Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КІМ ТЭ ЧЖУН (н. 3.12.1925, г. Мопкха, Карэя),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Рэспублікі Карэя. Скончыў ун-т Кенхі. Чл. Новай дэмакр. партыі, кандыдат ад яе на прэзідэнцкіх выбарах 1971. Выступаў супраць аўтарытарнага рэжыму прэзідэнта Пак Чжон Хі, неаднаразова быў арыштаваны. Пасля забойства апошняга як адзін з лідэраў апазіцыі асуджаны на пакаранне смерцю (заменена на пажыццёвае зняволенне). Вызвалены ў 1982, выехаў у ЗША. У 1985 вярнуўся на радзіму, разам з Кім Ен Самам (да 1987) узначальваў рух за дэмакратызацыю краіны. У 1991—92 лідэр Дэмакр. партыі. З 1998 прэзідэнт Рэспублікі Карэя.

В.У.Адзярыха.

т. 8, с. 262

КІМ ХАНДО́ (псеўд. Тан Вон, Тан Гу, Са Нын, Камін, Каса Сахо, Кадза; 1760, Карэя — 1820),

карэйскі жывапісец. Рабіў партрэты, пейзажы і жанравыя кампазіцыі на тэмы нар. жыцця ў традыцыях нац. жывапісу тушшу і вадзянымі фарбамі, выкарыстоўваў вопыт еўрап. мастацтва. Творам уласцівы лінейна-графічная манера, вастрыня жыццёвых назіранняў: «Вадаспад дзевяці драконаў», «Скалы ў моры», «Вяртанне кітайскага навукоўца Му-і», «Месяц над кустамі», «Хлопчык іграе на флейце», 2 альбомы «Пейзажы, ажыўленыя персанажамі, жывёламі і птушкамі», аўтапартрэт, васьмістворкавая шырма «Групавая выява бессмяротных» і інш.

Кім Хандо. Вадаспад дзевяці драконаў. Канец 18 ст.

т. 8, с. 262

КІМ ЧЭН ІР (н. 16.2.1942, паводле афіц. звестак лагер кар. партызан каля гары Пэктусан на Пн Карэі),

дзяржаўны, парт. і ваен. дзеяч Кар. Нар.-Дэмакр. Рэспублікі (КНДР). Сын Кім Ір Сена. Скончыў Пхеньянскі ун-т (1964). Працаваў у апараце ЦК Прац. партыі Карэі (ППК).З 1973 сакратар ЦК, з 1974 чл. Паліткамітэта ЦК, з 1980 чл.

Прэзідыума Палітбюро ЦК ППК і чл. Цэнтр. ваен. к-та ППК. У 1980 афіцыйна абвешчаны пераемнікам Кім Ір Сена. З крас. 1993 старшыня К-та абароны КНДР. Пасля смерці Кім Ір Сена (ліп. 1994) фактычны кіраўнік КНДР, у т. л. вярх. галоўнакамандуючы. Ген. сакратар ЦК ППК з 1997.

т. 8, с. 262

КІН (Kean),

англійскія акцёры, бацька і сын. Эдмунд (17.3.1787, Лондан — 15.5.1833), прадстаўнік англ. сцэн. рамантызму. З 1799 вандроўны акцёр, выступаў у правінцыяльных т-рах. У 1814 дэбютаваў на лонданскай сцэне ў т-ры «Друры-Лейн». Лепшы трагічны акцёр Англіі: Шэйлак («Венецыянскі купец» У.Шэкспіра), Атэла, Гамлет, Макбет, Рычард III, Рычард II (усе аднайм. п’есы Шэкспіра). Яму быў уласцівы яркі сцэн. тэмперамент, экспрэсіўнасць, псіхал. паглыбленасць. Чарлз Джон (18.1.1811, г. Уотэрфард, Ірландыя — 22.1.1868). Сын Эдмунда. Вучыўся ў Ітане. Дэбютаваў у 1827 у т-ры «Друры-Лейн». У 1850—59 узначальваў т-р «Прынсес». Паставіў 20 спектакляў па п’есах Шэкспіра, у некат. іграў сам. Адзін з першых увёў у практыку працяглы паказ адной п’есы. У 1863—67 гастраліраваў у Аўстраліі, Паўд. Амерыцы, ЗША.

