Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

МАРКІРО́ЎНЫ ГАРЫЗО́НТ, апорны гарызонт,

слой (пласт) у тоўшчах горных парод з устойлівымі адметнымі прыкметамі (літалагічны састаў, колер, зярністасць, мінер. ўключэнні, праслоі, арган. рэшткі і інш.). Важнейшы элемент пры геал. карціраванні, карэляцыі разрэзаў, дэшыфраванні аэрагеал. фотаздымкаў.

т. 10, с. 119

МАРКІТА́НТЫ (ням. Marketender ад італьян. mercatante гандляр),

дробныя гандляры прадуктамі харчавання і прадметамі салдацкага ўжытку, якія суправаджалі войскі ў паходах, на манеўрах і вучэннях, а таксама ў час вайны; мелі свае крамы ў ваен. гарнізонах. Вядомы з антычнасці. Найб. пашыраны ў эпоху феадалізму (у т. л. ў арміі ВКЛ), калі не было цэнтралізаванага забеспячэння войск. У Зах. Еўропе М. лічыліся неад’емным элементам войска. У Францыі і інш. краінах М. часцей былі жанчыны (маркітанткі); зрэдку яны насілі асобную форму адзення і выконвалі ролю сясцёр міласэрнасці. Дзейнасць М. рэгламентавалася адпаведнымі палажэннямі і вайсковымі статутамі. Служба М. існавала да пач. 20 ст.

т. 10, с. 119

МАРКІЯ́НАВІЧ Васіль, бел. мастак 18 ст. Напісаў абраз «Дэісус» (1758, захоўваецца ў Нац. маст. музеі Беларусі). Мяркуюць, што М. — аўтар абразоў «Благавешчанне» і «Пакровы» (абодва 1761), «Маці божая Адзігітрыя — Ушэсце» (1766; двухбаковы), «Тройца».

т. 10, с. 119

МАРКО́НІ ((Marconi) Гульельма) (25.4. 1874, г. Балоння, Італія — 20.7.19 37),

італьянскі фізік, інжынер і прадпрымальнік. Чл. Акадэміі дэі Лінчэі (1912), з 1930 яе прэзідэнт. З 1894 у Італіі, а потым у Англіі праводзіў доследы па практычным выкарыстанні эл.-магн. хваль. У 1896 падаў заяўку, у 1897 атрымаў патэнт на вынаходства спосабу бяздротавага тэлеграфавання (прынцып дзеяння сістэмы электрасувязі і схема радыёпрыёмніка М. былі тоеснымі тым, што 7.5.1895 прадэманстраваў А.С.Папоў, апублікаваныя ў жніўні 1895 і студзені 1896). У 1897 М. арганізаваў акц. т-ва і дасягнуў шырокага выкарыстання новага спосабу сувязі. У 1901 устанавіў радыёсувязь праз Атлантычны акіян. Нобелеўская прэмія 1909 (разам з ням. фізікам К.​Браўнам).

т. 10, с. 119

МАРКО́ЎНІК (Anthriscus),

род кветкавых раслін сям. парасонавых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі 2 віды М.; лясны (A. sylvestris, нар. назвы ствольны цвет, вадзяны кроп) і цьмянцовалісты, або кервель (A. cerefolium). Трапляюцца ў хмызняках, гаях, каля жылля.

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны. Сцёблы граністыя. Лісце складанарассечанае. Кветкі дробныя, белыя, жаўтаватыя ў парасонавых суквеццях. Плод — падоўжаны віслаплоднік. Культывуюць М. цьмянцовалісты як вострапрыпраўную расліну. Лек., агароднінныя, вострапрыпраўныя, меданосныя, эфіраалейныя расліны.

У.​П.​Пярэднеў.

Маркоўнік лясны.

т. 10, с. 119

МАРКО́ЎНІКАЎ (Уладзімір Васілевіч) (25.12.1837, г.п. Княгініна Ніжагародскай вобл., Расія — 11.2.1904),

расійскі хімік, заснавальнік навук. школы.

Скончыў Казанскі ун-т (1860), дзе і працаваў (з 1869 праф.). З 1871 у Новарасійскім (Адэса), з 1873 у Маскоўскім ун-тах. Навук. працы па тэарэт. арган. хіміі, арган. сінтэзе і нафтахіміі. Даследаваў ізамерыю і ўзаемны ўплыў атамаў у арган. злучэннях: устанавіў шэраг заканамернасцей рэакцый замяшчэння, далучэння і расшчаплення па падвойнай сувязі, у т. л. правіла, якое вызначае парадак далучэння элементаў галагенавадародных кіслот і вады да ненасычаных вуглевадародаў (правіла М.; 1869). Адкрыў новы клас вуглевадародаў — нафтэны (1863; тэрмін прапанаваны М.), ізамерыю тлустых кіслот (1865), рэакцыю ізамерызацыі цыклічных вуглевадародаў з памяншэннем цыкла (ізамерызацыю цыклагептану ў метылцыклагексан; 1892). Адзін з заснавальнікаў Рус. фіз.-хім. т-ва (1868).

