ГРАВІМЕ́ТР
(ад лац. gravis цяжкі + ...метр),
прылада для вымярэння сілы цяжару і адпаведнага паскарэння свабоднага падзення. Адрозніваюць гравіметры статычныя і дынамічныя, стацыянарныя і перасоўныя. Спосабы вымярэнняў бываюць абсалютныя і адносныя (вымяраецца змяненне паскарэння свабоднага падзення g у дадзеным пункце адносна пэўнага зыходнага пункта; гл. Гравіметрычная здымка). Прылады, устаноўленыя на суднах і самалётах, улічваюць таксама ўплыў сіл інерцыі. Адносная хібнасць вызначэння g да 10-7 — 10-9.
Статычныя гравіметры засн. на прынцыпе работы спружынных вагаў: змены g ураўнаважваюцца пругкай сілай (ці пругкім момантам) адчувальнага элемента (выкарыстоўваюцца для адносных вымярэнняў). Да дынамічных гравіметраў адносяць струнныя (выкарыстоўваюць для адносных вымярэнняў па зменах частаты ваганняў нагружанай струны) і балістычныя (выкарыстоўваюць для абсалютных вымярэнняў часу праходжання пры свабодным падзенні пробным целам зададзенай адлегласці).
Г.І.Каратаеў.
т. 5, с. 381
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)