Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАЗА́НЦАЎ (Аляксандр Пятровіч) (н. 2.9.1906, г. Астана, Казахстан),

рускі пісьменнік. Скончыў Томскі тэхнал. ін-т (1930). Аўтар навук.-фантаст. раманаў «Палаючы востраў» (1939—40), «Арктычны мост» (1946), «Мол «Паўночны» (1952, новая рэд. «Падводнае сонца», 1970), «Фаэты» (кн. 1—3, 1971—73), «Купал надзеі» (1980—81), «Вастрэй за шпагу» (1983), «Мост дружбы» (1985), аповесцей «Месячная дарога» (1960), «Планета бур» (1959, экранізацыя 1961), «Дар Каісы» (1975), апавяданняў, нарысаў. Асн. тэмы твораў — асваенне Паўн. Ледавітага ак., заваяванне космасу, кантакты з прадстаўнікамі інш. планет.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1977—78.

С.​Ф.​Кузыміна.

т. 7, с. 415

КАЗА́НЦАЎ (Барыс Дзмітрыевіч) (30.1.1926, г. Рыбінск Яраслаўскай вобл., Расія — 15.3.1995),

бел. спявак (лірыка-драм. барытон). Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Муз. вучылішча імя Рымскага-Корсакава пры Ленінградскай кансерваторыі (1956). З 1956 у Вял. т-ры ў Маскве. З 1958 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1962 саліст Новасібірскага і Пермскага т-раў оперы і балета. У 1966—95 (з перапынкам) саліст Бел. філармоніі, у 1976—83 — Бел. радыё. Валодаў голасам вял. дыяпазону, прыгожага тэмбру. Яго індывідуальнасці найб. адпавядалі партыі драм. плана. Упершыню выканаў ролю Сцяпана ў оперы А.​Туранкова «Яснае світанне». З інш. партый на бел. сцэне: Скарпія («Тоска» Дж.​Пучыні), Рыгалета, Рэната, Аманасра («Рыгалета», «Баль-маскарад», «Аіда» Дж.​Вердзі), Сільвіо («Паяцы» Р.​Леанкавала), Эскамільё («Кармэн» Ж.​Бізэ), Томскі, Ялецкі («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Ведзянецкі госць («Садко» М.​Рымскага-Корсакава), Князь Ігар («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Дэман («Дэман» А.​Рубінштэйна).

т. 7, с. 415

КАЗА́НЬ,

горад, сталіца Татарстана, у Расійскай Федэрацыі, на левым беразе р. Волга, каля ўпадзення р. Казанка. 1085 тыс. ж. (1996). Вузел чыгунак, рачны порт, аэрапорт. Прам-сць: машынабуд. і металаапр. (з-ды авіяц., маторабуд., ЭВМ, медыка-інструментальны, газавай апаратуры і інш.), хім. і нафтахім. (каўчук, кінафотаплёнка), лёгкая (футравая, гарбарная і інш.), харчовая; вытв-сць будматэрыялаў. 11 ВНУ, у т. л. ун-т (з 1804), кансерваторыя.

Засн. ў 1177 волжскімі балгарамі. З канца 13 ст. пагран. крэпасць (наз. Булгараль-Джадзід ці Новы Булгар) на ПнЗ Балгарыі Волжска-Камскай. У 13—14 ст. сталіца Казанскага княства. У 1399 зруйнавана войскам маск. князя Юрыя Дзмітрыевіча. З 15 ст. эканам. і ганда. цэнтр Сярэдняга Паволжа, сталіца Казанскага ханства. У 1552 заваявана войскам Івана IV Грознага і далучана да Расіі. З 1708 губ. горад. У 1714 узнікла першая мануфактура (суконная), у 1718 — адміралцейства (дзейнічала да 1827). У ліп. 1774 горад узяты штурмам атрадамі Е.​І.​Пугачова і спалены. У Вял. Айч. вайну ў горадзе размяшчаліся эвакуіраваныя з зах. раёнаў СССР прадпрыемствы, установы, людзі, у т. л. з Беларусі.

У цэнтры горада — крэмль са сценамі і вежамі (16 ст., рэканструяваны ў 17 і 19 ст), Благавешчанскім саборам (1562, дойліды Поснік Якаўлеў, І.​Шырай), дазорнай вежай Сююмбекі (канец 17—1-я пал. 18 ст., падмурак, магчыма, 16 ст.; выш. 58 м), губернатарскім палацам (сярэдзіна 19 ст., арх. К.​А.​Тон і В.​Морган; цяпер будынак Вярх. Савета Татарстана). Сярод інш. арх. помнікаў: Петрапаўлаўскі сабор (1723—26 з 6-яруснай званіцай; цяпер планетарый), дом Міхляева (пач. 18 ст.), мячэць Марджані (1766; элементы рус. барока, матывы тат. арнаменту); у стылі класіцызму — Казанскі ун-т (гал. будынак 1825, арх. П.​Г.​Пятніцкі; б-ка, анатамічны т-р, абсерваторыя, 1830-я г., арх. М.​П.​Карынфскі). Пасля 1960-х г. створана пл. Свабоды з будынкам т-ра оперы і балета імя М.​Джаліля; пабудаваны стадыён, рачны вакзал, цырк, канцэртная зала кансерваторыі, гасцініца «Татарстан», Музей выяўл. мастацтваў Татарстана і інш. На берагах рэк Казанка і Волга развіваецца адм. і грамадскі цэнтр горада.