Літ.:

Минц Н. Эдмунд Кин. М., 1957.

т. 8, с. 262

КІНА... (ад грэч. kineō рухаю), пачатковая частка складаных слоў, якая паказвае на іх адносіны да кінематаграфіі, напр., кінастудыя, кіначасопіс.

т. 8, с. 262

КІНААПАРА́Т,

гл. Кіназдымачны апарат.

т. 8, с. 262

КІНААПЕРА́ТАРСКАЕ МАСТА́ЦТВА гл. ў арт. Аператарскае мастацтва.

т. 8, с. 262

КІНАБА́ЛУ (Kinabalu),

горны масіў на Пн в-ва Калімантан, у Малайзіі. Выш. да 4101 м (найвыш. ў Малайскім архіпелагу). Складзены пераважна з гранітаў і гранадыярытаў. Трапічныя вечназялёныя і лістападныя лясы, вышэй 3500 м — хмызнякі і лугі. Фауна: гібон, арангутанг, суматранскі насарог, замбар, барадаты дзік, бантэнг, каля 600 відаў птушак. Нац. парк.

т. 8, с. 262

КІ́НАВАР (ад грэч. kinnabari),

мінерал класа сульфідаў, сульфід ртуці, HgS. Мае 86,2% ртуці. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Крышталі тоўстатаблітчастыя або ромбаэдрычныя.

Агрэгаты тонказярністыя, шчыльныя ці зямлістыя. Колер чырвоны да карычнева-чырвонага. Бляск алмазны ў чыстым мінерале або зямлісты, цьмяны (з прымесямі). Паўпразрысты. Цв. 2,5. Шчыльн. 8—8,2 г/см³. Гідратэрмальнага паходжання. Пашыраны ў выглядзе ўкрапін і жыл паблізу маладых вулканічных парод і гарачых крыніц. Трапляецца ў асацыяцыі з пірытам, марказітам, стыбнітам, сульфідам медзі ў жыльных пародах. Буйныя радовішчы на Украіне, у Іспаніі. Асноўная руда ртуці, таксама сыравіна для вырабу маст. фарбаў.

У.Я.Бардон.

Кінавар.

т. 8, с. 262

КІНАДРАМАТУРГІ́Я,

галіна літаратурна-кінематаграфічнай творчасці; твор К. — сцэнарыйліт. і ідэйна-маст. аснова фільма.

Узнікла і фарміравалася ў працэсе развіцця кінематаграфіі ў выніку творчага засваення вобразных сродкаў літ. прозы і драматургіі ў непасрэднай сувязі з развіццём спецыфічных сродкаў выразнасці кінамастацтва. Па паходжанні і прызначэнні мае дваістую прыроду: сцэнарый з’яўляецца адначасова літ. (публікуецца самастойна) і кінематаграфічным творам, прызначаным для ўзнаўлення на экране. К. вызначае своеасаблівасць увасаблення канфлікту ў сцэнарыі, у будове сюжэта, спецыфіцы кампазіцыі, спосабах характарыстыкі персанажаў. Кінадраматургі звяртаюцца да непасрэднага адлюстравання рэчаіснасці або адаптуюць для экрана літ. творы (гл. Экранізацыя). На розных этапах развіцця кіно ў розных кінематаграфіях свету існавалі розныя погляды на сутнасць і функцыю К. У сучаснай К. існуе імкненне да спалучэння вобразных сродкаў, яна стала больш свабоднай, разнастайнай па драматургічных канструкцыях, валодае багатай жанравай і стылявой палітрай. У развіццё К. зрабілі ўклад кінадраматургі, кінарэжысёры, літаратары розных краін: Д.Грыфіт, Ч.Чаплін, Д.Нікалс, Б.Хект, О.Уэлс (ЗША), Ж.Прэвер, Ф.Труфо, А.Рэнэ (Францыя), Ч.Дзаваціні, Ф.Феліні, Т.Гуэра (Італія), І.Бергман (Швецыя), А.Курасава (Японія) і інш. На фарміраванне сав. К. паўплывалі Я.Габрыловіч, С.Герасімаў, А.Даўжэнка, Н.Зархі, В.Туркін, Ю.Тынянаў, В.Шклоўскі, С.Эйзенштэйн і інш. Сярод найб. вядомых сцэнарыстаў апошніх дзесяцігоддзяў А.Агішаў, А.Адабаш’ян, Э.Брагінскі, А.Грэбнеў, Ю.Дунскі, Р.Ібрагімбекаў, А.Міндадзе, В.Мярэжка, П.Фін, В.Фрыд і інш.

