НАЙМЕ́НШАГА ДЗЕ́ЯННЯ ПРЫ́НЦЫП,
адзін з асн. варыяцыйных прынцыпаў механікі. Паводле Н.дз.п. з дадзенага класа рухаў мех. сістэмы ажыццяўляецца такі, для якога фіз. велічыня, якая наз. дзеяннем (гл. Дзеянне ў фізіцы), мае мінімум. Выкарыстоўваецца для атрымання ўраўненняў руху мех. сістэмы і даследавання агульных уласцівасцей гэтых рухаў. Пры пэўных абагульненнях паняццяў Н.дз.п. дастасуецца таксама да рашэння задач механікі неперарыўных асяроддзяў, электрадынамікі, квантавай механікі і інш.
т. 11, с. 130
НАЙМЕ́НШЫХ КВАДРА́ТАЎ МЕ́ТАД,
адзін з метадаў памылак тэорыі для ацэньвання невядомых велічынь па выніках вымярэнняў. Выкарыстоўваецца для статыстычных апрацовак.
Прапанаваны К.Гаўсам (1794—95) і А.Лежандрам (1805—06). Першасна прызначаўся для апрацоўкі астр. і геад. вымярэнняў. Строгае матэм. абгрунтаванне і вызначэнне межаў дастасавальнасці Н.к.м. далі А.А.Маркаў і А.М.Калмагораў. Паводле Н.к.м., калі n вынікаў вымярэнняў y1, y2, ..., yn звязаны з m (m < n) пераменных x1, x2, ..., xm зададзенай функцыянальнай залежнасцю yi = 𝑓(x1, x2, ..., xm) + σi, дзе σi — невядомыя выпадковыя хібнасці, ацэнкамі для xi бяруцца такія Xi, для якіх сума квадратаў
, дзе pi — зададзеныя лікі, будзе найменшая. Для мінімізацыі S першыя частковыя вытворныя па невядомых велічынях прыраўноўваюць да нуля. Рашэнне сістэм ураўненняў
дае ацэнкі для Xi.
т. 11, с. 130
НАЙМЕ́НШЫ АГУ́ЛЬНЫ КРА́ТНЫ двух (ці больш) цэлых лікаў,
найменшы дадатны лік, які дзеліцца на кожны з зададзеных лікаў. Напр., Н.а.к. лікаў 12, 15 і 20 з’яўляецца 60. Н.а.к. двух натуральных лікаў роўны здабытку гэтых лікаў, падзеленаму на іх найбольшы агульны дзельнік.
Выкарыстоўваецца пры складанні (ці адыманні) дробаў найменшым агульным назоўнікам двух (ці больш) дробаў з’яўляецца Н.а.к. іх назоўнікаў. Для знаходжання Н.к.а. зыходныя лікі раскладаюць на простыя множнікі (гл. Раскладанне на множнікі) і перамнажаюць усе простыя множнікі, якія ўваходзяць хаця бы ў адзін лік. Пры гэтым кожны множнік бяруць найб. колькасць разоў, якую ён сустракаецца. Паняцце Н.а.к. дастасавальнае і для мнагаскладаў: Н.а.к. двух ці больш мнагаскладаў ёсць мнагасклад найменшай ступені, які дзеліцца на кожны з зададзеных.
т. 11, с. 130
НАЙРО́БІ (Nairobi),
горад, сталіца Кеніі. Размяшчаецца на пласкагор’і, на выш. 1,7 тыс. м. З прылеглай тэрыторыяй утварае сталічную акругу Найробі. 2 млн. ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гал. гандл.-прамысл. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: харч., тэкст., гарбарна-абутковая, хім., папяровая, шкляная, металург., металаапр., цэм., шынная. Нац. ун-т. Музеі, у т. л. Нацыянальны (уключае буйнейшую ў свеце калекцыю афр. матылёў). Тэатры. Макміланаўская б-ка. Нац. цэнтр дагіст. і палеанталагічных даследаванняў. Шпіталь імя Дж.Кеніяты. Штаб-кватэра Сакратарыята ААН па праграме навакольнага асяроддзя. За 8 км на Пд — нац. парк Найробі.
Засн. ў 1899 у сувязі з буд-вам чыгункі. У 1907—63 адм. цэнтр брыт. калоніі Кенія. У 1920—40-я г. ў Н. размяшчалася англ. ваен. база. З 1963 сталіца незалежнай Кеніі (з 1964 Рэспублікі Кенія).
