ГРАН-СА́СА-Д’ІТА́ЛІЯ
(Gran Sasso d’Italia),
самы высокі горны масіў у Апенінах у Італіі. Выш. да 2914 м (г. Корна). Складзены з вапнякоў, развіты карст. На вышынях снежнікі, невял. ледавікі. Міжземнаморскія хмызнякі.
т. 5, с. 408
ГРАН-ЧА́КА
(ісп. Gran Chaco),
прыродная вобласць у цэнтры Паўд. Амерыкі, у Балівіі, Парагваі і Аргенціне. Абмежавана рэкамі Парагвай і Парана на У і Андамі на З. Займае Лаплацкі тэктанічны прагін і складзена з алювіяльных нізін выш. 50—70 м на У і з акумулятыўных раўнін выш. 500—600 м на З. Клімат на б.ч. тэр. трапічны, з вільготным летам. Сярэднія т-ры ліп. ад 12 да 21 °C, студз. ад 26 да 30 °C (макс. да 47 °C, самая высокая на мацерыку). Ападкаў ад 500 да 1200 мм за год. Рачная сетка развіта пераважна на З і У; асн. рэкі Парагвай і Парана — транзітныя, з рэзкімі летнімі паводкамі; унутр. раёны пазбаўлены паверхневага сцёку. У перадгор’ях шмат балот, участкі саланчакоў. Пераважаюць сухія рэдкалессі, т.зв. лясы Чака (кебрача, альгароба, гуаякан, тэкома, мімоза і інш.), уздоўж рэк — чаньяр, васковая пальма на карычнева-чырвоных глебах. Жывёльны свет вельмі багаты: тапіры, пекары, нутрыі, браняносцы, балотны алень, ягуар, пума; шмат птушак, паўзуноў і насякомых. Авечкагадоўля. Баваўнаводства. Лесараспрацоўкі; вытв-сць дубільнага экстракту кебрача. Паляванне. На ПнЗ Аргенціны здабыча і перапрацоўка нафты і газу.
т. 5, с. 409
ГРАН ПА
(франц. grand pas літар. вял. шаг, вял. танец),
складаная шматчасткавая танц.-муз. форма. Узнікла ў эпоху рамантызму і атрымала завяршэнне ў творчасці М.Петыпа. Будуецца падобна санатнай форме ў музыцы: экспазіцыя, адажыо і варыяцыі (распрацоўка), потым кода. У гран па харэаграфія абагульнена-паэтычна выяўляе ўнутр. змест балета. Танц. тэмы сімфанічна развіваюцца, пераплятаюцца, проціборствуюць. Такія гран па ёсць у «Баядэрцы» Л.Мінкуса, «Раймондзе» А.Глазунова і інш. Выконваецца сумесна салістамі, карыфеямі, кардэбалетам. Некат. гран па носяць дзейсны характар. У Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі пастаўлены аднаактовы спектакль «Вялікае класічнае па» на музыку Мінкуса з балета «Пахіта» Э.Дэльдэвеза («У гонар Марыуса Петыпа», 1981).
т. 5, с. 404
ГРАН ПРЫ
(франц. Grand Prix літар. вял. прэмія, гал. прыз),
вышэйшая ўзнагарода на фестывалі, конкурсе і інш.
т. 5, с. 404
ГРАПТАЛІ́ТЫ
(Graptolithina),
падтып вымерлых марскіх каланіяльных жывёл тыпу паўхордавых, 2 класы: стэрэасталанаты (Stereostolonata) і грапталаідэі (Graptoloidea). Каля 180 родаў. Бентасныя, планктонныя або псеўдапланктонныя (прымацаваныя да водарасцей) арганізмы. Існавалі ад сярэдняга кембрыю да карбону, росквіт у ардовіку — сілуры і ніжнім дэвоне. На Беларусі выяўлены ў адкладах ардовіку і сілуру ў паўн.-зах. і паўд.-зах. раёнах.
Шкілет хіцінавы, мелі галінастую, сеткападобную і інш. будову, з цвёрдымі сталонамі або без іх. Планктонныя грапталіты мелі пнеўматафор (паплавок з газам) для падтрымання ў тоўшчы вады.
т. 5, с. 409
ГРАС
(Grass) Гюнтэр (н. 16.10.1927, г. Данцыг, цяпер г. Гданьск, Польшча),
нямецкі пісьменнік. У 1948—49 вучыўся ў Маст. акадэміі ў Дзюсельдорфе, у 1953 — у Ін-це выяўл. мастацтваў (Зах. Берлін). У раманах «Бляшаны барабан» (1959, экранізаваны ў 1979), «Сабачыя гады» (1963), «Пад мясцовым наркозам» (1969), «З дзённіка смаўжа» (1972), «Камбала» (1977), «Пацучыха» (1986), аповесцях «Кошка і мыш» (1961), «Сустрэча ў Тэльгце» (1979) разглядае праблемы пасляваен. рэчаіснасці ў Германіі, асэнсоўвае паходжанне фашызму і інш. таталітарных рэжымаў. Яго творам уласцівы прытчавасць, насычанасць гіст. і міфалагічнымі алюзіямі, спалучэнне сатыры і гратэску з паэтычнасцю. Пісаў п’есы, вершы, літ.-крытычныя артыкулы.
