Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ГРЫ́ЧЫНА-СТАРО́БІНСКАЕ БАЛО́ТА,

на З Салігорскага р-на Мінскай вобл., у вадазборы р. Морач. Нізіннага тыпу. Пл. 21,5 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 17,1 тыс. га. Глыб. торфу да 8 м, сярэдняя 1,8 м. Здабыча торфу на паліва і ўгнаенне. Амаль усё балота асушана, выкарыстоўваецца пад ворыва і сенажаць.

т. 5, с. 487

ГРЫШАНО́ВІЧ (Валерый Мікалаевіч) (псеўд. Дзедаў Валерый, Баркоўскі-Дзедаў Валерый; н. 3.3.1947, г.п. Халопенічы Крупскага р-на Мінскай вобл.),

паэт, публіцыст. Піша на рус. і бел. мовах. Скончыў Маскоўскі ун-т (1973). З 1969 на камсамольскай, з 1983 на парт. рабоце. У 1987—93 дырэктар выд-ва «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1968. Аўтар зб. вершаў «Стронцый у кроплі расы» (1990), паэм «Вока бездані» (1989), «Беларусь, Хрыстос і маланка» (1993), «Святое прычасце» (1994), кінасцэнарыя (з М.​Кацюшэнкам) «Хроніка знаходжання на Зямлі» пра лётчыка-касманаўта У.​Кавалёнка (паст. 1980). У творах Грышановіча — роздум над складанымі праблемамі сучаснасці, сутнасцю чалавечага жыцця, боль за бездухоўнасць грамадства.

Тв.:

«Пагоня» вяртаецца на Беларусь. Мн., 1992.

т. 5, с. 487

ГРЫШКАВЕ́Ц (Валерый Фёдаравіч) (н. 23.12.1953, г. Пінск Брэсцкай вобл.),

рускі паэт. Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1995). Працаваў на з-дзе, у калгасе, матросам, у геолага-развед. атрадзе, на будоўлях Бураціі і Літвы. З 1989 у газ. «Полесская правда» (Пінск). Літ. дзейнасць пачаў у 1968. У лірыцы Грышкаўца (зб-кі «Час адпраўлення», 1981; «Кола буслінае», 1991) роздум над сац. і маральна-этычнымі праблемамі сучаснасці, разнастайнасцю жыцця чалавека з яго радасцямі і засмучэннямі, лёсам роднага краю. Перакладае на рус. мову творы бел. паэтаў.

т. 5, с. 487

ГРЫШКЕ́ВІЧ (Аркадзь Іванавіч) (н. 15.4.1925, Мінск),

бел. вучоны ў галіне аўтамабілебудавання. Д-р тэхн. н. (1974), праф. (1979). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1982). Скончыў Акадэмію бранятанкавых і механізаваных войск Сав. Арміі (1951). З 1971 у БПА. Навук. працы па метадах праектавання аўтамабіляў і іх сістэм, аўтаматызацыі працэсаў кіравання аўтамабілем. Распрацаваў аўтаматызаваныя сістэмы кіравання сілавымі агрэгатамі аўтамабіля, метады паскораных выпрабаванняў аўтамабіляў.

Тв.:

Проектирование трансмиссий автомобилей. М., 1984 (у сааўт.);

Автомобили: Теория. Мн., 1986.

т. 5, с. 487

ГРЫШКЕ́ВІЧ (Францішак) (Франук; 1904 ці 1906, мяст. Сухаволя Беластоцкага ваяв., Польшча — 1944 ці 1945),

бел. пісьменнік. Скончыў Віленскую бел. гімназію (1926), літ. ф-т Карлава ун-та ў Празе. Д-р філасофіі. З 1939 узначальваў бел. школы Віленскай школьнай акругі. У 1941—44 дырэктар Віленскай бел. гімназіі. У 1944 арыштаваны, у час следства ў Мінску скончыў жыццё самагубствам. Друкаваўся з 1924. Лепшыя вершы пазначаны тонкім лірызмам, філасафічнасцю, у некат. матывы песімізму (зб. «Веснавыя мелодыі», 1927). Пісаў апавяданні («Куцця ў чужыне», «У калядны вечар»), выступаў як крытык, прапагандыст бел. л-ры ў Чэхаславакіі («Беларускае літаратурнае творства ў расейскім перакладзе», 1927; «Кароткі агляд дзеі ўкраінскае літаратуры», «Літаратурныя запіскі», 1928; рэцэнзіі на кн. паэзіі і прозы В.​Адважнага, Н.​Арсенневай, М.​Багдановіча, М.​Зарэцкага, Х.​Ільяшэвіча, Я.​Коласа, Р.​Мурашкі, К.​Чорнага і інш.). Аўтар публіцыстычных арт. «Каталіцкая місія на Беларусі» (1925), «Наш вечны сон» (1926), «Аб паходжанні нашае мовы» (1928), «У лабірынце маладое беларускае думкі» (1931). Пераклаў на бел. мову паасобныя творы І.​В.​Гётэ, О.​Жупанчыча, І.​Франко і інш.

