ГРЫ́ЎДА,
рака ў Слонімскім р-не Гродзенскай вобл. і Івацэвіцкім р-не Брэсцкай вобл., левы праток Шчары (бас. Нёмана). Даўж. 85 км. Пл. вадазбору 1330 км². Пачынаецца каля в. Варонічы Слонімскага р-на, цячэ па Слонімскім узв. Асн. прытокі: Була, Булянка, Руднянка, Бусяж (злева), Любішчанскі канал (справа).
Даліна выразная, шыр. ад 1 да 1,5 км, у вярхоўі не выражана. Пойма двухбаковая, у сярэднім цячэнні забалочаная, у асобных мясцінах перасечаная старыцамі і асушальнымі каналамі. Рэчышча ў вярхоўі і на асобных участках каналізаванае. Берагі стромкія, выш. 1—2 м. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 6,3 м³/с. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. На ўскраіне г. Івацэвічы зона адпачынку, ніжэй горада ўздоўж ракі насыпныя дамбы.
т. 5, с. 485
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)