Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАЗАНЛЫ́КСКАЯ ГРАБНІЦА,

помнік грэка-фракійскага мастацтва канца 4 — пач. 3 ст. да н.э. ў г. Казанлык (Балгарыя). Адкрыта ў 1944. Круглае ў плане пахавальнае збудаванне ўяўляе сабой цагляную камеру з купалам у форме ўсечанага конуса і кароткі дромас (калідор). Скляпенне ўпрыгожана размалёўкай па сухой тынкоўцы з размешчанымі па крузе выявамі фракійскай пахавальнай трапезы і бегу калясніц, падзеленых паясамі геам. арнаменту. Размалёўка адметная свабодай і ўраўнаважанасцю кампазіцыі, велічнай нязмушанасцю рухаў фігур. Уключана ў Спіс сусветнай спадчыны. Іл. гл. да арт. Балгарыя.

Літ.:

Васильев А. Античная гробница в Казанлыке: [Пер. с болг.] София, 1958.

т. 7, с. 414

КАЗАНЛЫ́КСКАЯ РУ́ЖА (Rosa damascena),

кветкавая расліна сям. ружавых. Культывуецца ў Казанлыкскай даліне ў Балгарыі з 18 ст. Атрымана ў выніку гібрыдызацыі. Займае вядучае месца сярод руж, якія вырошчваюць для атрымання ружавага алею (у кветках да 0,15%; спецыфічны клімат «даліны руж» спрыяе яго назапашванню ў пялёстках). Плантацыі К.р. ёсць у Малдове, Крыме, на Каўказе.

Да арт. Казанлыкская ружа. Ружа эфіраалейная.

Шматгадовыя кусты з прамастойнымі, звычайна шыпаватымі парасткамі выш. да 2 м. Лісце складанае, няпарнаперыстае. Кветкі буйныя, двухполыя, духмяныя, махрыстыя, разнастайнай афарбоўкі, адзіночныя. Плод — арэшак, змешчаны ў мясістым несапраўдным плодзе (відазмененым гіпантыі). З кветак здабываюць ружавыя алей і ваду Для 1 кг алею патрабуецца каля 3 тыс. кг пялёсткаў. Выкарыстоўваюцца ў касметыцы, парфумерыі, кандытарскай прам-сці, нар. медыцыне (супраць хвароб скуры і вачэй).

т. 7, с. 414

КАЗА́ННЕ,

від царкоўна-рэлігійнай прапаведніцкай л-ры, належыць да аратарскай прозы. Блізкае да слова, але больш вузкае і пэўнае па значэнні. Асн. тыпы — урачыстае і дыдактычнае К. Яго вытокі ў вусных «словах» — прамовах першых прапаведнікаў. Класічныя ўзоры К. пакінулі раннехрысц. пісьменнікі Іаан Златавуст, Грыгорый Багаслоў, Васіль Вялікі, Яфрэм Сірын, якія развівалі традыцыі ант. аратарскай прозы. Найб. яркія помнікі ўрачыстага К. на Русі — глыбокапатрыят. «Слова пра закон і дар божы» Іларыёна і паэтычныя, напоўненыя багатай эмацыянальнай вобразнасцю «словы» Кірылы Тураўскага. Іх традыцыі прадаўжалі Грыгорый Цамблак, Л.​Карповіч, М.​Сматрыцкі і інш. (апошнія пакінулі ўзоры яшчэ аднаго віду К. — пахавальнага). Лепшыя К. вылучаюцца стройнасцю кампазіцыі, дасканаласцю і пераканальнасцю выкладу, багаццем вобразна-паэт. мовы. Як вусная прамова-пропаведзь К. бытуе і ў наш час, але сфера яго ўжывання стала больш вузкай.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 7, с. 414

