Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КЕ́БНЕКАЙСЕ (Kebnekaise),

вяршыня на Пн Скандынаўскіх гор, самая высокая ў Швецыі (2123 м). Складзена з габра, кварцавых сіенітаў. Некалькі адасобленых ледавікоў. Станцыя па вывучэнні ледавікоў і высакагор’яў. Турызм.

т. 8, с. 218

КЕВЕ́ДА-І-ВІЛЬЕ́ГАС ((Quevedo у Villegas) Франсіска Гомес дэ) (26.9.1580, Мадрыд — 8.9.1645),

іспанскі пісьменнік, прадстаўнік барока (кансептызму). Вучыўся ва ун-тах Алькала-дэ-Энарэса і Вальядаліда. У сатыр. санетах, рамансах, летрыльях (пісьмы ў вершах; «Усемагутны кабальера дон Дзінэра», 1605, і інш.), першым барочным шахрайскім рамане «Гісторыя жыцця прайдзісвета па імю дон Паблас» (1626), цыкле сац.-паліт. памфлетаў «Снабачанні» (1627), зб. навел «Час адплаты, або Разумная фартуна» (1636, выд. 1650) стварыў гратэскава-фантасмагарычную і сац. дакладную карціну ісп. жыцця 17 ст. Філас. лірыка К. пазначана глыбокім трагізмам, роздумам пра марнасць быцця і стойкасць чалавечага духу.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. Л., 1971;

История жизни пройдохи по имени дон Паблос // Плутовской роман. М., 1989.

Літ.:

Разумовская М.В., Синило Г.В., Солодовников С.В. Литература XVII—XVIII вв. Мн., 1989.

Г.В.Сініла.

т. 8, с. 218

КЕВО́РКАЎ (Сцяпан Агабекавіч) (1.4.1903, Масква — 1990),

армянскі кінарэжысёр. Нар. арт. СССР (1970). Скончыў Дзярж. тэхнікум кінематаграфіі ў Маскве (1930). Працаваў на студыі «Азеркіно». З 1933 на студыі «Масфільм», з 1936 — «Арменфільм» (у 1949—51 дырэктар). З рэж. Э.Карамянам стварыў фільмы: «Горны марш» (1939), «Прывіды пакідаюць вяршыні» (1955), «Сцежкаю грому» (1956), «Асабіста вядомы» («Камо», 1958), «Надзвычайнае даручэнне» (1965), «Выбух пасля поўначы» (1968), «Апошні подзвіг Камо» (1974, з Р.Г.Мелік-Авакянам) і інш. Дзярж. прэмія Арменіі 1967.

т. 8, с. 218

КЕ́ГЛІ (ням. Kegel),

гульня спарт. тыпу, мэта якой — збіць меншай колькасцю шароў, што пускаюць рукамі, найб. колькасць фігур—кегляў, размешчаных на пляцоўцы ў пэўным парадку і на адлегласці 15—20 м.

Вядомы са стараж. часоў. Радзіма сучасных К. — Германія (17—18 ст.). Як від спорту К. былі пашыраны ў 19—20 ст. у многіх краінах. Сучасныя спарт. К. культывуюцца з 1920. Міжнар. федэрацыя кегельнага спорту засн. у 1952 (Хельсінкі). Нац. чэмпіянаты па спарт. К. праводзяць Вялікабрытанія, Германія, ЗША, Францыя, Японія і інш., чэмпіянаты свету — з 1926, Еўропы — з 1964. У краінах, дзе культывуюць К., ёсць спец. збудаванні — кегельбаны (з 18 ст.), абсталяваныя аўтаматызаванымі дарожкамі для пуску шароў, сігнальна-выліч. прыладамі. Спарт. К. ў ЗША і інш. краінах наз. боўлінг.

т. 8, с. 218

КЕГЛЬ, кегель (ням. Kegel),

памер друкарскага шрыфту — вышыня літары звычайна з над- і падрадковымі элементамі, т.зв. заплечыкамі. Вымяраецца ў друкарскіх пунктах (роўны 0,376 мм) ці квадратах (48 пунктаў). Назвы шрыфтоў па К.: брыльянт (3 пункты), дыямант (4), перл (5), нанпарэль (6), міньён (7), петыт (8), боргес (9), корпус (10), цыцера (12), мітэль (14), тэрцыя (16), тэкст (20); ёсць таксама К. 24, 28, 36 пунктаў 1, 1 1/4, 1 1 1/2, 2, 2 1/2, 3, 4, 5, 6, 8, 10, 12, 15 квадратаў. Тэкст артыкулаў БелЭн набраны шрыфтам К. 8 і 7.

т. 8, с. 218

КЕ́ДА (Аляксандр Аляксандравіч) (н. 30.11.1956, в. Турэц Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. спявак (бас). Скончыў Бел. кансерваторыю (1980, клас С.Асколкава). З 1982 саліст Нац. акад. т-ра оперы Рэспублікі Беларусь. Валодае прыгожым моцным голасам яркага тэмбру, драм. талентам. Сярод партый: Дубатоўк («Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана), Воланд («Майстар і Маргарыта» Я.Глебава), Папагена і Зарастра, Лепарэла («Чароўная флейта», «Дон Жуан» В.А.Моцарта), Бартала («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), цар Егіпта, Рамфіс («Аіда» Дж.Вердзі), Крэспель («Казкі Гофмана» Ж.Афенбаха), Грэмін («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Сабакін («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Цуніга («Кармэн» Ж.Бізэ), граф Растоў («Вайна і мір» С.Пракоф’ева). Удзельнічаў у радыёзапісах опер «Матухна Кураж» С.Картэса (Свяшчэннік) і «Таямніца старога замка» У.Кандрусевіча (Здань).

