Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КВАРТЭ́Т (італьян. quartetto ад лац. quartus чацвёрты),

1) ансамбль з 4 выканаўцаў (інструменталістаў ці вакалістаў). Можа быць аднароднага складу (струнны смыковы, драўляных духавых інструментаў, вак. мужчынскі або жаночы) і мяшанага (т. зв. фартэпіянны К. — фп., скрыпка, альт, віяланчэль). З інстр. К. найб. пашыраны струнны смыковы (2 скрыпкі, альт, віяланчэль). Як самаст. тып выканальніцкага калектыву сфарміраваўся ў 2-й пал. 18 ст. На Беларусі вядомы Гарадзецкі прыгонны квартэт У.​Г.​Кастрыёта-Скандэрбека, Дзяржаўны смыковы квартэт БССР, Квартэт Саюза кампазітараў БССР, вакальныя Беларускі вакальны квартэт, «Купалінка» і інш. 2) Муз. твор для ансамбля з 4 інструментаў або пеўчых галасоў. Струнны смыковы К. з канца 18 ст. — адзін з асн. жанраў камернай музыкі. Яго вызначаюць індывідуалізацыя партый, поліфанічная фактура, санатная цыклічная форма. Класічныя ўзоры К. стварылі І.​Гайдн, В.​А.​Моцарт, Л.​Бетховен, Ф.​Шуберт, П.​Чайкоўскі, А.​Барадзін, Б.​Бартак, П.​Хіндэміт, Дз.​Шастаковіч і інш. У бел. музыцы да К. звярталіся М.​Аладаў, У.​Алоўнікаў, В.​Войцік, Г.​Гарэлава, С.​Картэс, П.​Падкавыраў, А.​Туранкоў, К.​Цесакоў, М.​Чуркін, Л.​Шлег, В.​Яфімаў. Менш пашыраны ў сусв. музыцы фп. К. Вакальныя К. часта ўваходзяць у оперы, кантаты, араторыі. Шэраг нар. песень апрацавалі для вак. К. бел. кампазітары.

Р.​М.​Аладава.

т. 8, с. 211

КВАРТЭ́Т САЮ́ЗА КАМПАЗІ́ТАРАЎ БССР,

ансамбль інструменталістаў. Існаваў у Мінску ў 1962—90. У першы склад уваходзілі В.​Сарока (1-я скрыпка), П.​Валадарскі (2-я скрыпка), Л.​Ластаўка (альт), М.​Шчарбакоў (віяланчэль), у другі — Ю.​Гершовіч (з 1965), Т.​Боднева, В.​Баткіна, Шчарбакоў. У рэпертуары большасць квартэтаў бел. кампазітараў (М.​Аладава, В.​Войціка, В.​Залатарова, Дз.​Лукаса, І.​Лучанка, П.​Падкавырава, Э.​Ханка, К.​Цесакова, М.​Чуркіна), а таксама творы сусв. квартэтнай класікі, сучасных замежных кампазітараў. Выкананне квартэта вызначалі ансамблевая зладжанасць, пачуццё стылю.

Р.​М.​Аладава.

т. 8, с. 211

КВАРЦ (ням. Quarz),

мінерал, аксід крэмнію, SiO2; адзін з самых пашыраных пародаўтваральных мінералаў зямной кары. Крышт. мадыфікацыі: трыганальная (α-К., устойлівы ніжэй 573 °C) і гексаганальная (β-К., устойлівы вышэй 573 °C). Крышталі прызматычныя ці дыпірамідальныя, часта ўтвараюць зросткі.Трапляюцца зерні, агрэгаты і суцэльныя масы. Колер разнастайны: бясколерны К. — горны хрусталь, фіялетавы — аметыст, дымчаты — раўхтапаз, чорны — марыён, залацісты — цытрын і інш. Бляск шкляны. Празрысты. Цв. 7. Крохкі. Шчыльн. 2,65 г/см³. П’езаэлектрычны. Паходжанне пераважна эндагеннае. Кварцавыя пяскі і кварцыты выкарыстоўваюцца ў керамічнай і шкляной прам-сці, монакрышталі К. — у оптыцы і як п’езаэлектрычны матэрыял, афарбаваныя разнавіднасці К. — у ювелірнай справе. На Беларусі шматлікія радовішчы кварцавых пяскоў.

У.​Я.​Бардон.

Крышталі кварцу.

т. 8, с. 211

КВА́РЦАВАЕ ШКЛО,

чысты дыаксід крэмнію SiO2 у шклопадобным стане; неарган. шкло. Вызначаецца высокай тэрмічнай і радыяцыйнай устойлівасцю, вогнетрываласцю (т-ра размякчэння 1400 °C), добры дыэлектрык. Устойлівае да ўздзеяння мінер. кіслот (акрамя плавіковай і артафосфарнай пры награванні), газанепранікальнае. Атрымліваюць плаўленнем прыродных разнавіднасцей крэменязёму і сінт. SiO2. Выкарыстоўваюць для вырабу лабараторнага посуду, хім. апаратуры, аптычных прылад, ізалятараў у электратэхніцы; загатоўкі з найчысцейшага К.ш., атрыманага хім. асаджэннем з газавай фазы, — для выцягвання кварцавых валаконных святлаводаў.

т. 8, с. 212

КВА́РЦАВЫ ГАДЗІ́ННІК,

асабліва дакладны гадзіннік, у якім для адліку часу выкарыстоўваюцца ваганні кварцавага рэзанатара. Ваганні рэзанатара ўзбуджаюцца кварцавым генератарам. К. г. мае таксама дзялільнік частаты (дазваляе атрымліваць нізкачастотныя сігналы дакладнага часу) і лічыльнік імпульсаў. З дапамогай К. г. вымяраюць інтэрвалы часу з адноснай хібнасцю да 10​−10.

