Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГРЫГО́НІС Генрых Юр’евіч

(20.5.1889, в. Пабяржэ Вільнюскага р-на, Літва — 4.11.1955),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1941). У 1908—15 працаваў у антрэпрызах на Д.Усходзе, у 1917—19 у т-рах Петраграда. У 1919 у Першым т-ве бел. драмы і камедыі (выканаў ролі Пустарэвіча, Старца ў «Паўлінцы» і «Раскіданым гняздзе» Я.Купалы). З 1920 у Бел. т-ры імя Я.Купалы. Акцёр яркай сцэн. індывідуальнасці; яму былі ўласцівы вострая камедыйнасць і лірыка-драм. афарбоўка роляў. Створаныя ім нар. характары адметныя сакавітым гумарам, нац. каларытам: Даніла («На Купалле» М.Чарота), Каваль («Каваль-ваявода» Е.Міровіча), Мікола («Салавей» З.Бядулі), Анісім («Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка), Нічыпар, Сымон Верас («Хто смяецца апошнім», «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы). У класічным рэпертуары асаблівы поспех меў у ролі Журдэна («Мешчанін у дваранах» Мальера). Сярод інш. значных роляў: Дзяк («Пісаравы імяніны» У.Галубка), Людавіка («Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі). Здымаўся ў кіно: «Кармялюк», «Хто смяецца апошнім» і інш.

т. 5, с. 475

ГРЫГО́Р’ЕЎ Андрэй Аляксандравіч

(1.11.1883, С.-Пецярбург — 2.9.1968),

расійскі фізіка-географ. Акад. АН СССР (1939). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1907), вывучаў геаграфію ў Берлінскім і Гайдэльбергскім ун-тах. У 1909—16 супрацоўнік аддзела геаграфіі Энцыклапедычнага слоўніка Бракгаўза і Эфрона. Арганізатар і кіраўнік (да 1951) Ін-та геаграфіі АН СССР, гал. рэдактар Кароткай геагр. энцыклапедыі (1960—66). Праводзіў даследаванні на поўначы СССР, Урале, у Якуціі. Працы прысвечаны агульнай тэорыі фіз. геаграфіі, прынцыпам і метадам фіз.-геагр. раянавання, характарыстыцы тыпаў геагр. асяроддзя, гісторыі развіцця геагр. думкі. Дзярж. прэмія СССР 1947. Залаты медаль імя М.М.Пржавальскага (1928), Вял. залаты медаль Геагр. т-ва СССР (1965).

т. 5, с. 476

ГРЫГО́Р’ЕЎ Апалон Аляксандравіч

(каля 1.8.1822, Масква — 7.10.1864),

рускі літаратурны крытык і паэт. Скончыў Маскоўскі ун-т (1842). У 1850—56 вядучы крытык час. «Москвитянин». Напачатку яго артыкулам характэрна рамантызацыя патрыярхальнага ўкладу (асабліва прыхільна ставіўся да твораў А.М.Астроўскага), пазней — гістарызм крытычнага метаду («Погляд на рускую літаратуру пасля смерці Пушкіна», 1859; «Пасля «Навальніцы» Астроўскага», 1860; «Аб развіцці ідэі народнасці ў нашай літаратуры» 1861—62; «Вершы М.Някрасава», 1862). Лірычны герой паэт. твораў Грыгор’ева — рамант. асоба лермантаўскага тыпу з высокімі і стыхійнымі страсцямі (драма «Два эгаізмы» і паэма «Алімпій Радзін», абедзве 1845; зб. «Вершы», 1846; цыкл «Барацьба», 1857). Аўтар апавяданняў, аўтабіягр. аповесцей.

Тв.:

Соч. Т. 1—2. М., 1990.

Літ.:

Носов С.Н. Аполлон Григорьев: Судьба и творчество. М., 1990.

т. 5, с. 476

ГРЫГО́Р’ЕЎ Афанасій Рыгоравіч

(21.1.1782, слабада Васільеўская, Тамбоўская вобл., Расія — 13.5.1868),

рускі архітэктар, прадстаўнік маст. ампіру. Да 1804 прыгонны. Вучыўся ў І.Дз.Жылярдзі, у Крамлёўскай арх. школе. З 1808 да 1840-х г. гал. архітэктар маск. Выхаваўчага дома. Сярод работ у Маскве: дамы Селязнёвай (цяпер Музей А.С.Пушкіна, 1814), Лапухіна — Станіцкай (цяпер Музей Л.М.Талстога), царква Вял. Ушэсця каля Нікіцкіх варот (1820-я г.); шэраг сядзібных дамоў у Маскоўскай вобл. У апошнія гады працаваў у духу эклектычнай архітэктуры.

