НАКАНАВА́ННЕ,
рэлігійнае ўяўленне аб прадвызначанасці божай воляй з’яў сусв. гісторыі, дэтэрмінаванасці жыцця і паводзін чалавека (гл. Правідэнцыялізм, Фаталізм). Канцэпцыя Н. ўступае ў процідзеянне з вучэннем аб свабодзе волі і адказнасці чалавека за свае ўчынкі, без якой не можа існаваць нават рэліг. этыка. Гэта абумовіла ўзнікненне спрэчак аб Н. ў розных рэліг. кірунках. Праваслаўе і каталіцызм абгрунтоўваюць сумяшчэнне свабоды волі з божым Н. Іслам, захоўваючы арыентацыю на фаталізм, спалучае Н. з дапушчэннем свабоды волі. Сучасная тэалогія імкнецца змякчыць фаталістычны характар Н. з дапамогай мадэрнізацыі рэліг. футуралогіі і эсхаталогіі.
т. 11, с. 130
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)