ГРАСІЯ́Н-І-МАРА́ЛЕС
(Gracián y Morales) Бальтасар (8.1.1601, Бельмонтэ, каля г. Калатаюд, Іспанія — 6.12.1658),
іспанскі пісьменнік, філосаф-мараліст. Вывучаў філасофію і тэалогію ў Сарагоскім ун-це. Уступіў у ордэн езуітаў, аднак у апошнія гады жыцця падвяргаўся ўціску за літ. дзейнасць; быў выгнаны. Аўтар паліт. і філас.-этычных трактатаў «Герой» (1637), «Палітык Фердынанд-Католік» (1640), «Разважлівы» (1646), «Штодзённы аракул, або Мастацтва разважлівасці» (1647), прысвечаных праблеме якасцей ідэальнага чалавека і на вяршыні ўлады, і ў штодзённым жыцці. Тэарэтык кансептызму, прынцыпы якога абгрунтаваў ў эстэт. трактаце «Востры розум, або Мастацтва вытанчанага розуму» (1648). У алегарычным рамане «Крытыкон» (ч. 1—3, 1651—57) стварыў усеабдымную песімістычную карціну свету, дзе пануе зло на ўсіх узроўнях грамадства — ад сям’і да дзяржавы.
Тв.:
Рус. пер. — Карманный оракул, или Наука благоразумия. Мн., 1991.
Літ.:
Пинский Л.Е. Жизнь и творчество Бальтасара Грасиана // Пинский Л.Е. Магистральный сюжет. М., 1989.
Г.В.Сініла.
т. 5, с. 410
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)