Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ГРАШО́ВА-КРЭДЫ́ТНАЕ РЭГУЛЯВА́ННЕ,

сістэма мерапрыемстваў, якія ажыццяўляюцца ва ўмовах функцыянавання крэдытных грошай для падтрымання грашовай масы з мэтай забеспячэння стабільнасці нац. валюты. Права грашова-крэдытнага рэгулявання надаецца дзяржавай, як правіла, цэнтр. банку краіны.

У Рэспубліцы Беларусь грашова-крэдытнае рэгуляванне даручана Нац. банку, які мае выключнае права выпуску ў абарачэнне грашовых знакаў і рэгулявання безнаяўнай эмісіі грошай. Нац. банк рэгулюе грашовую масу ў абарачэнні шляхам устанаўлення для банкаў абавязковых эканам. нарматываў; змянення працэнтных ставак па крэдытах; змянення аб’ёму крэдытаў, што даюцца банкамі; куплі і продажу каштоўных папер і замежнай валюты; рэфінансавання банкаў; правядзення аперацый з дзярж. каштоўнымі паперамі на адкрытым рынку. Для банкаў устанаўліваюцца наступныя эканам. нарматывы: мінімальны памер статутнага фонду; гранічныя суадносіны паміж памерам уласных сродкаў і сумай яго актываў; паказчыкі ліквіднасці балансу; памер абавязковых рэзерваў, што размяшчаюцца ў Нац. банку; максімальная рызыка на аднаго пазычальніка; абмежаванне валютнай і курсавой рызыкі. Устанаўліваецца афіц. курс бел. рубля ў адносінах да інш. валют. Ужываюцца таксама адм. метады, якія абмяжоўваюць даванне крэдыту, выкарыстанне грошай для плацяжоў (мэтавыя ўстаноўкі, ліміты, нормы, санкцыі і да т.п.).

С.​С.​Ткачук.

т. 5, с. 418

ГРАШО́ВА-КРЭДЫ́ТНЫ КРЫ́ЗІС,

парушэнне збалансаванасці грашова-крэдытнай сістэмы. Адрозніваюць цыклічныя грашова-крэдытныя крызісы, якія параджаюцца перыядычнымі дыспрапорцыямі ў працэсе вытв-сці, і спецыяльныя, выкліканыя надзвычайнымі эканам. і паліт. падзеямі, стыхійнымі бедствамі і інш. прычынамі.

т. 5, с. 418

ГРАШО́ВЫЯ ЗНА́КІ,

знакі вартасці, заканадаўча прызнаныя ў якасці афіц. разліковага і плацежнага сродку, якія выпускаюцца ў абарачэнне цэнтр. банкам або казначэйствам дзяржавы. У выглядзе грашовых знакаў выступаюць банкаўскія і казначэйскія білеты, разменныя манеты. Намінальная вартасць грашовых знакаў выяўляецца ў нац. грашовай адзінцы і значна перавышае выдаткі іх эмісіі.

т. 5, с. 418

ГРАШО́ВЫЯ НАКАПЛЕ́ННІ,

чысты даход (прыбытак) грамадства, які ствараецца на прадпрыемствах і рэалізуецца ў грашовай форме. Паводле формы ўяўляе сабой розніцу паміж цаной (коштам), па якой тавары або паслугі рэалізуюцца пакупнікам, і іх поўным сабекоштам. Адрозніваюць грашовыя накапленні на мікра- і макраўзроўнях. Першыя ўключаюць у асноўным прыбытак як фін. вынік дзейнасці эканамічна адасобленых суб’ектаў гаспадарання і накіроўваюцца на расшырэнне і ўдасканаленне вытв-сці, вырашэнне сац. задач. Другія аб’ядноўваюць т.зв. цэнаўтваральныя падаткі (падатак на дабаўленую вартасць, акцызы), якія ўносяцца ў бюджэт, а таксама абавязковыя плацяжы і адлічэнні ў пазабюджэтныя фонды (на ўтрыманне пажарнай службы, ведамаснага жылля і да т.п.). Іх выкарыстоўваюць на фінансаванне дзярж. Выдаткаў (нар. гаспадаркі, сац.-культ. расходаў, органаў кіравання і інш.) і адпаведныя мэтавыя праграмы.

В.​С.​Бас.

т. 5, с. 418

ГРАШО́ВЫ КАПІТА́Л,

грошы, якія функцыянуюць у вытворчасці і прыносяць прыбытак; адна з функцыян. формаў прамысловага капіталу. Першапачаткова ўзнік у выглядзе ліхвярнага капіталу, грашова-гандл. і грашовай формы купецкага капіталу; гістарычна папярэднічаў вытв. і таварнай формам прамысл. капіталу. З развіццём капіталізму і ва ўмовах рыначнай гаспадаркі грашовы капітал функцыянуе ў сферы абарачэння і з’яўляецца зыходнай і заключнай стадыяй кругаабароту капіталу. На зыходнай стадыі грашовы капітал авансуе працэс вытв-сці, на заключнай адбываецца яго вяртанне ў выніку продажу вырабленых тавараў. Асаблівай формай грашовага капіталу з’яўляецца пазыковы капітал, рух якога апасродкуецца крэдытнай сістэмай дзяржавы.

Г.​С.​Кузьменка.

