Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГРАВІМЕТРЫ́ЧНАЯ ЗДЫ́МКА,

працэс атрымання значэнняў паскарэння свабоднага падзення ўздоўж профілю або па плошчы. Бывае агульная, пошукавая і разведвальная. Вымярэнні праводзяць гравіметрамі, гравітацыйнымі варыёметрамі, маятнікавымі прыладамі.

Агульную гравіметрычную здымку праводзяць з мэтай выяўлення рэгіянальных заканамернасцей паводзін поля сілы цяжару. Пошукавая гравіметрычная здымка выконваецца на асобных плошчах, напр., з перспектыўнымі радовішчамі карысных выкапняў; іх дакладнасць і дэталёвасць вызначаюцца геолага-пошукавымі задачамі. Разведвальную гравіметрычную здымку праводзяць пры рашэнні разведвальных задач на пэўных геал. аб’ектах або пры дэталізацыі структуры анамальнага поля сілы цяжару; вылучаецца найб. дэталёвасцю і дакладнасцю.

Г.І.Каратаеў.

т. 5, с. 381

ГРАВІМЕТРЫ́ЧНАЯ РАЗВЕ́ДКА,

від разведачнай геафізікі, заснаваны на вымярэннях анамальных гравіметрычных паказчыкаў Зямлі. Выкарыстоўваецца для вывучэння будовы зямной кары, пошуку і разведкі карысных выкапняў. Дае магчымасць выяўляць разломы ў зямной кары (гл. Глыбінны разлом) і вылучаць структуры, недаступныя вывучэнню звычайнымі геал. метадамі. Уключае гравіметрычную здымку, інтэрпрэтацыю анамалій і пабудову гравіметрычнай мадэлі аб’екта. Бывае наземная, марская (надводная, падводная, донная), падземная, аэра- і касмічная. Выконваецца гравіметрамі. Імі вымяраюць адносныя значэнні сілы цяжару. Вынікі гравіметрычнай разведкі «прывязваюцца» да апорных пунктаў дзярж. гравіметрычнай сеткі. Маштаб здымкі вызначаецца яе мэтамі і ўмовамі правядзення работ: для рэгіянальных даследаванняў 1:200 000 — 1:500 000; пры пошуках нафтагазаносных структур 1:50 000; у шахтах і свідравінах 1:500 і інш. На падставе агульнай гравіметрычнай разведкі вылучаюцца раёны, перспектыўныя для пошуку карысных выкапняў, і асобныя геал. структуры, дзе магчыма размяшчэнне нафтавых, газавых і рудных радовішчаў. Па выніках агульнай гравіметрычнай разведкі праводзяцца дэталёвыя пошукі, пры якіх аналізуюцца лакальныя анамаліі сілы цяжару для атрымання адказаў аб элементах і ўмовах залягання анамаліяўтваральных аб’ектаў. Гравіметрычная разведка выконваецца звычайна ў комплексе з магніта-, электра- і сейсмаразведкай.

А.А.Саламонаў.

т. 5, с. 381

ГРАВІМЕТРЫ́ЧНЫЯ КА́РТЫ,

тапографа-геадэзічныя карты, на якія нанесены адпаведныя паказчыкі гравітацыйнага поля Зямлі. Могуць мець характарыстыкі патэнцыялу сілы цяжару з яго вытворнымі. Складаюцца па матэрыялах гравіметрычнай здымкі: для рэгіянальных геолага-фіз. даследаванняў у маштабе 1:200 000 — 1:500 000 з сярэдняй квадратычнай памылкай m = 2 мГал, для пошуку нафтагазавых структур і вывучэння вугальных пакладаў у маштабе 1:50 000 з т = ±0,2 мГал, для шахтаў і свідравін адпаведна 1:5000 з m =±0,01—±0,001 мГал. Выкарыстоўваюцца ў геалогіі, вышэйшай геадэзіі, у ваенных мэтах (для разлікаў параметраў запуску ракет).

