле М.Булгакава (1977), «Дом на набярэжнай» паводле Ю.Трыфанава (1980), «Паэт Уладзімір Высоцкі» (1981, 1988), «Барыс Гадуноў» (1982, 1988) і «Маленькія трагедыі» Пушкіна (1989), «Доктар Жывага» паводле Б.Пастэрнака і твораў рус. паэзіі (1993) і інш. Здымаецца ў кіно. Дзярж. прэмія СССР 1952. Дзярж. прэмія Расіі 1996.

т. 9, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)