т. 8, с. 212

КВА́РЦАВЫ ГЕНЕРА́ТАР,

маламагутны генератар эл. аўтаваганняў, у якім электрамех. вагальнай сістэмай служыць кварцавы п’езаэл. рэзанатар. Характарызуецца высокай стабільнасцю частаты генерыруемых ваганняў (ад 5∙10​−6 да 10​−10). Выкарыстоўваюцца ў кварцавых гадзінніках, стандартах частаты і інш.

Асн. частка кварцавага рэзанатара — асобным чынам выпілаваная з крышталя кварцу пласцінка з пэўнай арыентацыяй плоскасці зрэзу. Пад уздзеяннем знешняга эл. напружання ў выніку адваротнага п’езаэл. эфекту (гл. П’езаэлектрычнасць) пласцінка ажыццяўляе строга пастаянныя мех. ваганні. Рэзанатар мае высокую (10​5—10​7) дыхтоўнасць, што і абумоўлівае надзвычай высокую стабільнасць частаты К. г. Паводле канструкцыі адрозніваюць К. г. дыскрэтныя (на дыскрэтных элементах), гібрыдныя (маюць таксама элементы, зробленыя па планарнай тэхналогіі; найб. пашыраныя) і інтэгральныя (усе элементы, акрамя актыўных, выкананы на адной п’езаэл. падложцы па планарнай тэхналогіі).

В.​І.​Вараб’ёў.

Прынцыповая схема кварцавага генератара з кварцавым рэзанатарам (КР) у вагальным контуры: C — кандэнсатары; R — рэзістары; L — шпуля індуктыўнасці; T — транзістар.

т. 8, с. 212

КВАРЦЫ́Т,

метамарфічная горная парода, складзеная пераважна з кварцу. Прадукт перакрышталізацыі кварцавых пясчанікаў і інш. крэменязёмістых адкладаў або замяшчэння кварцам парод інш. зыходнага складу. Мае больш як 97% аксіду крэмнію, SiO2. Трываласць на сцісканне 100—450 МПа, вогнетрываласць да 1770 °C. Залягаюць у выглядзе суцэльных пластоў вял. працягласці. Найб. характэрны для адкладаў пратэразою. Змяшчаюць радовішчы медзі, золата, серабра, сернага калчадану, жалеза (радовішчы Крывога Рога на Украіне, Курскай магн. анамаліі ў Расіі, Аколаўскае на Беларусі і інш.). Выкарыстоўваюцца для вытв-сці вогнетрывалых вырабаў (дынас), атрымання метал. крэмнію, як флюс у металургіі, кіслотатрывалы матэрыял, буд. (у т. л. дэкаратыўны) камень.

У.​Я.​Бардон.

т. 8, с. 212

КВАРЭ́НГІ (Quarenghi) Гварэнгі Джакома

(20 ці 21.9.1744, Вале-Іманья каля г. Бергама, Італія — 2.3.1817),

італьянскі архітэктар. Прадстаўнік рас. класіцызму. З 1761 вучыўся ў Рыме жывапісу; вывучаў ант. архітэктуру, работы А.​Паладыо. У Расіі з 1780. Пабудовы К. вылучаюцца яснасцю планіровачных вырашэнняў, прастатой і дакладнасцю аб’ёмных кампазіцый, манум. пластычнасцю форм, якая дасягалася ўвядзеннем урачыстых каланад на фоне гладкіх паверхняў сцен: Англійскі палац у Пецяргофе (цяпер Петрадварэц, 1781—94), будынкі АН (1783—89), Асігнацыйнага банка (1783—90), Эрмітажнага т-ра (1783—87), Кацярынінскага ін-та і Коннагвардзейскага манежа (1804—07), Смольны ін-т (1806—08) у Пецярбургу, Аляксандраўскі палац (1792—96) у Царскім Сяле (цяпер г. Пушкін) і інш. Рабіў малюнкі з выявамі стараж.-рус. дойлідства і сучасных яму пабудоў, жанравых сцэн. Выдаў гравіраваныя альбомы са сваіх праектаў Эрмітажнага т-ра і Асігнацыйнага банка (1787 і 1791) і 1-ы том збору сваіх праектаў (1810).

Літ.:

Архитектурные проекты и рисунки Д.​Кваренги из музеев и хранилищ СССР. Л., 1967.

Дж.Кварэнгі.

т. 8, с. 212

КВАС,

напітак з заквашанага жытняга цеста ці хлеба з соладам, з сухароў. Вядомы з часоў Кіеўскай Русі. Пашыраны ў краінах Усх. Еўропы. На Беларусі робяць таксама з садавіны, ягад, бярозавага і кляновага сокаў (гл. Бярозавік).

т. 8, с. 212

КВА́САЎ (Аляксей Васілевіч) (1718—20.2.1772),

расійскі архітэктар. Узначальваў арх. частку Камісіі па мураваным буд-ве С.-Пецярбурга і Масквы. Кіраваў стварэннем ген. плана Пецярбурга (1763—69), склаў праект рэканструкцыі адміралцейскай ч. горада і праекты перадмаставых плошчаў у месцы перакрыжавання р. Фантанка з гар. магістралямі. Працаваў над праектамі планіроўкі Казані (1766), Цвяры (1767), Астрахані (1768), Харкава (1768) і інш.

т. 8, с. 212