Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЖАЛЕ́ЙКА,

старажытны духавы язычковы музычны інструмент класа аэрафонаў. Вядома ў бел., рус., укр. народаў (на Беларусі наз. таксама дудка, ражок, пішчык, чаротка). Ж. — важны канструкцыйны элемент дуды. Канструкцыя Ж. пры захаванні вызначальнай адзінкі — адзінарнага язычка-пішчыка — дапускае варыянтнасць інш. элементаў. Мясц. разнавіднасці Ж. адрозніваюцца матэрыялам (дрэва, саломіна, гусінае пяро, чарот, рог), колькасцю адтулін (4—12, ёсць і без іх), адсутнасцю або наяўнасцю раструба, прынцыпамі вырабу і мацавання язычка (наразны або прывязаны), памерамі (100—360 мм). Гучанне моцнае, рэзкае, крыху гугнявае. Ігралі на Ж. сола і ў ансамблі са скрыпкай, цымбаламі, гармонікам паасобку і ў розных камбінацыях (часам і з барабанам). У рэпертуары жалеечнікаў песенныя і танц. мелодыі, вясельныя маршы, часам пастухоўскія сігнальныя найгрышы. Інструмент быў пашыраны ва ўсёй Беларусі ў музыкантаў-прафесіяналаў і аматараў, у т. л. пастухоў. У пач. 20 ст. ўведзена В.Андрэевым у аркестр рус. нар. інструментаў. З сярэдзіны 19 ст. выцясняецца кларнетам. У наш час трапляецца рэдка. Ж. апета ў бел. нар. песнях і ў прафес. паэзіі (першы зб. вершаў Я.Купалы наз. «Жалейка», 1908).

І.Дз.Назіна.

Жалейкі: 1 — жалейка; 2 — (злева направа) чаротка і пішчыкі; 3 — дужа язычковая.

т. 6, с. 418

ЖАЛІ́БА (Барыс Мікалаевіч) (1.10.1949, г. Ходараў, Украіна),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1992), праф. (1995). Скончыў Бел. дзярж. ін-т нар. гаспадаркі (1970). З 1972 у Бел. дзярж. тэхнал. ун-це (з 1993 заг. кафедры эканомікі). Даследуе праблемы рыначнага гасп. механізму, інтэнсіфікацыі і павышэння эканам. эфектыўнасці вытв-сці на прадпрыемствах ляснога комплексу ва ўмовах розных форм уласнасці.

Тв.:

Эффективность ведения лесного хозяйства Белоруссии. Мн., 1986;

Повышение эффективности использования лесосырьевых ресурсов БССР. Мн., 1989 (у сааўт.);

Хозрасчет и эколого-экономическая оценка земельных и лесных ресурсов в лесхозах Беларуси. Мн., 1993 (разам з А.Д.Янушкам, М.М.Санковічам).

т. 6, с. 418

ЖАЛІО́-КЮРЫ ((Joliot-Curie) Ірэн) (12.9.1897, Парыж — 17.3.1956),

французскі фізік і радыяхімік, грамадскі дзеяч. Замежны чл.-кар. АН СССР (1947). Дачка П.Кюры і М.Складоўскай-Кюры. Скончыла Парыжскі ун-т (1920). З 1918 у Ін-це радыю (з 1934 дырэктар), адначасова ў Камісарыяце па атамнай энергіі. Навук. працы па радыеактыўнасці, ядз. фізіцы і радыяхіміі. Разам з мужам Ф.Жаліо-Кюры адкрыла штучную радыеактыўнасць, у т. л. пазітронную радыеактыўнасць (1934), анігіляцыю і нараджэнне электронна-пазітронных пар (1933), правяла даследаванні, якія папярэднічалі адкрыццю нейтрона (1931). Чл. Сусв. Савета Міру, выступала супраць выкарыстання ядз. энергіі ў ваен. мэтах. Нобелеўская прэмія па хіміі 1935 (разам з Ф.Жаліо-Кюры).

Тв.:

Рус. пер. — Жолио-Кюри Ф. Избр. труды. Фредерик и Ирен Жолио-Кюри. Совместные труды. М., 1957.

Літ.:

Кедров Ф. Ирен и Фредерик Жолио-Кюри. 2 изд. М., 1975;

Кудрявцев П.С. Курс истории физики. 2 изд. М., 1982. С. 413-416.

І.Жаліо-Кюры.

