ЖАЛКЕ́ЎСКІ, Жулкеўскі (Žółkiewski) Станіслаў (1547, Турынец каля г. Львоў, Украіна — 7.10.1620), ваенны і дзярж. дзеяч Рэчы Паспалітай. Гетман польны каронны (1588), кашталян львоўскі (1590), ваявода кіеўскі (1608), гетман вял. каронны (1613), канцлер вял. каронны (1617). Удзельнічаў у ваен. дзеяннях пад Гданьскам у 1577 і ў паходах Стафана Баторыя ў Лівонскую вайну 1558—83, у т. л. ва ўзяцці Полацка (1579), аблозе Пскова (1581). У час бескаралеўя (1587) падтрымаў кандыдатуру Жыгімонта III Вазы. Задушыў паўстанне С.Налівайкі (1596). Быў праціўнікам прагабсбургскай і антырас. палітыкі Жыгімонта III, але ў час ўзбр. выступлення шляхты на чале з М.Зэбжыдоўскім выступіў на баку караля і ліквідаваў мяцеж (1607). У час вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18 разбіў у 1610 каля в. Клушына рус. войскі, заняў Маскву і дамогся абрання на рас. трон каралевіча Уладзіслава. У 1620 узначальваў ваен. сілы Рэчы Паспалітай у вайне з Турцыяй. Загінуў у баі.

Тв.:

Historia wojny moskiewskiej aż do opanowania Smoleńska... 9 wyd. Warszawa, 1966.

Літ.:

Prochaska A. Hetman Stanisław Żółkiewski. Warszawa, 1927.

Н.К.Мазоўка.

т. 6, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)