КВАНТ ЭНЕ́РГІІ,
вызначаная колькасць энергіі, якую можа вылучыць ці паглынуць мікрасістэма (атамнае ядро, атам, малекула) у элементарным акце ўзаемадзеяння. Гл. таксама Квантаванне, Квантавая механіка.
т. 8, с. 207
КВА́ПІЛ ((Kvapil) Яраслаў) (25.9.1868, Худзеніцы каля г. Клатаві, Чэхія — 10.1.1950),
чэшскі пісьменнік і рэжысёр. Нар. арт. Чэхіі (1940). Скончыў Карлаў ун-т у Празе. У 1900—21 і з 1929 рэжысёр і кіраўнік драм. трупы Нац. т-ра ў Празе, у 1921—28 маст. кіраўнік Дзярж. т-ра на Вінаградах. Аўтар п’ес: «Змрок» (1895), «Вандроўны агеньчык» (1896), «Казка пра прынцэсу Дзьмухавец» (1899), «Аблокі» (1903), «Сірата» (1906), «Андэрсен» (1914) і інш. Сярод пастановак: «Фауст» І.В.Гётэ, «Валенштэйн» Ф.Шылера, «Атэла», «Сон у летнюю ноч», «Макбет», «Гамлет», «Юлій Цэзар» і інш. У.Шэкспіра, «Вайнарка», «Бацька», «Ліхтар», «Ян Гус» А.Ірасека і інш. Аўтар лібрэта да опер А.Дворжака і інш. Перакладаў асобныя п’есы Г.Ібсена.
т. 8, с. 211
КВА́РКІ (англ. quark),
спецыфічныя састаўныя часткі элементарных часціц, якім уласцівы моцныя ўзаемадзеянні (гл. Адроны). Напр., барыёны складаюцца з 3 К., мезоны — з К. і антыкварка. Гіпотэза К. прапанавана амер. фізікамі М.Гел-Манам і Дж.Цвейгам у 1964 для тлумачэння ўласцівасцей адронаў і заканамернасцей у іх спектраскапіі.
Маюць спін 1/2, эл. зарад +2/3 ці -1/3 ад зараду пратона, барыённы зарад 1/3, а таксама спецыфічныя квантавыя лікі — «водар», «колер» і інш. Вядома 6 «водараў» К., якія маюць розныя назвы і пазначаюцца лац. літарамі u, d, s, c, b, t (масы спакою 5, 8, 100 МэВ і 1,5, 5, 175 ГэВ адпаведна), адпаведныя антыкваркі — , , , , , . Пры гэтым К. u і d утвараюць звычайнае ядз. рэчыва, астатнія нараджаюцца ў якасці кароткажывучага штучнага ядз. рэчыва на паскаральніках зараджаных часціц. К. існуюць толькі ў ядз. рэчыве; эксперыментальна ўскосна выяўлены ў доследах па сутыкненні адронаў, электронна-пазітроннай анігіляцыі ў струменях адронаў і рассеянні лептонаў на нуклонах. Гл. таксама Квантавая хромадынаміка.
Літ.:
Окунь Л.Б. Лептоны и кварки. 2 изд. М., 1990.
І.С.Сацункевіч.
т. 8, с. 211
КВА́РТА (ад лац. quarta чвэрць),
бел. старажытная мера (адзінка) аб’ёму сыпкіх рэчываў і вадкасцей. У сістэме мер ВКЛ 1 К. = 1/4 гарца = 0,7057 л. Адзінка, у 4 разы меншая за К., называлася кватэрка. К. наз. таксама пасудзіна такой ёмістасці (умяшчальнасці). Гл. таксама Гарнец.
т. 8, с. 211
КВАРТА́Л (ад лац. quartus чацвёрты),
1) чвэрць года (3 мес).
2) Частка гар. забудовы, абмежаваная вуліцамі.
3) У Рас. імперыі найменшая адм.-паліцэйская адзінка на чале з квартальным наглядчыкам. Складалася з некалькіх вуліц, уваходзіла ў паліцэйскі ўчастак.
4) У лясной гаспадарцы дзялянка, абмежаваная прасекамі і дарогамі.
т. 8, с. 211
КВА́РТНІК (ад польск. kwartnik чвэрць),
польская сярэбраная манета, роўная паўгроша, 1/96 польскай грыўні. Чаканіўся з 13 ст., у 14—16 ст. меў некалькі разнавіднасцей: сілезскі (лігатурная Maca 1,7 г, упамінаецца каля 1294 і да 1325—30), кракаўскі (маса 1,6 г, 1337—1403), львоўскі, або рускі (маса 1,6 г, 1340—79), паморскі (маса 0,46 г, чаканіўся ў Шчэціне, пазней у інш. гарадах Зах. Памор’я з 1408 і да 16 ст.). З канца 14 ст. адпавядаў 3 дэнарыям і называўся тэрнарыем, траяком.
т. 8, с. 211