Літ.:

Платэ А.Ф., Быков Г.В., Эвентова М.С. В.​В.​Марковников, 1837—1904: Очерк жизни и деятельности. М., 1962.

У.В.Маркоўнікаў.

т. 10, с. 120

МАРКО́ЎСКАЯ (Марыя Паўлаўна) (30.5. 1910, Рыга — 10.4.1981),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1966). Скончыла студыю пры Бел. т-ры імя Я.​Коласа (1938). У 1919—34 працавала ў цырку і на эстрадзе (г. Растоў-на-Доне, Кіеў, Мінск). З 1938 у Бел. т-ры імя Я.​Коласа. Выконвала ролі травесці, маладых гераінь, характарныя. Сярод лепшых работ: Данілка («Раскіданае гняздо» Я.​Купалы), Марына («Людзі і д’яблы» К.​Крапівы), Аўдоля («Навальніца будзе» паводле Я.​Коласа), Малання і Уліта («Мінулася кату масленіца» і «Лес» А.​Астроўскага), Кума («Улада цемры» Л.​Талстога), Рэгіна («Здані» Г.​Ібсена), Марыяна («Забаўны выпадак» К.​Гальдоні), Анеля («Дамы і гусары» А.​Фрэдры), Драга («Доктар філасофіі» Б.​Нушыча), Джэма («Авадзень» паводле Э.​Л.​Войніч).

т. 10, с. 120

МАРКО́ЎСКІ (Стафан Стафанавіч) (17.5. 1886, в. Кіромна Камянец-Падольскага р-на Хмяльніцкай вобл., Украіна — 28.9.1949),

бел. музыкант, педагог; заснавальнік школы ігры на ўдарных інструментах у Беларусі. Вучыўся ў С.-Пецярбургскай кансерваторыі (1910—12), скончыў Бел. кансерваторыю (1937), з 1932 выкладаў у ёй (у 1944—48 прарэктар) і Мінскім муз. вучылішчы. Адыграў значную ролю ў аднаўленні Бел. кансерваторыі пасля Вял. Айч. вайны. Аўтар «Школы ігры на ўдарных інструментах» (прынята да друку ў 1941, не выдадзена).

Р.​А.​Лагонда.

т. 10, с. 120

МАРКС (Васіль Аскаравіч) (18.5.1898, г. Харкаў, Украіна — 19.10.1980),

бел. вучоны ў галіне артапедыі і траўматалогіі. Д-р мед. н. (1951), праф. (1952). Засл. дз. нав. Беларусі (1966). Скончыў харкаўскія ун-т (1920) і мед. ін-т (1925). З 1953 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (заг. кафедры). Навук. працы па рэгенерацыі касцявой тканкі, праблемах прыроджанага вывіху бядра і закрытых пераломаў касцей.

Тв.:

Заживление закрытого перелома кости. Мн.. 1962;

Ортопедическая диагностика: (Руководство-справочник). Мн., 1978.

т. 10, с. 120

МАРКС ((Marcks) Герхард) (18.2.1889, Берлін — 1981),

нямецкі скульптар і графік. Вучыўся ў Берліне ў Р.​Шайбе (1907—12). З 1912 выкладаў у «Баўгаузе», Школе маст. рамёстваў у Гале (1925—33), Вышэйшай школе выяўл. мастацтваў у Гамбургу (1946—50). У 1910-я г. зазнаў уплыў А.​Маёля, пазней В.​Лембрука. З 1920-х г. ствараў канструктыўна-ясныя. гарманічныя кампазіцыі і партрэты, арыентаваныя на архаічную стараж.-грэч. пластыку: «Альцына» (1934), «Ева», «Скаваны Праметэй» (абедзве 1948), «Фрэя» (1949), «Ладдзя Харона» (1952), партрэт Х.​Пурмана (1956—63) і інш. Аўтар помнікаў ахвярам 2-й сусв. вайны ў Кёльне (1949), Гамбургу (1949—52), Мангейме (1952), Гановеры (1956—58) і інш. Рабіў ілюстрацыі ў тэхніцы дрэварыту да баек Эзопа (1950) і інш.

т. 10, с. 120