т. 5, с. 418

ГРА́ШЧАНКАЎ (Мікалай Іванавіч) (26.3.1901, в. Забор’е Смаленскай вобл., Расія — 8.10.1965),

савецкі неўролаг. Акад. АН Беларусі (1947). Чл.-кар. АН СССР (1939). Акад. АМН СССР (1944). Д-р мед. н. (1935), праф. (1938). Скончыў Маскоўскі ун-т (1926), дзе і працаваў да 1939. З 1939 дырэктар Усесаюзнага ін-та экстрым. медыцыны, з 1944 — Ін-та неўралогіі АМН СССР. У 1947—51 прэзідэнт АН Беларусі. З 1951 працаваў у Маскве. Навук. працы па фізіялогіі і паталогіі органаў пачуццяў, нерв.-гумаральнай рэгуляцыі, траўматычных і інфекцыйных захворваннях ц. н. с. Вывучыў і апісаў газавую гангрэну мозга, прапанаваў комплексныя метады тэрапіі агнястрэльных раненняў пазваночніка. У Беларусі заснаваў нейрахірургічны цэнтр Ін-та неўралогіі, фізіятэрапіі і нейрахірургіі.

Тв.:

Анаэробная инфекция мозга. М., 1944;

Гипоталамус, его роль в физиологии и патологии. М., 1964.

М.І.Грашчанкаў.

т. 5, с. 419

ГРАШЫ́ (сапр. Грыгаран) Ашот Багдасаравіч

(22.5.1910, Баку — 28.2.1973),

армянскі паэт. Скончыў Ерэванскі пед. ін-т (1931). Друкаваўся з 1929. Аўтар зб-каў паэзіі «Разам з народам» (1938), «Арфа вайны» (1942), «Пад зоркай братэрства» (1949), «Песня па свеце ляціць» (1952), «Сястра сонца» (1972), «Крыніца жураўлёў» (апубл. 1976) і інш. Асн. тэматыка творчасці — жыццё і стваральная праца суайчыннікаў, змаганне за мір. Яго паэзія адметная жыццесцвярджальным пафасам, лірызмам, грамадзянскасцю. Пераклаў на арм. мову асобныя творы М.​Танка, А.​Ставера. Творы Грашы на бел. мову перакладалі А.​Астрэйка, А.​Вялюгін, С.​Дзяргай, Х.​Жычка, Ю.​Свірка, В.​Шымук.

т. 5, с. 419

ГРЖЫМА́ЛІ (Іван Войцехавіч) (13.4.1844, г. Пльзень, Чэхія — 24.1.1915),

расійскі скрыпач і педагог. Па нацыянальнасці чэх. Скончыў Пражскую кансерваторыю (1861). З 1869 у Маскве, выкладаў у Маскоўскай кансерваторыі (з 1874 праф.). Выступаў як саліст і дырыжор. Стварыў адну з буйнейшых рус. скрыпічных школ строга акад. кірунку (у адрозненне ад пецярб. школы Л.Аўэра). Аўтар інструктыўных твораў для скрыпкі. Пераклаў для яе некат. фартэпіянныя творы П.​Чайкоўскага, а таксама для скрыпкі, віяланчэлі і фп. «Патэтычнае трыо» М.​Глінкі. Сярод яго вучняў: С.​Барцэвіч, Д.​Крэйн, Л.​Любошыц, А.​Магілеўскі, А.​Печнікаў, М.​Прэс, М.​Эрдэнка.

т. 5, с. 419

ГРО ((Gros) Антуан Жан) (16.3.1771, Парыж — 26.6.1835),

французскі жывапісец. Вучыўся ў Парыжы ў Ж.Л.Давіда (з 1785), у Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры (1787). У 1793—1804 працаваў у Італіі. У 1880-я г. афіцыйны жывапісец Напалеона I. Стварыў шэраг карцін, прасякнутых духам гераічнай патэтыкі і прысвечаных паходам і бітвам франц. арміі («Банапарт на Аркольскім мосце», 1796; «Бітва каля Назарэта, 1801; «Бітва каля Эйлау», 1808), парадных партрэтаў (кн. М.​Б.​Юсупава, 1809; палк. Ф.​Фурнье-Сарлавеза, 1812). Вастрыня сюжэтаў, драм. кантрасты і маляўнічыя эфекты карцін Гро паўплывалі на традыц. каноны батальнага жанру. Пісаў таксама карціны на сюжэты антычнасці і сярэднявечча.

Літ.:

Чегодаев А.Д. Легенда о бароне Гро // Чегодаев А.Д. Статьи об искусстве Франции, Англии, США 18—20 вв. М., 1978.

А.Гро. Банапарт на Аркольскім мосце. 1796.

т. 5, с. 419

ГРО́АТ (Grooth),

нямецкія жывапісцы, браты. Нарадзіліся ў г. Штутгарт, Германія.

Георг Крыстаф (10 ці 21.1.1716—28.9.1749). З 1743 прыдворны мастак у Пецярбургу. Аўтар вытанчаных партрэтаў у стылі ракако (конны партрэт Елізаветы Пятроўны з арапчанём; вял. кн. Пятра Фёдаравіча; абодва 1743). Іаган Фрыдрых (Іван Фёдаравіч; 1717—18.2.1801), пераважна анімаліст. Выкладаў у Пецярбургскай АМ (акад. з 1765). Яго барочныя кампазіцыі вызначаюцца стрыманым каларытам, падрабязнай дэталізацыяй («Папугаі», 1766, «Кот і мёртвы заяц», 1777).

т. 5, с. 419