МАРКО́ЎНІКАЎ (Уладзімір Васілевіч) (25.12.1837, г.п. Княгініна Ніжагародскай вобл., Расія — 11.2.1904),
расійскі хімік, заснавальнік навук. школы.
Скончыў Казанскі ун-т (1860), дзе і працаваў (з 1869 праф.). З 1871 у Новарасійскім (Адэса), з 1873 у Маскоўскім ун-тах. Навук. працы па тэарэт.арган. хіміі, арган. сінтэзе і нафтахіміі. Даследаваў ізамерыю і ўзаемны ўплыў атамаў у арган. злучэннях: устанавіў шэраг заканамернасцей рэакцый замяшчэння, далучэння і расшчаплення па падвойнай сувязі, у т.л. правіла, якое вызначае парадак далучэння элементаў галагенавадародных кіслот і вады да ненасычаных вуглевадародаў (правіла М.; 1869). Адкрыў новы клас вуглевадародаў — нафтэны (1863; тэрмін прапанаваны М.), ізамерыю тлустых кіслот (1865), рэакцыю ізамерызацыі цыклічных вуглевадародаў з памяншэннем цыкла (ізамерызацыю цыклагептану ў метылцыклагексан; 1892). Адзін з заснавальнікаў Рус.фіз.-хім.т-ва (1868).
Літ.:
Платэ А.Ф., Быков Г.В., Эвентова М.С. В.В.Марковников, 1837—1904: Очерк жизни и деятельности. М., 1962.