т. 6, с. 418

ЖАЛІО́-КЮРЫ́ ((Joliot-Curie) Фрэдэрык) (19.3.1900, Парыж — 14.8.1958),

французскі фізік і грамадскі дзеяч; заснавальнік сусв. Руху прыхільнікаў міру. Чл. Парыжскай АН (1943), замежны чл. АН СССР (1949). Скончыў Школу фізікі і дастасавальнай хіміі ў Парыжы (1923). Працаваў у Ін-це радыю (1925—30 і з 1956), у Нац. цэнтры навук. даследаванняў (у 1944—45 дырэктар), у Камісарыяце па атамнай энергіі (заснавальнік і кіраўнік у 1946—50), адначасова выкладаў у Сарбоне і Калежы дэ Франс. Навук. працы па ядз. фізіцы, радыяхіміі і ядз. тэхніцы. Разам з жонкай І.Жаліо-Кюры адкрыў штучную радыеактыўнасць (1934), анігіляцыю і нараджэнне электронна-пазітронных пар (1933), правёў даследаванні, якія папярэднічалі адкрыццю нейтрона (1931). Прадказаў прынцыповую магчымасць ланцуговай ядз. рэакцыі (1939). Пад яго кіраўніцтвам пачаты (1839) і завершаны (1948) работы па стварэнні першага франц. атамнага рэактара. Першы старшыня Сусв. Савета Міру (з 1950), выступаў супраць выкарыстання ядз. энергіі ў ваен. мэтах. Яго імем названы Залаты медаль Міру (1959). Нобелеўская прэмія па хіміі 1935 (разам з І.Жаліо-Кюры), Міжнар. Ленінская прэмія 1951.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. тр. — Фредерик и Ирен Жолио-Кюри. Совместные труды. М., 1957.

Літ.:

Бикар П. Фредерик Жолио-Кюри и атомная энергия: Пер. с фр. М., 1962.

Ф.Жаліо-Кюры.

т. 6, с. 418

ЖАЛІ́ЎЕ,

вёска ў Чавускім р-не Магілёўскай вобл., на аўтадарозе Чавусы — в. Будзіна. Цэнтр сельсавета. За 12 км на Пн ад г. Чавусы, 53 км ад Магілёва, 16 км ад чыг. ст. Чавусы, 54 ж., 30 двароў (1997). Аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.

т. 6, с. 418

ЖАЛКЕ́ЎСКІ, Жулкеўскі (Žółkiewski) Станіслаў (1547, Турынец каля г. Львоў, Украіна — 7.10.1620), ваенны і дзярж. дзеяч Рэчы Паспалітай. Гетман польны каронны (1588), кашталян львоўскі (1590), ваявода кіеўскі (1608), гетман вял. каронны (1613), канцлер вял. каронны (1617). Удзельнічаў у ваен. дзеяннях пад Гданьскам у 1577 і ў паходах Стафана Баторыя ў Лівонскую вайну 1558—83, у т. л. ва ўзяцці Полацка (1579), аблозе Пскова (1581). У час бескаралеўя (1587) падтрымаў кандыдатуру Жыгімонта III Вазы. Задушыў паўстанне С.Налівайкі (1596). Быў праціўнікам прагабсбургскай і антырас. палітыкі Жыгімонта III, але ў час ўзбр. выступлення шляхты на чале з М.Зэбжыдоўскім выступіў на баку караля і ліквідаваў мяцеж (1607). У час вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18 разбіў у 1610 каля в. Клушына рус. войскі, заняў Маскву і дамогся абрання на рас. трон каралевіча Уладзіслава. У 1620 узначальваў ваен. сілы Рэчы Паспалітай у вайне з Турцыяй. Загінуў у баі.

Тв.:

Historia wojny moskiewskiej aż do opanowania Smoleńska... 9 wyd. Warszawa, 1966.

Літ.:

Prochaska A. Hetman Stanisław Żółkiewski. Warszawa, 1927.

Н.К.Мазоўка.

т. 6, с. 418

ЖАЛО́НКІНА (Вольга Мікалаеўна) (н. 15.1.1956, г. Драгобыч, Украіна),

бел. тэатральны мастак. Пасля сканчэння Растоўскага маст. вучылішча (1981) мастак па касцюмах Дзярж. т-ра муз. камедыі Беларусі. Створаныя ёй касцюмы вызначаюцца вынаходлівасцю, дасціпнасцю вырашэння, дакладнасцю характарыстыкі персанажаў. Найб. адметныя касцюмы да спектакляў «Дзяніс Давыдаў» А.Мдывані і «Гуляем у прынца і жабрака» А.Журбіна (1985), «Клоп» У.Дашкевіча (1988), «Хэло, Долі!» Дж.Германа (1992), «Халопка» М.Стрэльнікава (1994), «Капялюш Напалеона» О.Штрауса (1996), «Цыганскі барон» І.Штрауса (1997) у т-ры муз. камедыі, оперы «Кармэн» Ж.Бізэ (1990) у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі.

