Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КВАДРАТУ́РНАЯ ФО́РМУЛА,

формула набліжанага вылічэння вызначанага інтэграла. Падынтэгральная функцыя замяняецца адпаведным інтэрпаляцыйным паліномам (гл. Інтэрпаляцыйная формула) і тым самым вылічэнне інтэграла зводзіцца да вылічэння т. зв. квадратурнай сумы (гл. Набліжанае інтэграванне).

Найб. пашыраная К.ф. віду a b p(x) 𝑓(x) dx i=1 n   Ci 𝑓(xi) , у левай частцы якой інтэграл, што падлягае вылічэнню. Падынтэгральная функцыя запісана як здабытак дзвюх функцый. Функцыя p(x) лічыцца фіксаванай для дадзенай К.ф. і наз. вагавой функцыяй. Сума ў правай частцы наз. квадратурнай сумай, дзе xi — вузлы, Ci — каэфіцыенты К.ф. (значэнні вузлоў і каэфіцыентаў бяруцца з табліц). На Беларусі даследаванні па тэорыі К.ф. распачаты ў 1956 у Ін-це матэматыкі Нац. АН.

т. 8, с. 205

КВАДРАТУ́РЫ ў астраноміі,

становішчы верхняй планеты, пры якіх рознасць даўгот планеты і Сонца складае 90°. Адрозніваюць усх. і зах. К. Гл. Канфігурацыі планет.

т. 8, с. 205

КВАДРАТЫ́ЧНАЕ АДХІЛЕ́ННЕ ў тэорыі імавернасцей, мера рассейвання выпадковай велічыні, роўная квадратнаму кораню з дысперсіі. У матэм. статыстыцы выкарыстоўваецца як мера якасці стат. ацэньвання і наз. квадратычнай памылкай (хібнасцю).

т. 8, с. 205

КВАДРАТЫ́ЧНАЯ ПАМЫ́ЛКА,

гл. Квадратычнае адхіленне.

т. 8, с. 205

КВАДРУПО́ЛЬ (ад лац. quadrum чатырохвугольнік + полюс),

сістэма з 4 эл. зарадаў, якая складаецца з 2 блізка размешчаных дыполяў, эл. моманты якіх роўныя па модулі і процілеглыя па арыентацыі. Патэнцыял К. на вял. адлегласцях r змяняецца як 1/r3. Пры змене значэння зарадаў ці адлегласці паміж імі К. выпрамяняе эл.-магн. хвалі.

т. 8, с. 205

КВАДРУПО́ЛЬНАЕ ЎЗАЕМАДЗЕ́ЯННЕ,

узаемадзеянне сістэм зараджаных часціц, абумоўленае квадрупольным момантам гэтых сістэм (гл. Квадруполь). Істотнае для сістэм, кожная з якіх мае поўны эл. зарад і дыпольны момант, роўныя нулю, напр. для двухатамных малекул, што складаюцца з аднолькавых атамаў. Квадрупольны момант (вылічваецца метадамі квантавай механікі) маюць таксама многія атамныя ядры, у эл. зарадзе якіх адсутнічае сферычная сіметрыя. У ядз. фізіцы К.ў. ўлічваецца пры ўзбуджэнні ядраў (з нулявым дыпольным момантам) кулонаўскім полем часціц, якія налятаюць на іх.

т. 8, с. 205

КВАДРЫЛЬЁН (франц. quadrillion),

лік, які ў дзесятковым запісе мае выгляд адзінкі з 15 нулямі (лік 10​15); у некаторых краінах К. — лік 10​24.

т. 8, с. 205

КВАЗА́РЫ (англ. quasar, скарочанае ад quasistellar radiosource квазізоркавая крыніца радыёвыпрамянення),

касмічныя аб’екты вял. яркасці з магутным радыёвыпрамяненнем.

Назіраюцца на надзвычайна вял. адлегласцях (больш за 10 млрд. св. гадоў). Характэрныя прыкметы: малыя вуглавыя памеры; значнае перавышэнне ультрафіялетавага і інфрачырвонага выпрамянення ў параўнанні са звычайнымі зоркамі; пераменнасць патоку выпрамянення як у бачным, так і ў радыёдыяпазоне; шырокія эмісійныя спектральныя лініі; вял. чырвонае зрушэнне спектральных ліній. Пераменны бляск, які мяняецца з перыядам ад некалькіх сутак да некалькіх гадоў, сведчыць пра малыя памеры, а вял. магутнасць выпрамянення (у сярэднім 10​40 Вт) — пра вял. масу К. Зыходзячы з гэтага лічаць, што ў цэнтры К. знаходзіцца чорная дзіра, вакол якой з вял. скорасцю закручваецца газ. Самы яркі К. (ЗС 273) знаходзіцца на адлегласці 2 млрд. св. гадоў ад Зямлі.

Літ.:

Левитт И. За пределами известного мира: от белых карликов до квазаров: Пер. с англ. М., 1978;

Нарликар Дж. Неистовая Вселенная: Пер. с англ. М., 1985.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 8, с. 205

КВАЗІ... (ад лац. quasi быццам бы, нібыта), першая састаўная частка складаных слоў, якая па значэнні адпавядае словам «несапраўдны», «уяўны» (напр., квазінавуковы, квазідэмакратычны), а таксама амаль, блізка (напр., квазіоптыка, квазічасціцы).

т. 8, с. 205

КВАЗІАЛФАВІ́ТНАЕ ПІСЬМО́, кансанантнае пісьмо,

складовае пісьмо, кожны знак якога выражае адзін пэўны зычны гук з адвольным ці нулявым галосным. Вынайдзена ў 2-м тыс. да н.э. зах. семітамі на аснове стараж. пісьменнасцей Міжземнамор’я (егіп., крыта-мікенскай, лувійскай іерагліфічнай) і, магчыма, на аснове протабіблскага складовага пісьма. Вядома з канца 2-га — сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. (клінападобнае угарыцкае пісьмо, лінейныя сінайскае пісьмо, фінікійскае пісьмо, паўд.-аравійскае і інш. аравійскія віды пісьма). З усіх пісьменнасцей К.п. найб. эканомнае па колькасці знакаў (літар), што выкарыстоўваюцца ў ім, і па хуткасці вывучэння. Але тэксты, напісаныя К.п., цяжка было прачытаць адназначна, асабліва да ўвядзення словападзелу. Пазней К.п. паступова ўдасканалена. Было запазычана народамі М. Азіі (1-е тыс. да н.э.), грэкамі (9—8 ст. да н.э.), якія пераўтварылі яго ў алфавіт.

т. 8, с. 205