КАЗА́НСКАЕ ХА́НСТВА,

феадальная дзяржава ў Сярэднім Паволжы ў 1438—1552. Вылучылася з Залатой Арды. Гал. горад — Казань. Дзярж. рэлігія — іслам. Насельніцтва — казанскія татары (асн. нашчадкі волжскіх балгар), мары, чувашы, удмурты, мардва, башкіры. Ядро К.х. складала тэрыторыя вакол Казані, населеная татарамі; інш. народы захоўвалі сваіх князёў і традыц. вераванні. Асн. занятак насельніцтва — земляробства, у гарадах існавала развітое рамяство; значную ролю адыгрываў гандаль. У 1487—1521 К.х. — васал Масквы. З 1521 трапіла пад уплыў Крымскага і Астраханскага ханстваў і Нагайскай Арды, з 1524 — васал Турцыі. Войскі ханства з 1520-х г. узмацнілі рабаўнічыя набегі на рус. землі. Пасля Казанскіх паходаў 1545—52 К.х. спыніла існаванне, яго тэрыторыя далучана да Расіі.

т. 7, с. 414

«КАЗА́НСКАЯ ЗМО́ВА»,

спроба ўзняць ваенна-сялянскае паўстанне ў Паволжы, каб падтрымаць паўстанне 1863—64 у Польшчы, Літве і Беларусі. Акрамя польскіх і літ.-бел. паўстанцкіх цэнтраў у «К.з.» ўдзельнічалі або мелі намер да яе дачыніцца пецярбургская, маскоўская, казанская арг-цыі «Зямлі і волі», афіцэрскія і студэнцкія гурткі ў гарадах Расіі. У крас. 1863 «К.з.» раскрыта. Адзін з гал. кіраўнікоў І.​Кеневіч, члены рэв. арг-цыі афіцэры Н.​Іваніцкі, А.​Мрочак, Р.​Станкевіч, М.​Чарняк расстраляны ў Казані. Астатнія ўдзельнікі «К.з.» прыгавораны да турэмнага зняволення і катаржных работ.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 7, с. 414

КАЗА́НСКІ (Барыс Аляксандравіч) (25.4.1891, г. Адэса, Украіна — 5.4.1973),

савецкі хімік-арганік. Акад.

АН СССР (1946, чл.-кар. 1943). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Маскоўскі ун-т (1918), дзе і працаваў (праф з 1935). З 1936 у Ін-це арган. хіміі АН СССР (у 1954—66 дырэктар). Навук. працы па нафтахіміі і каталітычных пераўтварэннях вуглевадародаў. Выявіў заканамернасці гідрагенізацыі і дэгідрагенізацыі вуглевадародаў, гідрыравання этылену і яго гамолагаў; правіла гідрагенолізу і ізамерызацыі C3- і C4-цыклаалканаў. Адкрыў каталітычную рэакцыю селектыўнага гідрагенолізу цыклапентанавых вуглевадародаў у асяроддзі вадароду на плацінавым каталізатары (1934, разам з М.​Дз.Зялінскім і А.​Ф.​Платэ), рэакцыю араматызацыі парафінавых вуглевадародаў (1936, разам з А.​Ф.​Платэ), рэакцыю Cs-дэгідрацыклізацыі (1954). Даследаваў састаў бензінавых фракцый нафтаў розных радовішчаў (1946—60). Дзярж. прэмія СССР 1949.

Тв.:

Исследования в области химии углеводородов: Собр. избр. тр. М., 1979.

Літ.:

Б.​А.​Казанский. 2 изд. М., 1973.

Б.А.Казанскі.

т. 7, с. 414

КАЗА́НСКІ (Віктар Мікалаевіч) (17.9.1903, г. Магілёў — 17.8.1963),

генерал-лейтэнант (1945). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1938). Удзельнік грамадз. вайны. У Вял. Айч. вайну на Зах., 1-м Бел. франтах: нам. камандзіра дывізіі, стралк. корпуса. Удзельнік баёў пад Масквой, у Сталінградзе, пад Курскам, Берлінам. Да 1953 у Сав. Арміі.