І.​У.​Саламевіч.

Ф.Грышкевіч.

т. 5, с. 488

ГРЫШКО́ (Міхаіл Сцяпанавіч) (27.2.1901, г. Марыупаль, Украіна — 3.6.1973),

украінскі спявак (драм. барытон). Нар. арт. СССР (1950). Скончыў Адэскае муз. вучылішча (1926). З 1927 саліст Харкаўскага, у 1936—64 — Кіеўскага т-раў оперы і балета. Адзін з буйнейшых майстроў укр. опернай сцэны. Валодаў голасам рэдкай прыгажосці і сілы. Сярод партый: Багдан Хмяльніцкі (аднайм. опера К.​Данькевіча), Шыбок, Гарбенка («Мілана», «Арсенал» Г.​Майбарады), Астап, Мікола («Тарас Бульба», «Наталка Палтаўка» М.​Лысенкі), князь Ігар («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Мазепа («Мазепа» П.​Чайкоўскага), Рыгалета («Рыгалета» Дж.​Вердзі). Здымаўся ў кіно. Дзярж. прэмія СССР 1950.

т. 5, с. 488

ГРЫ́ШЧАНКА (Міхаіл Міхайлавіч) (н. 13.8.1941, г. Чыта, Расія),

бел. артыст балета. Скончыў Бел. харэаграфічнае вучылішча (1960; выкладаў у ім у 1965—75), Бел. тэатр.-маст. ін-т (1980). У 1960—81 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Танцоўшчык гераічнага плана. Сярод партый: Іван, Машэка, Мікалай («Альпійская балада», «Выбранніца», «Мара» Я.​Глебава), Тарэра («Балеро» на муз. М.​Равеля), Спартак («Спартак» А.​Хачатурана), Тыбальд («Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева), Ротбарт («Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Базіль («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Пер Гюнт («Пер Гюнт» на муз. Э.​Грыга). Аўтар кн. «Беларускі балет і сучасная тэма» (1989).

Л.​І.​Вішнеўская.

т. 5, с. 488

ГРЫ́ШЧАНКА (Пётр Лук’янавіч) (1.8.1921, в. Кукавячына Віцебскага р-на — 21.2.1973),

Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Віцебскі аэраклуб (1939), Армавірскую ваен. авіяц. школу пілотаў (1942), Вышэйшыя афіцэрскія лётна-тактычныя курсы (1950), Ваенна-паветр. акадэмію (1955). У Вял. Айч. вайну на фронце з сак. 1943, лётчык-знішчальнік. Удзельнік Курскай бітвы (1943), вызвалення Украіны, Польшчы, Чэхаславакіі, Берлінскай аперацыі 1945. Камандзір звяна знішчальнага авіяпалка лейтэнант Грышчанка правёў 78 паветр. баёў, збіў 27 варожых самалётаў і аэрастат. Да 1961 у ВПС Сав. Арміі.

П.Л.Грышчанка.

т. 5, с. 488

ГРЫ́ШЫН (Іван Ціханавіч) (16.12.1901, в. Унукавічы Рослаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 20.6.1951),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген.-палк. (1945), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў пях. камандныя курсы (1922), пях. школу (1928), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1963). У Чырв. Арміі з 1920. З чэрв. 1941 на Зах., Бранскім, 2-м Бел. франтах: камандзір стралк. дывізіі, нач. штаба армій. Удзельнік Смаленскай, Бел., Усх.-Прускай і Берлінскай аперацый. 49-я армія пад яго камандаваннем вызначылася ў баях за вызваленне Магілёва, пры фарсіраванні Дняпра, Друці, Бярэзіны, у ліквідацыі мінскага «катла». Пасля вайны на камандных пасадах у Сав. Арміі.

т. 5, с. 488

ГРЫ́ШЫН (Ігар Мікалаевіч) (н. 19.4.1933, Мінск),

бел. вучоны ў галіне хірургіі. Акад. Бел. акадэміі мед. н. (1997). Д-р мед. н. (1975), праф. (1977). Засл. дз. нав. Беларусі (1989). Акадэмік і прэзідэнт Бел. акадэміі мед. н. (1997). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1957). З 1973 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (з 1978 заг. кафедры і кіраўнік Рэсп. цэнтра клінічнай і эксперым. хірургіі). Навук. працы па хірургіі стрававода, крывяносных сасудаў, печані і жоўцевывадных шляхоў, падстраўнікавай залозы, эндакрыннай сістэмы, хірург. гастраэнтэралогіі і практалогіі. Дзярж. прэмія Беларусі 1993.

Тв.:

Клиническая ангиология и ангиохирургия. Т. 1—2. Мн., 1980—81 (разам з А.​М.​Саўчанкам);

Разрывы аневризм брюшной аорты и их лечение. Мн., 1987 (разам з І.​А.​Давідоўскім, М.​П.​Бацяном);

Холецистэктомия. Мн., 1989.

т. 5, с. 488