Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КЕНА́Ф (Hibiscus cannabinus),

кветкавая расліна сам. мальвавых. Пашыраны ў Паўд. Афрыцы і Цэнтр. Індыі. Вырошчваецца на Пд Еўропы, Азіі, Амерыкі.

Аднагадовая лубавалакністая расліна з прамым рабрыстым ці круглаватым сцяблом выш. да 6 м, укрытым шыпікамі. Корань стрыжнёвы, галінасты, даўж. да 2 м. Лісце буйное, сярэдняе — пальчата-раздзельнае, ніжняе — сэрцападобнае, верхняе — ланцэтнае. Кветкі пазушныя, амаль белыя, з ярка-вішнёвай плямай унутры венчыка. Плод — 5-гнездавая каробачка. З валакна К. вырабляюць брызент, вяроўкі, радно, з кастрыцы — паперу і буд. пліты, з насення — тэхн. алей, макуху выкарыстоўваюць як угнаенне і корм для жывёлы.

У.П.Пярэднеў.

Кенаф.

т. 8, с. 228

КЕНГУРО́ВЫЯ (Macropodidae),

сямейства сумчатых млекакормячых, 3 падсям., 17 родаў, каля 55 відаў. Пашыраны ў Аўстраліі на а-вах Новая Гвінея, Тасманія, архіпелагу Бісмарка; акліматызаваны ў Новай Зеландыі. Большасць відаў — наземныя, некат. прыстасаваны да жыцця на дрэвах. Актыўныя ў прыцемках. Трымаюцца групамі. 9 відаў у Чырв. кнізе МСАП.

Даўж. цела 25—160 см, хваста 15—110 см, маса 1,4—90 кг. Заднія канечнасці даўжэйшыя і мацнейшыя за пярэднія; хвост моцны, большасць відаў карыстаецца ім як балансірам пры скачках (да 13 м у даўж.) са скорасцю да 50 км/гадз. Расліннаедныя; некат. кормяцца насякомымі і чарвямі. Раз у год нараджаюць 1 (зрэдку 2—3) дзіцяня і выношваюць у вывадкавай сумцы на жываце самкі 6—8 мес. Шэраг відаў — аб’екты промыслу. Гадуюць на фермах.

Э.Р.Самусенка.

Да арт. Кенгуровыя. Кенгуру: 1 — паласаты; 2 — шэры; 3 — дрэўны.

т. 8, с. 228

КЕНГУРУ́ (Kangaroo),

востраў каля паўд. ўзбярэжжа Аўстраліі. Пл. 4351 км². Выш. да 300 м. Паверхня раўнінная. Клімат субтрапічны. Ападкаў каля 600 мм за год. Ксерафітныя хмызнякі і сухія эўкаліптавыя лясы. Нац. паркі: Фліндэрс-Чэйз, Кейп-Гантам і інш.

т. 8, с. 228

КЕ́НДАЛ ((Kendall) Генры Уэй) (9.12.1926, г. Бостан, ЗША — 15.2.1999),

амерыканскі фізік і грамадскі дзеяч. Чл. Нац. АН ЗША (1992). З 1961 у Масачусецкім тэхнал. ун-це. Навук. працы па фізіцы элементарных часціц і высокіх энергій. Даследаваў глыбоканяпругкае рассеянне электронаў на пратонах, дэйтронах і цяжкіх ядрах. Эксперыментальна пацвердзіў існаванне кваркаў (1968). Зрабіў значны уклад у развіццё сістэм кантролю за распаўсюджваннем узбраенняў і тэхнагенным уздзеяннем на прыроду і здароўе чалавека. Нобелеўская прэмія 1990 (разам з Дж.Фрыдманам, Р.Тэйларам).

М.М.Касцюковіч.