У станаўленні бел. К. ў 1920—30-я г. ўдзельнічалі бел. пісьменнікі М.Чарот («Лясная быль», 1926, паводле яго аповесці «Свінапас»), П.Броўка («Хто твой сябар?», 1934, паводле яго аповесці «Каландры»), Я.Маўр («Палескія рабінзоны», 1935), З.Бядуля («Салавей», 1937, з М.Таўбе) і інш.; прафес. сцэнарысты А.Вольны («Хвоі гамоняць», 1929; «У агні народжаная» і «Атэль «Савой», 1930), Р.Кобец («Ураган», 1931, з Б.Брадзянскім; «Двойчы народжаны», 1934; «Шукальнікі шчасця», 1936, з І.Зэльцэрам) і інш. З канца 1940-х г. сцэнарыі стваралі бел. пісьменнікі А.Маўзон («Канстанцін Заслонаў», 1949), К.Крапіва («Пяюць жаваранкі», 1950; «Хто смяецца апошнім», 1954), М.Лынькоў («Міколка-паравоз», 1957, з М.Садковічам), А.Куляшоў («Чырвонае лісце», 1958, з А.Кучарам), Кучар («Гадзіннік спыніўся апоўначы», 1958, з М.Фігуроўскім), К.Губарэвіч («Дзяўчынка шукае бацьку», 1959, з Я.Рысам; «Паланэз Агінскага», 1971), В.Быкаў («Трэцяя ракета», 1963; «Альпійская балада», 1966; «Доўгія вёрсты вайны», «Дажыць да світання», абодва 1975; «Воўчая зграя», 1976; «Абеліск», 1977; «Яго батальён», 1989), А.Адамовіч («Вайна пад стрэхамі», 1970; «Сыны ідуць у бой», 1971; «Ідзі і глядзі», 1985, з Э.Клімавым), І.Шамякін («Хлеб пахне порахам», 1974; «Вазьму твой боль», 1981; «Эпілог», 1994, з І.Дабралюбавым), А.Петрашкевіч («Нядзельная ноч», 1977), М.Матукоўскі («Сын старшыні», 1976; «Мудрамер», 1988), У.Караткевіч («Дзікае паляванне караля Стаха», 1980, з В.Рубінчыкам; «Чорны замак Альшанскі», 1984), А.Дудараў («Белыя росы», 1984; «Восеньскія сны», 1987) і інш. Часам сцэнарыі ствараліся калектывамі аўтараў, у якія ўваходзілі кінадраматургі, кінарэжысёры, пісьменнікі («Час яе сыноў», 1976, А.Каштанаў, В.Тулушаў, В.Тураў; «Трэцяга не дадзена», 1981, А.Асіпенка, М.Балгарын, М.Пяцігорская). У 1980—90-я г. працуюць кінадраматургі Ф.Конеў («Асабістая зацікаўленасць», 1986; «Усе кагосьці кахаюць», 1988; «Белае возера», 1992, з І.Белавусам; «Ятрынская ведзьма», 1991, паводле В.Адамчыка; «Чорны бусел, 1993), А.Зайцаў («На чыгунцы», 1988; «Франка», «Мёд асы», абодва 1991) і інш. Здымаліся таксама фільмы па сцэнарыях пісьменнікаў Л.Касіля, А.Ліханава, Ю.Нагібіна, П.Ніліна, І.Стаднюка, В.Токаравай, Ю.Эдліса, Ю.Якаўлева і інш., кінадраматургаў Балгарына, Я.Грыгор’ева, А.Ініна, В.Мярэжкі, У.Трыфанава, П.Фіна, В.Чарных і інш.

Літ.:

Вайсфельд И.В. Новая область литературы. М., 1970;

Яго ж. О сущности кинодраматургии. М., 1981;

Белова Л.И. Советская кинодраматургия. М., 1981.

Л.М.Зайцава.

т. 8, с. 263