Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗАЛЕ́СКІ (Антон Ігнатавіч) (15.2.1824, Варшава — 4.10.1885),

мастак, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве. Адукацыю атрымаў у Вільні і Варшаве, жывапісу вучыўся ў Вене і Фларэнцыі. Працаваў як мастак-графік, ілюстраваў творы А.Міцкевіча, Т.Ленартовіча, А.Мальчэўскага, І.Ходзькі і інш. Чл. Віленскай археал. камісіі. У 1862 прыхільнік «чырвоных», увайшоў у Літоўскі правінцыяльны камітэт, дзе разам з К.Каліноўскім рыхтаваў паўстанне. 26.1.1863 арыштаваны і высланы ў Вятку. З 1867 у Варшаве, потым за мяжой.

Г.В.Кісялёў.

А.Я.Залескі.

т. 6, с. 513

ЗАЛЕ́СКІ (Барыс Андрэевіч) (н. 6.7.1953, г. Кяхта, Расія),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1990). Скончыў Маскоўскі ун-т (1979). З 1982 у Ін-це матэматыкі Нац. АН Беларусі, адначасова ў БДУ. У 1994—96 ва ун-це г. Білефельда (Германія). Навук. працы па статыстыцы шматмерных размеркаванняў, лімітавых тэарэмах тэорыі імавернасцей.

Тв.:

Точность гауссовской аппроксимации в банаховых пространствах // Теория вероятностей и ее применение. 1989. Т. 34, вып. 4.

М.П.Савік.

Б.Залескі. Серакоўскі ў турме. Малюнак. 1863.

т. 6, с. 513

ЗАЛЕ́СКІ (Браніслаў Францавіч) (21.6.1820, мяст. Вызна Слуцкага пав., цяпер г.п. Чырвоная Слабада Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 2.1.1880),

бел. і польскі мастак, пісьменнік. Чл.-кар. АН у Кракаве (1873). За ўдзел у нелегальных студэнцкіх гуртках у час вучобы ў Дэрпцкім ун-це (1840-я г.) у 1846 арыштаваны, у 1847 сасланы ў Арэнбург, потым у Хіву, Туркестан. Разам з Т.Р.Шаўчэнкам (перапісваўся з ім у 1853—59) удзельнічаў як мастак у экспедыцыях па Аральскім краі і ў горы Каратау. У 1856 вярнуўся на радзіму, у в. Рачкавічы, дзе стварыў шэраг пейзажаў; жыў у в. Дарава каля Баранавічаў, у Мінску, каля Гродна (1857—59). Рабіў малюнкі да «Віленскага альбома» Я.Вільчынскага, які выдаваўся ў 1848—60-я г. У пач. 1860-х г. эмігрыраваў за мяжу (Дрэздэн, Рым, Парыж), дзе стварыў афорты «Калізей у Рыме» (1864), «Від Сан-Мало». Памагаў паўстанцам 1863—64 у закупцы зброі. Сакратар Гісторыка-літ. т-ва і рэдактар яго «Штогоднікаў» (з 1866, Парыж), выпусціў ілюстраванае (22 афорты) выданне «Жыццё кіргізскіх стэпаў» (1865), «Польскія выгнаннікі ў Арэнбургу» (1866), а таксама ўспаміны пра сучаснікаў. Аўтар прац «Адмена прыгонніцтва ў Літве» (1868), «З жыцця літвінкі» (пра мастачку А.Скірмунт, 1876) і інш. Стварыў шэраг малюнкаў пра паўстанне 1863—64 («Серакоўскі ў турме», 1863, і інш.), пейзажаў («Паток у Ціролі»). Сябраваў з Ц.Норвідам, быў адрасатам яго паэт. ліста «Да Браніслава З.». Перапісваўся з А.І.Герцэнам.

Тв.:

(Из заметок Шевченко). // Т.Г.Шевченко в воспоминаниях современников. М., 1962.

Літ.:

Александровіч С. Старонкі братняй дружбы. Мн., 1960. С. 173—181.

т. 6, с. 513

ЗАЛЕ́СКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ,

помнік палацава-паркавай архітэктуры 18—19 ст. у в. Залессе (Смаргонскі р-н). Належаў роду князёў Агінскіх, з 1802 — М.Клеафасу Агінскаму. Складаўся са старой сядзібы 1-й пал. 18 ст. ў стылі барока (не захавалася) і новага палацава-паркавага ансамбля ў стылі класіцызму (1802—05). Сядзіба ўключала сядзібны дом, невял. парк, гасп. двор і сад. Сядзібны дом — 1-павярховы прамавугольны ў плане драўляны будынак з 4 алькежамі па вуглах. Побач размяшчаўся парк, 2-павярховая драўляная брама вяла ў гасп. двор з кухняй, свірнам, лядоўняй. На тэр. сядзібы быў стаў з млыном, за ім — гасп. пабудовы і сад. Новы палацава-паркавы ансамбль пабудаваны на тэр. паміж абалонай р. Вілія і старой сядзібай паводле праекта арх. М.Шульца з удзелам арх. Ю.Пусэ. Палац — 1—2-павярховы мураваны Г-падобны будынак. Гал. прамавугольны ў плане корпус мае сіметрычна-восевую кампазіцыю з 2-павярховымі бакавымі павільёнамі і цэнтр. часткай, вылучанай 4-калонным дарычным порцікам і вежачкай з гадзіннікам. У інтэр’еры вестыбюля зберагліся арнаментальная фрэскавая размалёўка і кафляныя грубкі. Да гал. фасада прымыкалі 2 аранжарэі і сад. Побач з палацам стаяла 8-гранная капліца, аздобленая арх. жывапісам. Каля палаца размяшчаўся шпацырны звярынец з 2 альтанкамі, за ім — парк у рамантычным стылі (пашкоджаны ў гады 1-й сусв. вайны), дзе ўстаноўлены памятны камень у гонар Т.Касцюшкі. За ракой знаходзіўся звярынец. Вядуцца работы па рэстаўрацыі і аднаўленні арх. аблічча ансамбля.

