Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГРАБНЯКІ́,

тое, што грабавыя лясы.

т. 5, с. 381

ГРАБО́ЎСКІ Павел Арсенавіч

(11.9.1864, в. Грабоўскае Сумскай вобл., Украіна — 12.12.1902),

украінскі паэт, рэв. дэмакрат. У 1874—82 вучыўся ў Ахтырскім духоўным вучылішчы і Харкаўскай духоўнай семінарыі. Удзельнік харкаўскай групы «Чорнага перадзелу». У 1882 за рэв. агітацыю арыштаваны і сасланы на катаргу. Каля 20 гадоў правёў у сібірскіх турмах і ссылцы. Майстар кароткага верша, насычанага глыбінёй думкі і пачуццяў (зб-кі «Пралеска», 1894; «З Поўначы», 1896; «Кобза», 1898). У творах адлюстроўваў мінулае і сучаснае Украіны, героіку рэв. барацьбы. Як крытык і публіцыст выступаў супраць дэкадэнцтва, тэорыі «мастацтва дзеля мастацтва», апалітычнасці ў маст. творчасці, ліберальнага народніцтва, сцвярджаў прынцыпы рэалізму. Пісаў для дзяцей. Перакладаў з рус., груз., арм., балг., польск., англ., італьян., франц. і інш. моў свету (зб. «З чужога поля», 1895).

Тв.:

Зібрання творів. Т. 1—3. Київ, 1959—60;

Рус. пер. — Избранное. М., 1964.

т. 5, с. 381

ГРАБО́ЎСКІ Стафан

(24.6.1767, в. Асташына Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 4.6.1847),

военачальнік, адзін з кіраўнікоў паўстання 1794. Пасля заканчэння Рыцарскай школы ў Варшаве харунжы ў войску ВКЛ. У час ваенных дзеянняў Рэчы Паспалітай з Расіяй 1792 вызначыўся ў баях пад Мірам і Брэстам. Атрад Грабоўскага адыграў вырашальную ролю пры выгнанні з Вільні рас. гарнізона (крас. 1794), удзельнічаў у баях пад в. Солы, Паляны, у абароне Вільні. У жн. 1794 Грабоўскі ўзначаліў рэйд 2-тысячнага атрада паўстанцаў на Міншчыну і Магілёўшчыну. Пасля няўдалага бою пад Любанню (4.9.1794) капітуляваў. Высланы ў Кастрамскую губ., пазней амнісціраваны. У вайну 1812 ваяваў на баку Напалеона, ген.-маёр, трапіў у палон. Пры падтрымцы А.Чартарыйскага вызвалены, увайшоў у склад вышэйшай адміністрацыі Варшаўскага княства. З 1816 дырэктар Вайсковай камісіі, з 1825 міністр-сакратар Каралеўства Польскага, ген. дывізіі (1826). Удзельнік руска-турэцкай вайны 1826—29. У 1832—39 чл. Дзярж. савета Рас. імперыі.

У.П.Емяльянчык.

т. 5, с. 381

ГРАБЯНЕ́Ц,

вёска ў Чэрвеньскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 15 км на ПдУ ад Чэрвеня, 83 км ад Мінска, 25 км ад чыг. ст. Градзянка. 420 ж., 139 двароў (1996). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

т. 5, с. 381

ГРАБЯНЁЎСКІ,

пасёлак у Руднянскім с/с Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. Цэнтр саўгаса. За 13 км ад горада і чыг. ст. Жыткавічы, 230 км ад Гомеля. 250 ж., 82 двары (1996). Клуб, б-ка, аптэка, аддз. сувязі.

т. 5, с. 381

ГРАБЯНІ́,

вёска ў Лельчыцкім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 19 км на ПдУ ад Лельчыц, 226 км ад Гомеля, 85 км ад чыг. ст. Козенкі. 359 ж., 126 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

т. 5, с. 381

ГРАВЕЛІ́Т,

сцэментаваны жвір, які мае тэкстуры, уласцівыя пясчаным пародам. Пашыраны сярод асадкавых утварэнняў. Наяўнасць гравеліту сведчыць аб інтэнсіўным размыванні больш стараж. тоўшчаў і блізкасці мелкаводдзя, сушы або падняцця (дадатных формаў рэльефу дна басейна). На Беларусі гравеліт пашыраны ў геал. адкладах венду, антрапагену і інш.

т. 5, с. 381

ГРАВЕ́Т

(франц. Gravettian),

археалагічная культура эпохі верхняга палеаліту, якая каля 25 тыс. г. да н. э. змяніла арыньяк. Назва ад грота Ла-Гравет у Дардоні (Францыя), дзе знойдзены першыя крамянёвыя прылады тыпу гравет. У сучаснай тэрміналогіі лічыцца найб. ранняй фазай верхняга перыгору. Для гравету характэрны невял. вострыя крамянёвыя пласціны з прытупленым краем (т.зв. гравецкія вастрыі). Тэрмін «гравет» часам выкарыстоўваюць у дачыненні да матэрыялаў усяго верхнеперыгорскага перыяду.

А.В.Іоў.

т. 5, с. 381

ГРА́ВІЙ,

тое, што жвір.

т. 5, с. 381

ГРАВІМЕ́ТР

(ад лац. gravis цяжкі + ...метр),

прылада для вымярэння сілы цяжару і адпаведнага паскарэння свабоднага падзення. Адрозніваюць гравіметры статычныя і дынамічныя, стацыянарныя і перасоўныя. Спосабы вымярэнняў бываюць абсалютныя і адносныя (вымяраецца змяненне паскарэння свабоднага падзення g у дадзеным пункце адносна пэўнага зыходнага пункта; гл. Гравіметрычная здымка). Прылады, устаноўленыя на суднах і самалётах, улічваюць таксама ўплыў сіл інерцыі. Адносная хібнасць вызначэння g да 10​-7 — 10​-9.

Статычныя гравіметры засн. на прынцыпе работы спружынных вагаў: змены g ураўнаважваюцца пругкай сілай (ці пругкім момантам) адчувальнага элемента (выкарыстоўваюцца для адносных вымярэнняў). Да дынамічных гравіметраў адносяць струнныя (выкарыстоўваюць для адносных вымярэнняў па зменах частаты ваганняў нагружанай струны) і балістычныя (выкарыстоўваюць для абсалютных вымярэнняў часу праходжання пры свабодным падзенні пробным целам зададзенай адлегласці).

Г.І.Каратаеў.

т. 5, с. 381