т. 7, с. 414

КАЗА́НСКІЯ ПАХО́ДЫ 1545—52,

ваенныя дзеянні, у т. л. прэвентыўныя, рус. войск супраць Казанскага ханства, якое праводзіла ў адносінах да Расіі агрэсіўную палітыку: рабіла пастаянныя рабаўнічыя набегі, закрывала волжскі гандл. шлях; у сярэдзіне 16 ст. ў Казані ўтрымлівалася каля 100 тыс. рус. нявольнікаў. Паход 1545 меў характар ваен. дэманстрацыі, паходы 1547—48 і 1549—50 былі безвыніковыя. Апошні паход 1552 быў добра падрыхтаваны ў дыпламат., ваен. і матэрыяльных адносінах. Яшчэ ў 1551 паводле загаду цара Івана IV Грознага рус. майстры пабудавалі за 30 км ад Казані апорную базу — крэпасць Свіяжск, куды былі загадзя завезены асадная артылерыя, боепрыпасы і харчаванне. 16 чэрв. рус. войскі на чале з царом выступілі з Масквы. 24 чэрв. яны разбілі каля Тулы войска крымскага хана Дэўлет-Гірэя, узмоцненае атрадам тур. янычараў, потым накіраваліся да Казані і ў жн. асадзілі яе. Іван IV сканцэнтраваў вакол Казані каля 150 тыс. воінаў, 150 гармат. Рус. войскі бамбардзіравалі горад з цяжкіх гармат, з дапамогаю мінных падкопаў разбуралі яго ўмацаванні. 2.10.1552 Казань узята штурмам; Казанскае ханства спыніла існаванне і было далучана да Расіі.

т. 7, с. 415

КАЗА́НСКІ САБО́Р у С.-Пецярбургу,

помнік архітэктуры рус. класіцызму. Пабудаваны ў 1801—11 арх. А.​Н.​Вараніхіным. Крыжова-купальны будынак. Прылеглая да бакавога фасада магутная паўкруглая каланада з 6-калонным порцікам утварае плошчу, якая ўваходзіць у склад ансамбляў Неўскага праспекта. Малая плошча перад гал. уваходам абнесена манум. чыгуннай рашоткай. Інтэр’ер вырашаны як калонная зала свецкага характару, аздоблены скульптурай (І.​П.​Мартас, І.​П.​Пракоф’еў, Ф.​Ф.​Шчадрын і інш.), размалёўкамі (У.​Л.​Баравікоўскі, А.​Я.​Ягораў). У саборы былі змешчаны трафеі рус. войск у Айч. вайне 1812. У 1813 тут пахаваны М.​І.​Кутузаў. У 1837 перад саборам пастаўлены помнікі яму і М.​Б.​Барклаю дэ Толі (скульпт. Б.​І.​Арлоўскі, арх. В.​П.​Стасаў).

т. 7, с. 414

КАЗА́НСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,

адна са старэйшых ВНУ Расіі. Засн. ў 1804 у г. Казань Факультэты: механіка-матэм., выліч. матэматыкі і кібернетыкі, фіз., хім., глебава-біял., геал., геагр., гіст., філал., юрыд., дауніверсітэцкай падрыхтоўкі. Навучанне дзённае, вячэрняе і завочнае. Аспірантура. Пры. ун-це НДІ матэматыкі і механікі, хіміі, выліч. цэнтр, астр. абсерваторыя, музеі і інш. навук. ўстановы. У ім вучыліся і працавалі М.​І.​Лабачэўскі, А.​М.​Бутлераў, М.​М.​Зінін, В.​М.​Кавалеўскі, працавалі У.​М.​Бехцераў, І.​А.​Бадуэн дэ Куртэнэ, А.​А.​Кавалеўскі, К.​В.​Харламповіч, вучыліся Л.​М.​Талстой, С.​Ц.​Аксакаў, І.​І.​Лажэчнікаў і інш. Дзеячам ун-та належаць навук. адкрыцці сусв. значэння ў галіне матэматыкі, хіміі, фізікі, астраноміі і інш. навук. Выдаюцца «Вучоныя запіскі» (з 1821).

т. 7, с. 415