т. 11, с. 130
НАКАНАВА́ННЕ,
рэлігійнае ўяўленне аб прадвызначанасці божай воляй з’яў сусв. гісторыі, дэтэрмінаванасці жыцця і паводзін чалавека (гл. Правідэнцыялізм, Фаталізм). Канцэпцыя Н. ўступае ў процідзеянне з вучэннем аб свабодзе волі і адказнасці чалавека за свае ўчынкі, без якой не можа існаваць нават рэліг. этыка. Гэта абумовіла ўзнікненне спрэчак аб Н. ў розных рэліг. кірунках. Праваслаўе і каталіцызм абгрунтоўваюць сумяшчэнне свабоды волі з божым Н. Іслам, захоўваючы арыентацыю на фаталізм, спалучае Н. з дапушчэннем свабоды волі. Сучасная тэалогія імкнецца змякчыць фаталістычны характар Н. з дапамогай мадэрнізацыі рэліг. футуралогіі і эсхаталогіі.
т. 11, с. 130
НАКАНЕ́ЧНІК,
1) частка ручной кідальнай зброі, якая мацавалася на канцы дрэўка дзіды, кап’я, стралы, суліцы і інш. Найб. стараж. вядомы з эпохі палеаліту, часцей трапляюцца на помніках эпох мезаліту, неаліту, бронзавага і жалезнага вякоў і ў часы сярэднявечча. Рабілі з каменю, косці, дрэва, металу; мацавалі да зброі смалой, бярозавым варам і інш. Формы і памеры Н. залежалі ад таго, у які час іх выраблялі і да якой культуры яны належалі.
2) Элемент канструкцыі гал. часткі артыл. снарада, што павышае яго баявыя ўласцівасці. Адрозніваюць Н. балістычны і бранябойны.
т. 11, с. 130
НАКАПЛЕ́ННЕ,
адкладанне часткі даходу, прыбытку на будучыя патрэбы; ператварэнне часткі прыбавачнай вартасці ў капітал у працэсе расшыранага ўзнаўлення. Гіст. і лагічнай перадумовай Н. з’яўляецца першапачатковае накапленне капіталу. Рухаючы матыў Н. — атрыманне макс. прыбытку і рыначная канкурэнцыя, якая стымулюе нарошчванне маштабу вытв-сці з мэтай умацавання сваіх пазіцый на рынку. Адрозніваюць Н. вытворчае (расшыраецца і ўдасканальваецца працэс матэрыяльнай вытв-сці) і невытворчае (развіваецца і ўдасканальваецца невытв. сфера). Памеры Н. залежаць ад аб’ёму нацыянальнага даходу, узроўню прадукцыйнасці працы, эканомнага выкарыстання рэсурсаў, памераў замежных субсідый і займаў.
т. 11, с. 130
НАКАПЛЯ́ЛЬНІК,
1) у ЭВМ — частка запамінальнага прыстасавання, дзе непасрэдна захоўваецца інфармацыя; таксама само запамінальнае прыстасаванне. Напр., Н. на магн. дыску, Н. на магн. стужцы. Асн. характарыстыкі — ёмістасць і шчыльнасць запісу інфармацыі.
2) Н. зараджаных часціц (накапляльнае кальцо) — элемент сістэмы сустрэчных пучкоў (гл. Паскаральнікі з сустрэчнымі пучкамі). Уяўляе сабой кальцавую вакуумную камеру, якая знаходзіцца ў магн. полі і дзе назапашваюцца часціцы ад многіх цыклаў паскарэння.
т. 11, с. 130
НАКА́РДЫІ (Nokardia),
род бактэрый сям. накардыі групы актынаміцэтаў. Больш за 20 відаў. Пашыраны ў глебе, вадаёмах і інш. прыродных субстратах.
Утвараюць міцэлій з дыяметрам гіфаў 0,5—2 мкм Нерухомыя. Грамстаноўчыя. Аэробы. Размнажаюцца фрагментацыяй міцэлію, некат. ўтвараюць таксама споры і хламідаспоры. Сапрафіты, ёсць патагенныя віды для чалавека і жывёл (узбуджальнікі накардыёзу). У глебе ўтылізуюць устойлівыя да раскладання рэчывы расліннага паходжання (лігнін), удзельнічаюць у мінералізацыі гумусу, раскладаюць цяжкадаступныя для інш. мікраарганізмаў рэчывы (сінт. матэрыялы, воскі, вуглевадароды, адходы нафтавай прам-сці). Могуць выкарыстоўвацца для барацьбы з забруджваннем навакольнага асяроддзя.
т. 11, с. 130