НАКА́РДЫІ (Nokardia),

род бактэрый сям. накардыі групы актынаміцэтаў. Больш за 20 відаў. Пашыраны ў глебе, вадаёмах і інш. прыродных субстратах.

Утвараюць міцэлій з дыяметрам гіфаў 0,5—2 мкм Нерухомыя. Грамстаноўчыя. Аэробы. Размнажаюцца фрагментацыяй міцэлію, некат. ўтвараюць таксама споры і хламідаспоры. Сапрафіты, ёсць патагенныя віды для чалавека і жывёл (узбуджальнікі накардыёзу). У глебе ўтылізуюць устойлівыя да раскладання рэчывы расліннага паходжання (лігнін), удзельнічаюць у мінералізацыі гумусу, раскладаюць цяжкадаступныя для інш. мікраарганізмаў рэчывы (сінт. матэрыялы, воскі, вуглевадароды, адходы нафтавай прам-сці). Могуць выкарыстоўвацца для барацьбы з забруджваннем навакольнага асяроддзя.

т. 11, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)