Тв.:
Рус. пер. — Кошки-мышки;
Под местным наркозом;
Встреча в Тельгте. М., 1985;
Из дневника улитки;
Встреча в Тельгте. М., 1993.
Е.А.Лявонава.
т. 5, с. 409
ГРАСГЕ́ЙМ Аляксандр Альфонсавіч
(6.3.1888, с. Ліхаўка Днепрапятроўскай вобл., Украіна — 4.12.1948),
савецкі батанік. Акад. АН СССР (1946; чл.-кар. 1939). Акад. Азерб. ССР (1945). Скончыў Маскоўскі ун-т (1912). У 1917—30 у Тбіліскім політэхн. ін-це, у 1927—46 у Азерб. ун-це. Арганізатар і дырэктар Бат. ін-та Азерб. ССР (1936—47), з 1947 у Бат. ін-це АН СССР і Ленінградскім ун-це. Навук. працы па даследаванні флоры, расліннасці і раслінных рэсурсаў Каўказа. Прапанаваў арыгінальную філагенетычную сістэму кветкавых раслін (1945). Дзярж. прэмія СССР 1948. Прэмія імя У.Л.Камарова АН СССР 1946.
т. 5, с. 410
ГРА́СІ
(Grassi) Джавані Батыста (27.5.1854, Равеласка, каля г. Кома, Італія — 10.5.1925),
італьянскі заолаг. Праф. Рымскага ун-та (1895). Працаваў у Павіі, Катаніі, Рыме. Апісаў (разам з іншымі) поўны цыкл развіцця малярыйнага плазмодыю, метамарфоз рачнога вугра, умовы заражэння чалавека некат. гельмінтамі, у т. л. аскарыдай. Прапанаваў практычныя мерапрыемствы па барацьбе з малярыяй.
т. 5, с. 410
ГРАСІЯ́Н-І-МАРА́ЛЕС
(Gracián y Morales) Бальтасар (8.1.1601, Бельмонтэ, каля г. Калатаюд, Іспанія — 6.12.1658),
іспанскі пісьменнік, філосаф-мараліст. Вывучаў філасофію і тэалогію ў Сарагоскім ун-це. Уступіў у ордэн езуітаў, аднак у апошнія гады жыцця падвяргаўся ўціску за літ. дзейнасць; быў выгнаны. Аўтар паліт. і філас.-этычных трактатаў «Герой» (1637), «Палітык Фердынанд-Католік» (1640), «Разважлівы» (1646), «Штодзённы аракул, або Мастацтва разважлівасці» (1647), прысвечаных праблеме якасцей ідэальнага чалавека і на вяршыні ўлады, і ў штодзённым жыцці. Тэарэтык кансептызму, прынцыпы якога абгрунтаваў ў эстэт. трактаце «Востры розум, або Мастацтва вытанчанага розуму» (1648). У алегарычным рамане «Крытыкон» (ч. 1—3, 1651—57) стварыў усеабдымную песімістычную карціну свету, дзе пануе зло на ўсіх узроўнях грамадства — ад сям’і да дзяржавы.
Тв.:
Рус. пер. — Карманный оракул, или Наука благоразумия. Мн., 1991.
Літ.:
Пинский Л.Е. Жизнь и творчество Бальтасара Грасиана // Пинский Л.Е. Магистральный сюжет. М., 1989.
Г.В.Сініла.
т. 5, с. 410
ГРА́СМАН
(Graßmann) Герман Гюнтэр (15.4.1809, г. Шчэцін, Польшча — 26.9.1877),
нямецкі матэматык, фізік, мовазнавец. Чл.-кар. Гётынгенскай АН. З 1842 у Шчэцінскай гімназіі. Навук. працы па матэматыцы, акустыцы, магнітным узаемадзеянні токаў, колеразнаўстве (устанавіў законы складання колераў; 1853). Прапанаваў першую сістэматычную пабудову мнагамернай эўклідавай прасторы, якая садзейнічала развіццю вектарнага і тэндэрнага злічэнняў. Склаў слоўнік да гімнаў Рыгведы (помніка стараж.-інд. л-ры; 1875).
Літ.:
Клейн Ф. Лекции о развитии математики в 19 ст.: Пер. с нем. Ч. 1. М.; Л., 1937.
т. 5, с. 410