А.А.Саламонаў.

т. 5, с. 382

ГРАВІМЕТРЫ́ЧНЫ АНА́ЛІЗ,

метад колькаснага аналізу, заснаваны на дакладным вымярэнні масы рэчываў з дапамогай аналітычных вагаў. Выкарыстоўваюць для кантролю якасці сыравіны і гатовай прадукцыі, вызначэння хім. саставу горных парод, сплаваў і інш.

Пры гравіметрычным аналізе частку даследуемага цвёрдага рэчыва вядомай масы (навеска) пераводзяць у раствор, з якога вызначаемы кампанент вылучаюць у выглядзе практычна нерастваральнага рэчыва. Асадак аддзяляюць (напр., фільтраваннем), высушваюць ці награюць да ўтварэння ўстойлівага злучэння (вагавая форма) і ўзважваюць, потым разлічваюць колькасць (у% па масе) кампанента ў цвёрдым рэчыве. Адносная хібнасць гравіметрычнага аналізу ±0,1%.

т. 5, с. 381

ГРАВІМЕТРЫ́ЧНЫ ПУНКТ,

спецыяльны пункт на зямной паверхні, дзе вымерана паскарэнне свабоднага падзення. У кожным гравіметрычным пункце вызначаюцца таксама гарыз. каардынаты і вышыня над узроўнем мора. Для правядзення гравіметрычнай здымкі ствараюцца апорныя (шматразовыя вымярэнні гравіметрычнымі прыладамі павышанай дакладнасці) розных класаў і радавыя гравіметрычныя пункты. Зыходныя апорныя гравіметрычныя пункты закладзены ў геафіз. абсерваторыях «Патсдам» (ФРГ; гал. ў Еўропе), «Пулкава» (Расія), «Плешчаніцы» (Беларусь).

т. 5, с. 382

ГРАВІМЕ́ТРЫЯ

(ад лац. gravis цяжкі + ...метрыя),

галіна геафізікі, якая вывучае гравітацыйнае поле Зямлі. Паскарэнне свабоднага падзення і яго змяненні вымяраюць абс. і адноснымі метадамі з дапамогай гравіметраў, маятнікавых прылад, гравітацыйных варыёметраў, градыентаметраў, а таксама назіранняў за ШСЗ. Гравіметрычныя даныя выкарыстоўваюцца ў астраноміі, метралогіі, геадэзіі, геалогіі, касманаўтыцы і інш.

Паскарэнне свабоднага падзення вызначыў Г.Галілей (каля 1590). У 1673 Х.Гюйгенс выявіў залежнасць паміж паскарэннем свабоднага падзення і перыядам ваганняў маятніка. Тэарэт. асновы гравіметрыі заклаў І.Ньютан. Работамі А.К.Клеро, Дж.Стокса і інш. створана сучасная гравіметрыя. За аснову сусв. гравіметрычнай сістэмы прынята значэнне паскарэння свабоднага падзення для г. Патсдам (ФРГ) g = 9,81274 м/с2 = 981,274 Гал, атрыманае ў 1898—1904 (у 1971 15-я ген. асамблея Міжнароднага геад. і геагр. саюза зацвердзіла папраўку: -14·10​-5 м/с2). У СССР сістэматычныя гравіметрычныя вымярэнні пачаліся ў 1932; у 1950—56 створана сетка гравіметрычных пунктаў высокай дакладнасці: геафіз. абсерваторыі «Пулкава», «Казань», «Масква», «Палтава»; на Беларусі «Плешчаніцы» і «Нарач» (абс. вымярэнні з 1997).

Літ.:

Грушинский Н.П. Основы гравиметрии. М., 1983.

Г.І.Каратаеў.