т. 5, с. 477

ГРЫГО́Р’ЕЎ Вісарыён Вісарыёнавіч

(н. 17.4.1907, г. Данкоў Ліпецкай вобл., Расія),

савецкі ваенна-марскі дзеяч. Віцэ-адмірал (1945). Канд. геагр. н. (1965). Скончыў Вышэйшае ваен.-марское вучылішча імя Фрунзе (1930), Ваен.-марскую акадэмію (1940). У ВМФ з 1926. Служыў у Далёкаўсходняй (Амурскай) ваен. флатыліі (1930—37). Нач. штаба Дняпроўскай (1940), Дунайскай (1940—41), Волжскай (1943) ваен. флатылій, Новарасійскай ваен.-марской базы (1941—42). Камандуючы Дняпроўскай ваеннай флатыліяй (1943—45). Удзельнік абароны Ачакава, Мікалаева, Херсона, Керчы, Адэсы, Севастопаля, Каўказа, баявых дзеянняў на Волзе, Беларускай аперацыі 1944, вызвалення Польшчы, штурму Берліна. З 1947 у ледакольным флоце (Зах. Арктыка), у ін-це «СаюзморНДІпраект». Аўтар кніг «І караблі штурмавалі Берлін» (1984), «Дэсант у Берлін» (1989).

Р.К.Паўловіч.

т. 5, с. 477

ГРЫГО́Р’ЕЎ Георгій Сцяпанавіч

(1924, в. Лажкі Мажайскага р-на Маскоўскай вобл. — 20.1.1944),

удзельнік вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў у Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза(1944). Вызначыўся ў 1944 у баях каля Віцебска: у вырашальны момант бою цяжка паранены камандзір групы разведчыкаў сяржант Грыгор’еў закрыў сваім целам варожы кулямёт, чым забяспечыў паспяховае выкананне задання.

т. 5, с. 477

ГРЫГО́Р’ЕЎ Даніла, разьбяр па дрэве 2-й пал. 17 ст. Родам з Віцебска. Вучань Іпаліта (Старца). Працаваў у Маскоўскай Аружэйнай палаце. Рабіў іканастасы, клірасы, куфры, шафы, цацкі для царэвічаў. Разам з Я.Анціп’евым і Я.Юр’евым упрыгожыў гербамі і «рознымі вуглавымі слупкамі» царскую карэту.

т. 5, с. 477

ГРЫГО́Р’ЕЎ Павел Васілевіч

(н. 20.3.1923, С.-Пецярбург),

бел. спартсмен і трэнер (вольная барацьба). Майстар спорту (1956). Засл. трэнер Беларусі (1961), засл. трэнер СССР (1963). Засл. дзеяч фіз. культуры Беларусі (1972). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1952). З 1976 дацэнт кафедры спарт. барацьбы Акадэміі фіз. выхавання і спорту. У 1964—76 трэнер зборнай каманды СССР па вольнай барацьбе — пераможцы Алімпійскіх гульняў (1964, 1968, 1972), чэмпіянатаў свету (1970—71, 1973—76), Еўропы (1970—71, 1973—76). Сярод выхаванцаў А.Мядзведзь, Л.Кітоў.

т. 5, с. 477

ГРЫГО́Р’ЕЎ Самуіл

(Самошка),

майстар-цаніннік 2-й пал. 17 ст. Родам з Копысі (Аршанскі р-н). У 1654 узяты патрыярхам Ніканам у Валдайскі манастыр для цаніннай справы, потым на будоўлю Новаіерусалімскага храма ў г. Істра. Працаваў у Аружэйнай палаце ў Маскве. У 1667—68 рабіў кафлі для Каломенскага палаца цара Аляксея Міхайлавіча.

т. 5, с. 477

ГРЫГО́Р’ЕЎ Сяргей Аляксеевіч

(5.7.1910, г. Луганск, Украіна — 9.4.1988),

украінскі жывапісец і графік. Нар. мастак СССР (1974), правадз. чл. АМ СССР (1958). Вучыўся ў Кіеўскім маст. ін-це (1928—32), выкладаў у ім (1934—60; праф. з 1947). Творы на тэмы маралі і выхавання моладзі: «Варатар» (1949), «Абмеркаванне двойкі» (1950), «Вярнуўся» (1954), «Цікавая кніга» (1974), «Мірная зямля» (1975), «Сястра і брат» (1985) і інш. Аўтар партрэтаў І.С.Конева (1947), П.Усенка (1959), П.Панча (1967), М.Бажана (1976) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1950, 1951.

т. 5, с. 477