Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГРАБЕНБА́ЎЭРЫ

(Grabenbauer),

музыканты 18 — пач. 19 ст.

Дамінік (? — раней 25.2.1804), клавесініст і педагог. У 1757—72 працаваў пры двары гетмана Браніцкага ў Беластоку (Польшча), даваў прыватныя ўрокі музыкі. Часта выязджаў у Слонім, з 1778, верагодна, жыў у ім стала (1.1.1779 заключыў з М.К.Агінскім кантракт на 8 гадоў, паводле якога абавязваўся навучаць прыгонных ігры на клавікордах). Працаваў да 1804 у муз. школе пры Слонімскай капэле Агінскага. Ева (1760, Беласток — ?), спявачка і педагог. Дачка Дамініка. З 1.1.1779 працавала ў Слонімскім тэатры Агінскага. Паводле кантракта павінна была вучыць прыгонных спевам, а таксама выступаць у операх і камедыях. У 1780 спявала ў оперы «Тэлемак». У сак. 1785 пакінула Слонім разам з мужам, прыдворным спеваком М.Лазарыні.

Г.І.Барышаў.

т. 5, с. 378

ГРАБЕНІКО́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура эпохі позняга мезаліту (6—4 тыс. г. да н. э.) на тэр. Паўн. Прычарнамор’я ў міжрэччы Дняпра і Паўд. Буга. Назва ад стаянкі каля в. Грабенікі Адэскай вобл. Насельніцтва займалася паляваннем на каня, быка, кулана. Для грабенікоўскай культуры характэрны нуклеусы для пласцін, скрабкі на адшчэпах, геам. мікраліты (трапецыі). Акрамя стаянак вядома патройнае дзіцячае пахаванне ў скурчаным становішчы ў прамавугольнай яме.

А.В.Іоў.

т. 5, с. 378

ГРАБЕ́НІЦКАЕ ВО́ЗЕРА,

гл. Міхалінава.

т. 5, с. 378

ГРАБЕ́ННІК,

кветкавая расліна, тое, што грэбнік.

т. 5, с. 378

Грабеннікаў Руслан Васілевіч

т. 18, кн. 1, с. 373

ГРАБЕ́НСКАЯ Ніна Іванаўна

(28.1.1926, С.-Пецярбург — 9.9.1973),

бел. савецкі вучоны ў галіне гісталогіі. Д-р мед. н. (1971). Скончыла Ленінградскі сан.-гігіенічны мед. ін-т (1948). У 1952—56 у Бел. НДІ аховы мацярынства і дзяцінства. З 1959 у Гродзенскім мед. ін-це, з 1972 у Ін-це біяхіміі АН Беларусі. Навук. працы па эвалюцыйнай марфалогіі лёгкіх, вывучэнні механізма таксічнага дзеяння вокісу вугляроду на арганізм.

т. 5, с. 379

ГРАБЕ́НШЧЫК,

тамарыкс, тамарыск (Tamarix), род кветкавых раслін сям. грабеншчыкавых. Каля 90 відаў. Пашыраны ў пустынях, паўпустынях і стэпах Паўд. Еўропы, Азіі і Паўн.-Усх. Афрыкі. На Беларусі ў Цэнтр. бат. садзе АН інтрадукаваны 4 віды: грабеншчык галінасты (T. ramosissima, расце і ў Лошыцкім парку), Гагенакера (Т. hohenackeri), Меера (Т. meyeri), квітучы (Т. florida). У бат. садах і парках на Беларусі трапляюцца таксама грабеншчык выцягнуты (Т. elongata) і рыхлы (Т. laxa). Цвітуць у чэрв., ліп., магчыма другаснае цвіценне ў вер., кастрычніку.

Шматгадовазялёныя або скідваюць на зіму парасткі, кусты ці дрэвы выш. да 10 м са шматлікімі тонкімі доўгімі галінкамі і глыбокай, моцна разгалінаванай каранёвай сістэмай. Лісце сядзячае, шараватае або крыху блакітнае. Кветкі дробныя, ружовыя, пурпуровыя, фіялетавыя, радзей белыя, сабраныя ў доўгія гронкі. Плод — трохстворкавая каробачка. Насенне дробнае, хутка траціць усходжасць. Размнажаецца чаранкамі і каранёвымі атожылкамі. Абмярзаюць, аднак добра аднаўляюцца. Дэкар. і кармавыя расліны. Добрыя меданосы. Кара і асабліва галы на лісці багатыя дубільнымі рэчывамі (да 47—50%). Драўніну выкарыстоўваюць для такарных работ.

Г.У.Вынаеў.

т. 5, с. 379

ГРАБЕНШЧЫКО́Ў Ілья Васілевіч

(24.6.1887, С.-Пецярбург — 8.2.1953),

савецкі хімік і тэхнолаг, адзін з заснавальнікаў вытв-сці аптычнага шкла. Акад. АН СССР (1932). Скончыў Пецярб. ун-т (1910). З 1912 выкладаў у Петраградскім электратэхн. ін-це (з 1922 праф.). У 1933 заснаваў лабараторыю хіміі сілікатаў, рэарганізаваную ў Ін-т хіміі сілікатаў, у 1948—53 яго дырэктар. Навук. працы па хіміі сілікатаў, фізіка-хім. уласцівасцях празрыстых матэрыялаў. Распрацаваў спосаб атрымання сітаватага шкла з высокімі адсарбцыйнымі ўласцівасцямі, метад паверхневай апрацоўкі аптычнага шкла (прасвятленне оптыкі). Дзярж. прэміі СССР 1942 і 1952.

т. 5, с. 379

ГРАБЕНШЧЫКО́Ў Сяргей Міхайлавіч

(2.10.1918, г. Вышні Валачок, Расія — 10.6.1987),

бел. балетмайстар, педагог. Засл. дз. культ. Беларусі (1960). Скончыў Усесаюзны тэхнікум цыркавога мастацтва (1936). З 1936 артыст цырка, балета, эстрады. У 1953—68 балетмайстар мінскага нар. ансамбля танца «Дружба» БПІ. У 1955—71 метадыст, балетмайстар Рэсп. Дома нар. творчасці, з 1977 выкладаў у Мінскім ін-це культуры. У працах па харэаграфіі асн. ўвагу аддаваў сцэн. інтэрпрэтацыі і папулярызацыі бел. танц. фальклору, стварэнню на яго аснове новых харэагр. пастановак. З масавых кампазіцый Грабеншчыкова найб. цікавая «Родны край» для выканання на стадыёнах (768 удзельнікаў).

Тв.:

Сценические белорусские танцы. Мн., 1974;

Белорусская народносценическая хореография. Мн., 1976;

Белорусские танцы. Мн., 1978.

Л.М.Баярышава.

т. 5, с. 379

ГРАБЕ́НЬЧАТА-НАКО́ЛЬЧАТАЙ КЕРА́МІКІ КУЛЬТУ́РА,

ранейшая назва днепра-данецкай культуры.

т. 5, с. 379