ГРАВІРАВА́ННЕ

(ад ням. gravieren франц. graver выразаць на чым-небудзь),

выразанне арнаменту, выявы, надпісу і інш. на паверхні цвёрдых матэрыялаў (метал, косць, камень, дрэва, шкло і інш.) разцамі ці інш. спец. інструментамі. Вядома са стараж. часоў у многіх народаў: гравіраванне на метале кубачынскіх майстроў (Дагестан), чукоцкае гравіраванне па косці і інш. Пры гравіраванні на метале і шкле ўжываецца траўленне кіслотамі. Гравіраваны малюнак бывае пукаты або заглыблены. Гравіраванне выкарыстоўваюць у вытворчасці друкарскіх формаў у гравюры, ювелірным мастацтве, аздабленні шклянога і хрусталёвага посуду, зброі. Можа спалучацца з чаканкай, ліццём, залачэннем, чарненнем, эмалямі.

На Беларусі вядома з каменнага веку (ювелірныя вырабы з геам. гравіраваным арнаментам). У 11—13 ст. пашырана гравіраванне геам. і сюжэтнага характару па метале, косці, дрэве, камені. У 15—18 ст. гравіраванне арнаментальнага і сюжэтнага характару аздаблялі царк. начынне, кніжныя абклады і інш. У 17—18 ст. гравіраванымі гербамі, партрэтамі, пейзажамі, надпісамі ўпрыгожвалі ўзоры ўрэцка-налібоцкага шкла. Металічныя вырабы 19 ст. вызначаюцца чаргаваннем дробнаўзорыстага гравіраванага дэкору з вял. ўчасткамі чыстай паверхні. У наш час у тэхніцы гравіравання працуюць некаторыя майстры-ювеліры.

Я.М.Сахута.

т. 5, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)