Л.І.Дабравольская.

В.Жалонкіна. Эскізы касцюмаў да спектакля «Гуляем у прынца і жабрака» А.Журбіна.

т. 6, с. 419

ЖАЛО́НЬ, Мухаедаўскі канал,

рака на Украіне і ў Гомельскай вобл., правы прыток Прыпяці. Даўж. 113 км (12,8 км цячэ па Украіне, 33,8 км па мяжы з Беларуссю; 10,9 км зноў па Жытомірскай вобл., у нізоўі па Ельскім і Нараўлянскім р-нах). Пл. вадазбору 1460 км². Асн. прытокі — Яўрэйская канава, рэкі Ханя, Храпунь, Стрэлка і Верасожка (справа). Даліна невыразная. Пойма двухбаковая, парэзаная меліярац. каналамі, шыр. 30—300 м. Рэчышча амаль на ўсім працягу каналізаванае. Каналамі Свячанскі (рака да адгалінавання ад гэтага канала наз. Верхняя Жалонь), Антонаўскі і р. Гразіва злучана з р. Славечна.

т. 6, с. 419

ЖАЛТО́ЎСКІ (Іван Уладзіслававіч) (27.11.1867, г. Пінск Брэсцкай вобл. — 16.7.1957),

бел. і рускі архітэктар, тэарэтык і педагог. Засл. дз. нав. і маст. Расіі (1932), засл. дз. маст. Беларусі (1944). Акад. Акадэміі архітэктуры СССР (1939—56) і Акадэміі буд-ва і архітэктуры СССР (1956). Ганаровы акад. АН БССР (1947). Вучыўся ў Пецярб. АМ (1887—98); з 1909 акадэмік архітэктуры. Ў 1953—59 узначальваў арх. майстэрню-школу Ін-та «Маспраект». У ранніх работах выкарыстоўваў кампазіцыйныя прыёмы і арх. матывы эпохі Адраджэння, пазней — формы класічнай архітэктуры. Адзін з аўтараў плана рэканструкцыі Масквы (1918—23). Праектаваў у Маскве шэраг павільёнаў Усерасійскай с.-г. і саматужна-прамысл. выстаўкі (1923), жылыя дамы на Ленінскім праспекце (1949, Дзярж. прэмія СССР 1950), на Смаленскай пл. (1950), на праспекце Міру (1957), іпадром (1951—55), павільён СССР на Міжнар. выстаўцы ў Мілане (1925—26), тыпавыя праекты для індустрыяльна-зборнага буд-ва жылых дамоў і кінатэатраў. У 1941 пад яго кіраўніцтвам створаны праект гал. плошчы і драм. т-ра ў Гомелі. Аўтар прац па тэорыі і практыцы архітэктуры. Пераклаў на рус. мову трактат італьян. арх. А.Паладыо (выд. 1938).

Літ.:

И.В.Жолтовский: Проекты и постройки. М., 1955.

І.У.Жалтоўскі.

т. 6, с. 419

ЖАЛУ́ДАЧКІ ГАЛАЎНО́ГА МО́ЗГА,

поласці ўнутры галаўнога мозга, дзе размешчаны сасудзістыя спляценні, што выпрацоўваюць цэрэбраспінальную вадкасць. Яна запаўняе Ж.г.м., потым па ліквораправодных шляхах выходзіць на аснову мозга і распаўсюджваецца па вонкавай паверхні галаўнога і спіннога мозга. Усяго Ж.г.м. — 4, поласці іх сазлучаныя. Пры паталогіі (вентрыкуліты, менінгаэнцэфаліты, кровазліцці, пухліны і інш.) парушаецца цыркуляцыя цэрэбраспінальнай вадкасці з частковай ці поўнай аклюзіяй ліквораправоднай сістэмы. Прыкметы: моцны галаўны боль, моташнасць, ірвота, галавакружэнне, павышаны артэрыяльны ціск і тэмпература цела, вокарухальныя і вестыбулярныя парушэнні. У цяжкіх выпадках — сімптомы ўшчымлення ствала галаўнога мозга, прыступы дэцэрэбрацыйнай рыгіднасці і інш.

Г.Дз.Сітнік.

т. 6, с. 419