Літ.:

Кулагин А.Н. Архитектура дворцово-усадебных ансамблей Белоруссии. Вторая пол. XVIII — начало XIX в. Мн., 1981;

Трэпет Л.В. Там, дзе гучалі паланезы. Мн., 1990.

Л.В.Іванова.

Залескі палацава-паркавы ансамбль. З малюнка Л.Ходзькі. 1822.

т. 6, с. 513

Залескі Пётр Карлавіч

т. 18, кн. 1, с. 387

ЗАЛЕ́ССЕ,

вёска ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 17 км ад горада і чыг. ст. Глыбокае, 217 км ад Віцебска. 254 ж., 111 двароў (1997).

Упершыню ўпамінаецца ў 2-й пал. 14 ст. (не пазней 1387) у грамаце кн. Андрэя Альгердавіча Полацкага. Адносілася да Полацкай зямлі, потым да Полацкага ваяв. У розны час належала Корсакам, Глябовічам, Вепрахоўскім, Цеханавецкім і інш. З 1793 у Рас. імперыі, у Дзісенскім пав. Мінскай, з 1842 — Віленскай губ. З 1863 цэнтр воласці ў Дзісенскім пав. Пры валасным праўленні працавала сельская школа. У 1897 у З. 176 ж. З 1921 у Польшчы, з 1939 у БССР. З 1940 цэнтр сельсавета. 311 ж., 114 гаспадарак (1971).

Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — сядзіба (19 ст.). Каля вёскі — курганны могільнік.

т. 6, с. 514

ЗАЛЕ́ССЕ,

вёска ў Кобрынскім р-не Брэсцкай вобл., каля Дняпроўска-Бугскага канала, на аўтадарозе Кобрын — Іванава. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 8 км на У ад горада і 10 км ад чыг. ст. Кобрын, 54 км ад Брэста. 621 ж., 228 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі.

т. 6, с. 514

ЗАЛЕ́ССЕ,

вёска ў Смаргонскім р-не Гродзенскай вобл., на левым беразе р. Вілія, каля аўтадарогі Маладзечна—Смаргонь; чыг. ст. на лініі Мінск—Гудагай, Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на ПдУ ад г. Смаргонь, 233 км ад Гродна. 1148 ж., 432 двары (1997).

Вядома з 16 ст. як фальварак Дзербы. У 1690 згадваецца ў ліку паселішчаў Смаргонскай парафіі Ашмянскага пав. У 18 — пач. 20 ст. ўласнасць роду Агінскіх. З 1795 у Рас. імперыі, у 19 — пач. 20 ст. ў Ашмянскім пав. Віленскай губ. У 1802—22 у З. жыў М.К.Агінскі, тут ім створаны шэраг муз. твораў, у т.л. паланэз «Развітанне з Радзімай». У 1880-я г. фальварак і вёска, 50 жыхароў. З 1921 у Польшчы, у Маладзечанскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Смаргонскага р-на. У 1971—806 ж., 258 двароў.

Мэблевы цэх. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры і гісторыі Залескі палацава-паркавы ансамбль (1802—22).

т. 6, с. 514

ЗАЛЕ́ССЕ,

вёска ў Чачэрскім р-не Гомельскай вобл., каля р. Сож. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 7 км на ПдУ ад г. Чачэрск, 72 км ад Гомеля, 42 км ад чыг. ст. Буда-Кашалёўская. 495 ж., 219 двароў (1997). Базавая школа, б-ка, аддз. сувязі. Каля вёскі паселішчы эпохі неаліту і бронз. веку.

т. 6, с. 514

«ЗАЛЕ́ССЕ»,

шклозавод у Вілейскім р-не. Засн. ў 1769 як гута ў в. Ілья. З 1802 шклозавод у маёнтку Залессе, з 1815 у засценку Стражыслаў, з 1855 за 3 км ад в. Залессе Вілейскага пав. (цяпер пас. Партызанскі Вілейскага р-на). У 1900 працавала 157 рабочых, выраблена стаЛовага і аптэчнага посуду і лямпаў на 90,7 тыс. руб. У 1910 дзейнічаў паравы рухавік. Прадукцыю збывалі ў Рыгу, Вільню, Гродна і інш. У Вял. Айч. вайну разбураны, у 1944 адноўлены як шклозавод «Залессе». У 1961—73 пабудаваны новыя цэхі, у 1988—90 рэканструяваны. Да 1993 вырабляў сілікат-глыбы (растваральнае шкло) і шклатару (слоікі). Цяпер выпускае піўныя, гарэлачныя, тэхнічныя бутэлькі. У 1996 выраблена 22,3 млн. шт. гарэлачных і 5,5 млн. шт. тэхн. бутэлек. З 1997 адкрытае акц. т-ва шклозавод «Залессе».

т. 6, с. 514