Казань. Крэмль.

т. 7, с. 415

Казаравец Мікалай Уладзіміравіч

т. 18, кн. 1, с. 397

КАЗА́РКА (Rhynchites bacchus),

жук сям. даўганосікаў. Пашыраны ў Азіі, Сярэдняй і Паўд. Еўропе, у т. л. на Беларусі.

Даўж. да 7 мм. Ярка афарбаваны жук, укрыты карычневымі валаскамі, на надкрылах падоўжныя кропкавыя баразёнкі. Жукі пашкоджваюць пупышкі, лісце, бутоны і кветкі, плады семечкавых і костачкавых культур, садзейнічаюць распаўсюджванню ўзбуджальнікаў пладовай гнілі. Лічынкі даўж. да 9 мм, жоўта-белыя з карычневай галавой. Кормяцца пашкоджанай маніліёзам тканкай. Лічынкі акукліваюцца ў глебе. Развіваюцца 1—2 гады.

Казарка.

т. 7, с. 415

КАЗА́РКІ (Branta),

род вадаплаўных птушак сям. качыных атр. гусепадобных. 5 відаў. Пашыраны на Пн Еўразіі і Амерыкі, К. гавайская (B. sandvicensis) — на Гавайскіх а-вах. На Беларусі 2 віды: К. чорная (B. bemicla) трапляецца на веснавых і асенніх пралётах; К. чырвонаваллёвая (B. ruficollis) — рэдкі залётны від.

Даўж. да 90 см, маса да 2,3 кг, К. канадскай (B. canadensis) да 8 кг. Колер апярэння розны. Галава маленькая, дзюба кароткая, чорная, ногі чорныя. Добра ходзяць, плаваюць. Гняздуюцца разрэджанымі калоніямі. Гнёзды на зямлі, нясуць 3—5 яец. Кормяцца раслінамі. У Чырв. кнігу МСАП занесены 1 від і 1 падвід. К. чырвонаваллёвая занесена ў Чырв. кнігу Беларусі. К. называюць таксама 2 віды гусей з роду Anser гусь белалобую (A albifrons) і піскульку (A. erythropus).

Казаркі: 1 — чорная; 2 — чырвонаваллёвая.

т. 7, с. 416

КАЗА́РМА (італьян. caserma ад лац. casa домік, лагерны барак),

будынак з жылымі, службовымі і вучэбнымі памяшканнямі, прызначанымі для пастаяннага размяшчэння асабовага складу вайск. часцей. Спец. пабудовы для размяшчэння войск вядомы з часоў Стараж. Рыма і Карфагена. З 16 ст. К. будавалі ў Іспаніі, з 17 ст. — ў Францыі. У Расіі першыя К. пабудаваны ў 1741 у Пецярбургу. У дарэв. Расіі К. наз. таксама інтэрнат для рабочых пры фабрыках, промыслах і да т.п.

т. 7, с. 416

КАЗА́РСКІ (Аляксандр Іванавіч) (1798, г. Дуброўна Віцебскай вобл. — 28.6.1833),

ваенны дзеяч, герой руска-турэцкай вайны 1828—29, капітан 1-га рангу (1831). Скончыў Мікалаеўскае марское вучылішча (1814). Служыў на Чарнаморскім флоце (1814—17 і 1820—30), Дунайскай ваен. флатыліі (1817—20). У 1828 вызначыўся пры ўзяцці крэпасцей Анапа і Варна. У час разведкі 26.5.1829 каля Басфора 18-гарматны брыг «Меркурый» на чале з К. вёў 4-гадзінны бой з тур. лінкорамі «Селіміе» (110 гармат) і «Рэал-бей» (74 гарматы) і вымусіў іх адступіць. У 1831 К. адшукаў найкарацейшы водны шлях з Колы (Мурманск) у Пецярбург па рэках і азёрах з Белага м. ў Ладажскае воз. (праз 100 гадоў гэты шлях рэалізаваны ў Беламорска-Балтыйскі канал). У Севастопалі яму пастаўлены помнік з надпісам «Казарскаму. Нашчадкам у прыклад. 1834 год». Подзвігу экіпажа «Меркурыя» прысвечаны карціны І.К.Айвазоўскага «Брыг «Меркурый» пасля перамогі над двума турэцкімі суднамі сустракаецца з рускай эскадрай» (1848) і «Брыг «Меркурый», атакаваны двума турэцкімі караблямі» (1892).

Літ.:

Жизнеописания русских военных деятелей. Т. 1, вып. 2. СПб., 1885;

Ермоленко В.А. Моряк из Дубровно // Нёман. 1998. № 9.

В.​А.​Ярмаленка.

А.І.Казарскі.

т. 7, с. 416

Казарэзава Таццяна Іванаўна

т. 18, кн. 1, с. 397

КАЗА́ХІ (саманазва казах),

народ, асноўнае насельніцтва Казахстана (6,54 млн. чал., 1992). Жывуць таксама ва Узбекістане (808 тыс. чал.), Туркменістане (87 тыс. чал.), Кыргызстане (37 тыс. чал.), Таджыкістане і Рас. Федэрацыі (635,9 тыс. чал.), у КНР (1115 тыс. чал., 1992), Манголіі (125 тыс. чал.) і інш. Агульная колькасць 9,42 млн. чал. Гавораць на казахскай мове. Вернікі — мусульмане-суніты.

т. 7, с. 416