Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ГРЫГАРО́ВІЧ (Юрый Мікалаевіч) (н. 2.1.1927, С.-Пецярбург),

рускі артыст балета, балетмайстар, педагог. Нар. арт. СССР (1973). Герой Сац. Працы (1986). Праф. (1973). Прэзідэнт Камітэта танца Міжнар. ін-та т-ра (1975—85), Асацыяцыі дзеячаў харэаграфіі (з 1989), фонду «Рускі балет» (з 1990). Скончыў Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1946). З 1946 саліст, з 1961 балетмайстар Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава. Выконваў пераважна гратэскавыя партыі. У 1964—95 гал. балетмайстар Вял. т-ра ў Маскве. Спектаклі Грыгаровіча ўключаюць складаныя формы харэаграфічнага сімфанізму, класічны танец у іх узбагачаны элементамі інш. танц. сістэм, балеты класічнай спадчыны набываюць сучаснае гучанне. Сярод пастановак: «Каменная кветка» (1957), «Іван Грозны» (1975), «Рамэо і Джульета» (1979) С.​Пракоф’ева, «Легенда аб каханні» А.​Мелікава (1961, 1965), «Шчаўкунок» (1966), «Лебядзінае возера» (1969), «Спячая прыгажуня» (1963, 1973) П.​Чайкоўскага, «Спартак» А.​Хачатурана (1968, Ленінская прэмія 1970), «Ангара» А.​Эшпая (1970), «Залаты век» Дз.​Шастаковіча (1982), «Раймонда» А.​Глазунова (1984), «Баядэрка» Л.​Мінкуса (1991), «Карсар» А.​Адана і Ц.​Пуні (1994; усе паводле яго ўласных сцэнарыяў). Дзярж. прэміі СССР 1977, 1985.

т. 5, с. 474

ГРЫГАРО́ВІЧ-БА́РСКІ (Іван Рыгоравіч) (1713, Кіеў — 1785),

украінскі архітэктар. Вучыўся ў Кіева-Магілянскай акадэміі. Працаваў у традыц. прыёмах укр. барока, часам з выкарыстаннем элементаў ранняга рус. класіцызму. Пабудаваў у Кіеве: гар. водаправод на Падоле з павільёнам-фантанам «Феліцыян» (1748—49, не збярогся), цэрквы Пакроўскую (1766) і Ніколы Набярэжнага (1772—85), гасціны рад (1778), надбрамную званіцу ў Кірылаўскім манастыры (1748—60, не захавалася), а таксама магістрат у г. Казялец (каля 1756).

Літ.:

Заболотний В. Український архітектор XVIII століття Григорович-Барський // Українська література. 1942. № 5—6.

т. 5, с. 474

Грыгаровіч Ядвіга Дамінікаўна

т. 18, кн. 1, с. 374

ГРЫГАРЫ́ШЫН (Іван Лявонцьевіч) (н. 25.8.1931, с. Грынчук Хмяльніцкай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне электроннай оптыкі і мікраэлектронікі. Д-р тэхн. н. (1988). Скончыў Чарнавіцкі дзярж. ун-т (1955). З 1961 у Ін-це электронікі АН Беларусі. Навук. працы па мадэляванні і разліку электронна-аптычных сістэм, вакуумнай мікраэлектроніцы. Распрацаваў вакуумныя інтэгральныя мікрасхемы для звышжорсткіх умоў эксплуатацыі, тэхнал. працэсы стварэння магн. галовак запісу і счытвання інфармацыі.

Тв.:

Моделирование электронно-оптических систем на сетках сопротивлений. Мн., 1974 (разам з С.​Л.​Мельнікавым, І.​І.​Беланучкінай).

т. 5, с. 474

ГРЫГАРЫ́ШЫНА (Валянціна Іванаўна) (н. 4.7.1942, г.п. Лясны Кіраўскай вобл., Расія),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1962), Бел. тэатр.-маст. Ін-т (1968). Сярод работ у кераміцы — кампазіцыі «Восеньскі букет» (1983), «Старое люстэрка» (1991); цыкл аб’ёмнай пластыкі з фаянсу «Ноч нараджэння», «Пейзаж з птушкай», «Дрэва, якое спявае» і інш. (1989); серыя дэкар. пластоў «І ўпала на зямлю зорка» (1996) і інш. Аўтар габеленаў «Залаты сад» (1979, з Г.​Гаркуновым) у пасольстве Беларусі ў Індыі, габелены-заслоны «Натхненне» (1982, з Гаркуновым) для Барысаўскага Палаца культуры, «Шчодрасць зямлі бацькоў» (1984). Творчая манера вылучаецца дакладнасцю трактоўкі вобразна-пластычнай ідэі, тонкім адчуваннем колеру.

В.Грыгарышына. Серыя дэкаратыўных пластоў «I ўпала на зямлю зорка...». 1996.

