Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗНІШЧА́ЛЬНЫЯ БАТАЛЬЁНЫ ў гады Вялікай Айчыннай вайны,

ваенізаваныя добраахвотніцкія фарміраванні для барацьбы з варожымі парашутыстамі і дыверсантамі. Ствараліся паводле пастаноў СНК СССР ад 24.6.1941 мясц. органамі ВКП(б) і НКУС з грамадзян, якія не падлягалі прызыву ў Чырв. Армію. Да канца ліп. 1941 у СССР, пераважна ў прыфрантавых раёнах, сфарміравана 1755 З.б. агульнай колькасцю 328 тыс. чал. (большасць камуністы і камсамольцы). На тэр. Беларусі на 15 ліп. 1941 сфарміравана 78 З.б. (больш за 13 тыс. байцоў). У шэрагу раёнаў, асабліва на Палессі, яны сумесна з часцямі Чырв. Арміі непасрэдна супрацьстаялі гітлераўскім войскам. Частка іх улілася ў рады народнага апалчэння і Чырв. Арміі, на базе некаторых створаны партызанскія атрады. 3 ліп. 1944 у БССР дзейнічалі 185 З.б. (каля 17 тыс. чал.).

У.Д.Свякла.

т. 7, с. 102

ЗНО́СІНЫ,

працэс наладжвання і развіцця кантактаў паміж людзьмі, выкліканы патрэбамі сумеснай дзейнасці. Уключае абмен інфармацыяй, выпрацоўку адзінай стратэгіі ўзаемадзеяння, успрыманне і разуменне другога чалавека. У працэсе З. чалавек самавызначаецца, выяўляе свае індывід. асаблівасці, яго сутнасць раскрываецца для другога чалавека. Сац. сэнс З. у далучэнні суб’екта да культ.-гіст. вопыту чалавецтва. У найб. абагульненых класіфікацыях вызнаюцца тры аспекты працэсу З.: камунікатыўны (звязаны з вызначэннем спецыфікі інфарм. працэсу паміж людзьмі з улікам іх узаемаадносін, мэт, намераў і інш.), інтэрактыўны (увасабляе агульную стратэгію ўзаемадзеяння — супрацоўніцтва, суперажыванне, канкурэнцыя), перцэптыўны (уключае працэс успрымання, разумення і ацэнкі другога чалавека, зыходзячы з асаблівасцей яго паводзін). Адзінства гэтых аспектаў — важная ўмова аптымізацыі адносін паміж людзьмі, іх сумеснай дзейнасці. Развіццё здольнасцей і навыкаў З., фарміраванне іх культуры — адна з важных задач выхавання.

Літ.:

Коломинский Я.Л. Психология общения. М., 1974;

Добрович А.Б. Общение: наука и искусство. М., 1978;

Бодалев А.А. Восприятие и понимание человека человеком. М., 1982;

Лисина М.И. Проблемы онтогенеза общения. М., 1986.

М.Ф.Усціновіч.

т. 7, с. 102

ЗНО́СКА Ян

(1772, Гродзеншчына — 1833),

бел. філосаф, палітэканом, перакладчык. Вучыўся ў Гал. школе ВКЛ (Віленскі ун-т). Быў ад’юнктам філасофіі, выкладчыкам палітэканоміі, з 1810 праф. Віленскага ун-та. Аддаваў перавагу філасофіі франц. асветнікаў, найперш Э. дэ Кандыльяка, «Логіку» якога з уласнымі каментарыямі і прадмовамі З. пераклаў на польск. мову і выдаў у Вільні ў 1802. Пры распрацоўцы курса палітэканоміі З. аддаваў перавагу ліберальным эканам. ідэям А.Сміта, у 1816 надрукаваў «Даследаванне пра палітычную эканомію, яе гісторыю і сістэмы». Удзельнічаў у падрыхтоўцы да друку перакладу на рус. мову Статута Вял. кн. Літ. 1588.

Э.К.Дарашэвіч.

т. 7, с. 102