Лаўрэат Рэсп. конкурсу музыкантаў-выканаўцаў (1980).

А.Я.Ракава.

т. 8, с. 218

КЕДЗЯ́РАЎ (Аляксандр Пятровіч) (н. 24.12.1947, в. Янглічы Канашскага р-на, Чувашыя),

бел. спартсмен (стралк. спорт). Майстар спорту СССР міжнар. класа (1971). Засл. майстар спорту СССР (1973). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1977). З 1972 інструктар Спартклуба БВА. Сярэбраны прызёр XXI Алімп. гульняў (1976, г. Манрэаль, Канада) у асабістым першынстве. Перамогі на чэмпіянатах свету: 1973 (г. Мельбурн, Аўстралія) — 2 залатыя медалі ў камандным, залаты і сярэбраны — у асабістым першынствах; 1974 (г. Тун, Швейцарыя) — 2 залатыя медалі ў камандным, сярэбраны ў асабістым першынствах, 2 залатыя медалі ў камандным першынстве 1975 (г. Мюнхен, Германія), 1979 (г. Лінц, Аўстрыя). Перамогі на чэмпіянатах Еўропы: 1973 (г. Доргмунд, Германія) — залаты медаль у камандным першынстве; 1977 (Бухарэст) — залаты медаль у камандным і сярэбраны ў асабістым першынствах; 1978 (г. Зуль, Германія) — залаты медаль у камандным і бронз. ў асабістым першынствах; 1979 (г. Грац, Аўстрыя) — сярэбраны медаль у асабістым першынстве; 1980 (Осла) — залатыя медалі ў камандным і асабістым першынствах. Чэмпіён СССР у асабістым (1972—74) і камандным (1978) першынствах. Пераможца і прызёр міжнар. і ўсесаюзных спаборніцтваў. Рэкардсмен свету, Еўропы, СССР. Усе перамогі атрыманы ў практыкаванні «Бягучы дзік».

т. 8, с. 219

КЕДР (Cedrus),

род голанасенных раслін сям. хваёвых. 3 віды пашыраны ў краінах Міжземнамор’я, 1 — у Гімалаях. Маюць назву сапраўдных, або паўд. К. Найб. вядомы К. ліванскі (C. libani). На Беларусі пад назвай К. вырошчваецца кедравая хвоя, або паўн. К.; найб. вядомыя К. еўрапейскі (Pinus cembra) і сібірскі (P. sibirica).

Вечназялёныя аднадомныя дрэвы з магутным ствалом выш. да 60 м, шырокай разгалінаванай ці парасонападобнай кронай. Жывуць да 1000 і болей гадоў. Ігліца 3—4-гранная, калючая, ад цёмна- і сіне-зялёнай да серабрыста-шэрай, у пучках па 30—40 ці адзіночная. Шышкі даўж. 5—10 см, шыр. 4—6 см, выспяваюць і рассыпаюцца на 2—3-і год. Насенне даўж. да 1,8 см з вял. крыльцам, неядомае. Драўніна ўстойлівая да шкоднікаў, мае прыемны колер і пах. Тэхн. і дэкар. расліны.

У.І.Торчык.

Кедр гімалайскі: 1 — галінка з шышкай; 2 — насенная лускавінка.

т. 8, с. 219

КЕ́ДРАВАЯ ПАДЗЬ,

запаведнік у Расіі, у Прыморскім краі, на зах. беразе Амурскага зал. Засн. ў 1916 з мэтай аховы прыроднага комплексу ландшафтаў трацічнага і мелавога перыядаў. Пл. каля 17,9 тыс. га. Пераважны рэльеф — ступеньчатыя горныя хрыбты выш. 300—400 м. Расліннасць характэрная для Паўд. зоны хвойна-шыракалістых барэальных лясоў. Пераважаюць дубовыя, клянова-ліпавыя і мяшаныя шыракалістыя лясы. Шмат ліян. Вышэйшых раслін 817 відаў, з іх рэдкія — жалезная бяроза, ліяна арысталохія, зопнік Максімовіча, жэньшэнь. У фауне 57 відаў млекакормячых, у т. л. рэдкія — тыгр, леапард, харза, гіганцкая буразубка; 250 відаў птушак, у т. л. рэдкія качка-мандарынка, сіні салавей і інш; паўзуны, земнаводныя. Насякомыя эндэмікі: вусач далёкаўсходні, хвастаносец Маака.

т. 8, с. 219

КЕ́ДРАЎ (Баніфацій Міхайлавіч) (10.12.1903, г. Яраслаўль, Расія — 10.9.1985),

савецкі філосаф, гісторык навукі, хімік. Акад. АН СССР (1966). Скончыў Маскоўскі ун-т (1930). Ін-т чырвонай прафесуры (1932). Працаваў у ЦК КПСС, Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС, Ін-це прыродазнаўства і тэхнікі (з 1962 дырэктар) і Ін-це філасофіі АН СССР (у 1973—74 дырэктар), Маскоўскім ун-це, гал. рэдактарам час. «Вопросы философии» (1947—49). Даследаваў праблемы матэрыяліст. дыялектыкі, псіхалогіі, логікі, метадалогіі навук. творчасці, філас. пытанні прыродазнаўства, навуказнаўства і інш.

Тв.:

Единство диалектики, логики и теории познания. М., 1963;

Ленин и научные революции. Естествознание. Физика. М., 1980;

Науки в их взаимосвязи: История. Теория. Практика. М., 1988 (у сааўт.);

Проблемы логики и методологии науки: Избр. тр. М., 1990.

А.М.Елсукоў.

т. 8, с. 219