т. 8, с. 228

КЕ́НДАЛ ((Kendall) Эдвард Калвін) (8.3.1886, г. Саўт-Норуалк, ЗША — 4.5.1972),

амерыканскі біяхімік. Чл. Нац. АН ЗША (1950). Скончыў Калумбійскі ун-т (1910). З 1952 у Прынстанскім ун-це. Навук. працы па даследаванні гармонаў кары наднырачнікаў. Адкрыў картызон. Нобелеўская прэмія 1950 (разам з Т.Рэйхштэйнам, Ф.Хенчам).

Э.Кендал.

т. 8, с. 228

Кендзюхоў Міхаіл Рыгоравіч

т. 18, кн. 1, с. 405

КЕ́НДРУ ((Kendrew) Джон Коўдэры) (н. 24.3.1917, г. Оксфард, Вялікабрытанія),

англійскі біяхімік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1960). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1939), з 1946 працуе ў ім. Навук. працы па рэнтгенаструктурным аналізе бялковых малекул. Устанавіў прасторавую будову малекулы міяглабіну. Нобелеўская прэмія 1962 (разам з М.Ф.Перуцам).

В.І.Вараб’ёў.

Д.Кендру.

т. 8, с. 228

КЕНДЫ́Р, кзыл-курай,

турка (Trachomitum),

род кветкавых раслін сям. кутравых. 6 відаў. Пашыраны ў Паўд. Еўропе, ва ўмеранай зоне Азіі.

Шматгадовыя травы ці паўкусты з прамастойным разгалінаваным сцяблом выш. да 1,5 м, у якім да 20—27% лубу. Лісце з кароткім чаранком, падоўжана- ці авальна-ланцэтнае. Кветкі дробныя, белыя, ружовыя або чырвона-фіялетавыя, сабраныя ў рыхлыя гронкі на верхавінках сцёблаў. Плод — лістоўкападобны, даўж. 8—20 см. Валокны з лубу К. насычаны дубільнымі рэчывамі і смоламі, устойлівымі да загнівання, прыдатныя для вырабу рыбалоўных сетак.

У.П.Пярэднеў.

Кендыр ланцэталісты.

т. 8, с. 228

КЕНЕ́ВІЧ (Баляслаў Альбінавіч) (21.11.1907, в. Дварэц Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл. — 3.5.1969),

генерал-лейтэнант (1946). Скончыў Вышэйшыя акад. курсы (1948). У Чырв. Арміі з 1926. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну на Зах., Паўн.-Зах., 1-м Бел. франтах, камандзір стралк. палка, дывізіі. З снеж. 1943 у Войску Польскім: нач. штаба корпуса, арміі, камандзір дывізіі. Удзельнік баёў пад Масквой, вызвалення Варшавы, Вісла-Одэрскай, Берлінскай аперацый. У 1945—54 на адказных пасадах у Войску Польскім і Сав. Арміі.

т. 8, с. 228

КЕНЕ́ВІЧ ((Kieniewicz) Стафан) (20.9.1907, в. Дарашэвічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 2.5.1992),

польскі гісторык. Акад. Польскай АН (1969). Скончыў Пазнанскі ун-т. З 1937 працаваў у Скарбовым архіве ў Варшаве. У 2-ю сусв. вайну ўдзельнічаў у падп. барацьбе Арміі Краёвай. У час Варшаўскага паўстання 1944 паранены, зняволены ў канцлагеры Дахаў. У 1946—77 выкладаў у Варшаўскім ун-це.

Даследаваў гісторыю барацьбы Польшчы за незалежнасць у канцы 18—19 ст., грамадскіх рухаў 19 ст., развіцця польск. нац. самасвядомасці, гісторыю Варшавы. Аўтар манаграфій «Адам Сапега (1828—1903)» (1939), «Польская рэвалюцыя 1846 г.» (1950), «Легіён Міцкевіча, 1848—1849» (1957), «Брусельскі самотнік: Аповесць пра Іаахіма Лялевеля» (2-е выд., 1960). Паўстанню 1863—64 прысвечаны кнігі «Студзеньскае паўстанне» (2-е выд., 1983), «Дарашэвічы 1863» (1986) і інш.

В.С.Пазднякоў.

т. 8, с. 229