ГРАБЕ́НШЧЫК,
тамарыкс, тамарыск (Tamarix), род кветкавых раслін сям. грабеншчыкавых. Каля 90 відаў. Пашыраны ў пустынях, паўпустынях і стэпах Паўд. Еўропы, Азіі і Паўн.-Усх. Афрыкі. На Беларусі ў Цэнтр. бат. садзе АН інтрадукаваны 4 віды: грабеншчык галінасты (T. ramosissima, расце і ў Лошыцкім парку), Гагенакера (Т. hohenackeri), Меера (Т. meyeri), квітучы (Т. florida). У бат. садах і парках на Беларусі трапляюцца таксама грабеншчык выцягнуты (Т. elongata) і рыхлы (Т. laxa). Цвітуць у чэрв., ліп., магчыма другаснае цвіценне ў вер., кастрычніку.
Шматгадовазялёныя або скідваюць на зіму парасткі, кусты ці дрэвы выш. да 10 м са шматлікімі тонкімі доўгімі галінкамі і глыбокай, моцна разгалінаванай каранёвай сістэмай. Лісце сядзячае, шараватае або крыху блакітнае. Кветкі дробныя, ружовыя, пурпуровыя, фіялетавыя, радзей белыя, сабраныя ў доўгія гронкі. Плод — трохстворкавая каробачка. Насенне дробнае, хутка траціць усходжасць. Размнажаецца чаранкамі і каранёвымі атожылкамі. Абмярзаюць, аднак добра аднаўляюцца. Дэкар. і кармавыя расліны. Добрыя меданосы. Кара і асабліва галы на лісці багатыя дубільнымі рэчывамі (да 47—50%). Драўніну выкарыстоўваюць для такарных работ.
Г.У.Вынаеў.
т. 5, с. 379
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)