ГРЫНЬ Міхаіл Паўлавіч
(н. 24.8.1934, в. Малыя Вераб’евічы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне жывёлагадоўлі. Д-р с.-г. н. (1987), праф. (1988). Скончыў Гродзенскі с.-г. ін-т (1956). З 1957 у Бел. НДІ жывёлагадоўлі (у 1965—68 вучоны сакратар). Навук. працы па пытаннях тэорыі і практыкі развядзення і селекцыі буйн. раг. жывёлы, распрацоўцы праграмы і метадаў генет. ўдасканалення буйн. раг. жывёлы па малочнай і мясной прадукцыйнасці. Адзін з заснавальнікаў бел. школы селекцыянераў у галіне жывёлагадоўлі.
Тв.:
Повышение племенных и продуктивных качеств молочного скота. Мн., 1989 (разам з А.М.Ятусевічам);
Эффективность применяемых методов племенного подбора в селекции скота // Научные основы развития животноводства в БССР. Мн., 1991.
т. 5, с. 484
ГРЫНЬЯ́Р
(Grignard) Франсуа Агюст Віктор (6.5.1871, г. Шэрбур, Францыя — 13.12.1935),
французскі хімік-арганік. Чл. Парыжскай АН (1926). Скончыў Ліёнскі ун-т (1893), дзе і працаваў. З 1909 у Нанцкім, з 1919 у Ліёнскім ун-тах. Навук. працы па сінтэзе арган. злучэнняў розных класаў. Прапанаваў адзін з найб. універсальных метадаў сінтэзу арган. рэчываў (Грыньяра рэакцыя). Нобелеўская прэмія 1912.
т. 5, с. 484
ГРЫНЬЯ́РА РЭА́КЦЫЯ,
агульны спосаб сінтэзу арган. рэчываў з выкарыстаннем змешаных магнійарганічных злучэнняў тыпу RMgX (R — арган. радыкал, Х — галаген). Адкрыта Ф.Грыньярам у 1900. Грыньяра рэакцыю праводзяць звычайна ў асяроддзі арган. растваральніку (эфіру, тэтрагідрафурану і інш.). Пры ўзаемадзеянні RMgX са злучэннямі, якія маюць палярызаваныя кратныя сувязі (напр., альдэгідамі, кетонамі і інш.), утвараюцца карбонавыя к-ты, спірты; з галагенідамі розных элементаў — элементаарган. злучэнні. Выкарыстоўваюць у лабараторнай практыцы і прам-сці.
т. 5, с. 484
ГРЫНЯВІ́ЦКІ Ігнат Яўхімавіч
(жн. 1855, паводле інш. звестак восень 1856, в. Калінаўка Клічаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 13.3.1881),
рэвалюцыянер-нарадаволец. Вучыўся ў Пецярбургскім тэхнал. ін-це (1875—80). З 1879 чл. партыі «Народная воля», адзін з заснавальнікаў яе бел. фракцыі ў Пецярбургу і нарадавольскай «Рабочей газеты». Паводле рашэння выканкома «Народнай волі» ўваходзіў у групу, якая рыхтавала замах на цара. 13.3.1881 кінутай бомбай забіў цара Аляксандра II і смяротна параніў сябе.
Літ.:
Арлоў У.А. Прысуд выканаў невядомы: Ігнат Грынявіцкі. Мн., 1992.
М.В.Біч.
т. 5, с. 484
ГРЫП
(франц. grippe ад gripper схопліваць),
вострая вірусная хвароба чалавека і некат. жывёл. У чалавека ўзбуджальнікі грыпу — ортаміксавірусы трох відаў (A, B, C), блізкіх па структуры і біял. якасцях. Вірус A мае сератыпы H1N1, H2N2, H3N2; вірусы B і асабліва C адрозніваюцца ад віруса A меншай зменлівасцю і хваробатворнасцю.