т. 5, с. 382

ГРАВІРАВА́ЛЬНЫ СТАНО́К,

капіравальна-фрэзерны станок з інструментам для гравіравання. Выявы з аб’ектаў (мадэлей барэльефаў, інш. аб’ёмных арыгіналаў, літар, узораў, малюнкаў) выразаюць на мяккім метале, камені, дрэве спец. рэжучым інструментам (штыхелем, фрэзай), які вядзе апрацоўку ў адпаведнасці з сігналамі ад абваднога штыфта (датчыка). Штыфт рухаецца па капіры і падае сігналы ў сістэму сачэння (механічную, гідраўлічную або электрычную), што кіруе інструментам. У металаапрацоўцы гравіравальныя станкі выразаюць клеймы, надпісы, лічбы на дэталях, у паліграфіі робяць цынкаграфскія клішэ (фотагравіравальнай машынай).

т. 5, с. 382

ГРАВІРАВА́ННЕ

(ад ням. gravieren франц. graver выразаць на чым-небудзь),

выразанне арнаменту, выявы, надпісу і інш. на паверхні цвёрдых матэрыялаў (метал, косць, камень, дрэва, шкло і інш.) разцамі ці інш. спец. інструментамі. Вядома са стараж. часоў у многіх народаў: гравіраванне на метале кубачынскіх майстроў (Дагестан), чукоцкае гравіраванне па косці і інш. Пры гравіраванні на метале і шкле ўжываецца траўленне кіслотамі. Гравіраваны малюнак бывае пукаты або заглыблены. Гравіраванне выкарыстоўваюць у вытворчасці друкарскіх формаў у гравюры, ювелірным мастацтве, аздабленні шклянога і хрусталёвага посуду, зброі. Можа спалучацца з чаканкай, ліццём, залачэннем, чарненнем, эмалямі.

На Беларусі вядома з каменнага веку (ювелірныя вырабы з геам. гравіраваным арнаментам). У 11—13 ст. пашырана гравіраванне геам. і сюжэтнага характару па метале, косці, дрэве, камені. У 15—18 ст. гравіраванне арнаментальнага і сюжэтнага характару аздаблялі царк. начынне, кніжныя абклады і інш. У 17—18 ст. гравіраванымі гербамі, партрэтамі, пейзажамі, надпісамі ўпрыгожвалі ўзоры ўрэцка-налібоцкага шкла. Металічныя вырабы 19 ст. вызначаюцца чаргаваннем дробнаўзорыстага гравіраванага дэкору з вял. ўчасткамі чыстай паверхні. У наш час у тэхніцы гравіравання працуюць некаторыя майстры-ювеліры.

Я.М.Сахута.

т. 5, с. 382

ГРА́ВІС

(ад лац. gravis цяжкі),

1) тон складоў у стараж.-грэч. мове, які характарызуецца адсутнасцю павышэння голасу. Супрацьпастаўляецца акуту.

2) Від націску ў швед. мове, пры якім склад, што ідзе за складам з асноўным націскам, мае слабы пабочны націск; рух тону пры гэтым характарызуецца як сыходна-ўзыходны.

3) Дыякрытычны знак (`), які абазначае ў франц. мове ступень адкрытасці галосных: pére.

т. 5, с. 382

ГРАВІТАЦЫ́ЙНАЕ АБАГАЧЭ́ННЕ карысных выкапняў, спосаб абагачэння карысных выкапняў, засн. на розніцы шчыльнасці і скорасці падзення мінералаў у водным або паветр. асяроддзі ці ў суспензіі. Адрозніваюць гравітацыйнае абагачэнне ў вертыкальным патоку вады або паветра, які бесперапынна пульсуе (т.зв. адсадка), у цяжкіх суспензіях, растворах і вадкасцях, на канцэнтрацыйных сталах і ў шлюзах, сепаратарах (пнеўматычных, вінтавых, шнэкавых, супрацьточных) і гідрацыклонах, мыечных жалабах і інш. Гравітацыйным спосабам абагачаюць каменны вугаль, сланцы, руды, азбест, каалін і інш.

т. 5, с. 382