т. 5, с. 475

ГРЫГАРЫ́ШЫНА (Ірына Валер’еўна) (н. 5.4.1966, Мінск),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Дачка В.І.Грыгарышынай. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1981), Бел. АМ (1993). Працуе пераважна ў фарфоры. Сярод твораў: кампазіцыі «Метамарфозы», «Зімовы сад», серыі анімалістычнай пластыкі «Знакі задыяка», дэкар. блюд «Папараць-кветка», кубкаў «Адвечнае», сервізы «Тэатральны», «Перламутр», «Рэтра», «Святочны», «Брыганціна» і інш. (усе 1992—96). Валодае вытанчаным пачуццём колерапластыкі, стварае адметную вобразнасць і стылістыку.

І.Грыгарышына. Рэтра. 1996.

т. 5, с. 475

ГРЫГАРЫЯ́НСКІ КАЛЯНДА́Р,

гл. ў арт. Новы стыль.

т. 5, с. 475

ГРЫГАРЫЯ́НСКІ ХАРА́Л (ад лац. cantus gregorianus),

традыцыйнае літургічнае манадыйнае песнапенне рымска-каталіцкай царквы. Выконваецца ва унісон мужчынскім хорам або салістам ці групай салістаў (лац. schola) і хорам. Моўная аснова — латынь. Адбор і кананізацыя тэкстаў і напеваў пачаты ў канцы 6 ст. пры папе рымскім Грыгорыю I Вялікім (адсюль назва). Мелодыка падпарадкавана богаслужэбнаму тэксту, заснаванаму на нерэгулярным чаргаванні доўгіх і кароткіх працягласцей. Ладава-інтанацыйная аснова — 8 сярэдневяковых дыятанічных, т.зв. царкоўных, ладоў (модусаў). Грыгарыянскі харал стаў асновай ранніх формаў еўрап. поліфаніі (арганум, дыскант).

т. 5, с. 475

ГРЫГАРЭ́СКУ ((Grigorescu) Нікалае Іон) (15.5.1838, с. Пітару, пав. Дымбавіца, Румынія — 21.7.1907),

румынскі жывапісец. Вучыўся ў Бухарэсце (да 1885) і ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы. У 1861—87 (з перапынкамі) жыў і працаваў у Францыі; прыхільнік барбізонскай школы жывапісу. З 1887 пераважна ў Бухарэсце. Пісаў пейзажы, партрэты, гіст., батальныя і жанравыя кампазіцыі. Яго творы («Сялянка з Мусчэла», 1877; «Штурм Смырдана», 1885; «Воз, запрэжаны валамі», каля 1890, і інш.) вызначаюцца рэаліст. формай, свабоднай маст. манерай, свежым каларытам і стрыманасцю светлай колеравай гамы.

Н.Грыгарэску. Заезны дом у Арэцыі.

т. 5, с. 475

ГРЫГАР’Я́НЦ (Армен Багратавіч) (28.9.1918, г. Андыжан, Узбекістан — 24.3.1976),

бел. мастак т-ра. Засл. дз. маст. Беларусі (1955). Скончыў Ленінградскае маст.-пед. вучылішча (1939). Працаваў у т-рах Ташкента, Вільні і інш. З 1953 гал. мастак Дзярж. рус. драм. т-ра Беларусі, з 1962 гал. мастак Бел. т-ра імя Я.​Купалы. З 1958 выкладаў таксама ў Бел. тэатр.-маст. ін-це. Творчасці Грыгар’янца ўласцівы глыбокае разуменне жанравай асновы спектакля, выразнасць зрокавых вобразаў, арган. адзінства традыцыйнага і наватарскага. Сярод лепшых спектакляў: «Кароль Лір» У.​Шэкспіра (1953), «Аптымістычная трагедыя» У.​Вішнеўскага (1957), «Беспасажніца» А.​Астроўскага (1962) у Рус. т-ры; «Каварства і каханне» Ф.​Шылера (1953), «Салавей» З.​Бядулі (1956), «Забыты ўсімі» Назыма Хікмета (1958), «Чацвёрты» К.​Сіманава (1962), «Я, бабуся, Іліко і Іларыён» Н.​Думбадзе і Р.​Лордкіпанідзе (1965), «Людзі на балоце» паводле І.​Мележа (1966, з Б.​Герлаванам), «Трыбунал» А.​Макаёнка (1971), «У ноч зацьмення месяца» М.​Карыма (1972), «Забыць Герастрата!» Р.​Горына (1974), «Гульня з кошкай» І.​Эркеня (1976) у т-ры імя Я.​Купалы; «Багема» Дж.​Пучыні і «Рыгалета» Дж.​Вердзі (1968) у Дзярж. т-ры оперы і балета. Маст. і рэж. спектакляў «Матухна Кураж і яе дзеці» Б.​Брэхта (1962, Рус. т-р) і «Цудоўная дудка» В.​Вольскага (1968, Бел. рэсп. т-р юнага гледача). Мастак кінафільмаў «Палеская легенда» (1957), «Чырвонае лісце» (1958, абодва з У.​Белавусавым) і інш.

П.​А.​Карнач.

А.Грыгар’янц. Эскізы касцюмаў да спектакля «Матухна Кураж і яе дзеці» Б.​Брэхта.
А.Грыгар’янц. Эскіз дэкарацый да спектакля «Брэсцкая крэпасць» К.​Губарэвіча.

т. 5, с. 475