Грып A выклікае эпідэміі (хварэе 10—50% насельніцтва), якія могуць пераходзіць у пандэміі (хварэе каля 70% насельніцтва). Хуткаму яго пашырэнню спрыяюць высокая заражальнасць, кароткі інкубацыйны перыяд (1—2 сутак), антыгенная зменлівасць узбуджальніка, кароткачасовы імунітэт, вільготнае і халоднае надвор’е. Крыніца інфекцыі — хворы на грып. Перадаецца пераважна паветрана-кропельным шляхам (кашаль, чханне). Вірус грыпу размнажаецца ў эпітэліі дыхальных шляхоў, праз 1—2 дні трапляе ў кроў (вірэмія) і пашкоджвае бронхалёгачную, сасудзістую і нерв. сістэмы. Хвароба пачынаецца з кашлю, чхання, болю галавы і мышцаў, санлівасці; т-ра цела павышаецца да 39—40 °C. Выздараўленне праз 5—6 дзён, але доўга застаецца слабасць. Дзеці і старыя хварэюць на грып больш цяжка. Грып памяншае імунітэт арганізма да інш. хвароб. Найб. частыя ўскладненні: запаленні лёгкіх, нырак, атыты, ангіны. Пасля грыпу выпрацоўваецца імунітэт на некалькі гадоў. Лячэнне: процігрыпозныя гама-глабулін, інтэрферон, рэмантадзін, у цяжкіх выпадках шпіталізацыя хворых, пры ўскладненнях — антыбіётыкі, фізіятэрапія. У жывёл на грып хварэюць парасяты, коні, птушкі. Асабліва ўспрымальныя да яго парасяты да 4 тыдняў. Хваробе спрыяюць дрэнныя гігіенічныя ўмовы. У коней грып суправаджаецца гарачкавымі з’явамі, катаральным запаленнем кішэчніка, кан’юнктывітамі.
А.П.Красільнікаў.
т. 5, с. 484
ГРЫ́САМ
(Grissom) Вірджыл (3.4.1926, г. Мітчэл, штат Індыяна, ЗША — 27.1.1967),
касманаўт ЗША. Скончыў ун-т у г. Лафеет (штат Індыяна, 1950), Тэхнал. ін-т ВПС (1955), школу лётчыкаў-выпрабавальнікаў (1956). З 1959 у групе касманаўтаў НАСА. 21.7.1961 здзейсніў субарбітальны палёт на касм. караблі «Меркурый», 23.3.1965 з Дж.Янгам — палёт на касм. караблі «Джэміні-3» (як камандзір), у час якога ўпершыню касм. карабель пераведзены з адной арбіты на другую. Загінуў з Э.Уайтам і Р.Чафі пры наземных выпрабаваннях першага касм. карабля «Апалон». У космасе правёў 5,14 гадз. 2 залатыя медалі НАСА «За выдатныя заслугі». Імем Грысама названы кратэр на Месяцы.
т. 5, с. 485
ГРЫ́ЎДА,
рака ў Слонімскім р-не Гродзенскай вобл. і Івацэвіцкім р-не Брэсцкай вобл., левы праток Шчары (бас. Нёмана). Даўж. 85 км. Пл. вадазбору 1330 км². Пачынаецца каля в. Варонічы Слонімскага р-на, цячэ па Слонімскім узв. Асн. прытокі: Була, Булянка, Руднянка, Бусяж (злева), Любішчанскі канал (справа).
Даліна выразная, шыр. ад 1 да 1,5 км, у вярхоўі не выражана. Пойма двухбаковая, у сярэднім цячэнні забалочаная, у асобных мясцінах перасечаная старыцамі і асушальнымі каналамі. Рэчышча ў вярхоўі і на асобных участках каналізаванае. Берагі стромкія, выш. 1—2 м. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 6,3 м³/с. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. На ўскраіне г. Івацэвічы зона адпачынку, ніжэй горада ўздоўж ракі насыпныя дамбы.
т. 5, с. 485
ГРЫ́ЎНЯ ШЫ́ЙНАЯ,
старажытнае ўпрыгожанне накшталт абруча з бронзы, білону, серабра, якое насілі на шыі (стараслав. — грыва). Вядома з 2-га тыс. да н.э., на Беларусі з ранняга жал. веку, у 9—13 ст. характэрна для славян і балтаў. З археал. раскопак вядомы пласціністыя (арнаментаваныя насечкамі, часта з падвескамі) і вітыя. Грыўні шыйныя сярэбраныя, зрэдку залатыя, былі адзнакамі ўлады. Асноўная знаходка Казярожскіх скарбаў.
т. 5, с. 485