Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАЖАНО́К (паўночны) (Vespertilio nilssoni),

млекакормячае сям. гладканосых лятучых мышэй атр. рукакрылых. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі рэдкі аселы, часткова вандроўны від. Адзначаны ў Белавежскай пушчы і Бярэзінскім біясферным запаведніку. Самцы жывуць паасобку, самкі — невял. калоніямі.

Даўж. цела да 60 мм. Поўсць доўгая, густая, цёмная, з залацістым бляскам. Крылы доўгія, вузкія. Вушы адносна кароткія і шырокія. Нараджае 2 дзіцяняці. Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Э.​Р.​Самусенка.

Кажанок паўночны.

т. 7, с. 409

КАЖАНЫ́, лятучыя мышы (Microchiroptera),

падатрад гладканосых лятучых мышэй атр. рукакрылых. 20 сям., больш за 800 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках і субтропіках. На Беларусі 15 відаў, найб. пашыраны вячэрніца рыжая (гл. Вячэрніцы), начніцы вадзяная і вусатая (гл. Начніцы), вушан звычайны, нетапыр-карлік і кажан двухколерны. Селяцца ў пячорах, дуплах дрэў, на гарышчах. Утвараюць калоніі.

Даўж. цела да 14 см. Зубы дробныя, вострыя. Зрок развіты слаба. Арыентуюцца ў прасторы з дапамогай рэхалакацыі. Гетэратэрмныя (у перыяд спакою т-ра цела залежыць ад т-ры асяроддзя). Ва ўмовах умеранага і халоднага клімату зімой упадаюць у спячку, некат. мігрыруюць. Нараджаюць 1—2 дзіцяняці Большасць насякомаедныя. У Чырв. кнізе МСАП 5 відаў і 3 падвіды.

Э.​Р.​Самусенка.

Кажаны 1 — двухколерны; 2 — позні; 3 — нетапыр-карлік; 4 — нетапыр лясны.

т. 7, с. 409

КАЖА́Н-ГАРАДО́К,

вёска у Лунінецкім р-не Брэсцкай вобл., на левым беразе р. Цна, на аўтадарозе Лунінец — г.п. Мікашэвічы. Цэнтр Гарадоцкага с/с і 2 калгасаў. За 17 км на ПдУ ад г. Лунінец, 257 км ад Брэста, 6 км ад чыг. ст. Лахва. 1968 ж., 702 двары (1997).

Па пісьмовых крыніцах з 1493 вядомы як сяло Гарадзец. У 1599 мястэчка Навагрудскага пав. З 1613 цэнтр воласці, 116 двароў, царква. З 1795 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Пінскага пав. У 1897 у К.-Г. 3894 ж., царква, каталіцкая капліца, сінагога, 2 яўр. малітоўныя дамы, школа, 3 млыны, 10 крам, заезны дом, штогод праводзілася некалькі кірмашоў. З 1921 у Польшчы, цэнтр гміны (да 1928) Лунінецкага пав. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Гарадоцкага с/с у Лунінецкім р-не. У кастр. 1942 ням.-фаш. захопнікі спалілі тут 100 дамоў, загубілі 975 чал. У 1971—2416 ж., 656 двароў.

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Кажан-Гарадоцкая Мікалаеўская царква. Каля вёскі гарадзішча (6—7 ст.).

т. 7, с. 408

КАЖА́Н-ГАРАДО́ЦКАЯ МІКАЛА́ЕЎСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік драўлянага дойлідства 19 ст. Пабудавана ў 1818 у в. Кажан-Гарадок Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл. У архітэктуры выявіліся рысы мясц. школы дойлідства барочнага кірунку. 5-зрубная крыжова-цэнтрычная кампазіцыя. У канцы 19 — пач. 20 ст. да яе прыбудавана 3-ярусная шатровая званіца (васьмярык на 2 чацверыках) з тамбурам. Да цэнтр. васьмерыка з 2-ярусным верхам (васьмярык на чацверыку) далучаны прамавугольныя ў плане аб’ёмы (бабінец, апсіда з рызніцай і 2 бакавыя прыбудовы) з чацверыковымі 1-яруснымі вярхамі. У інтэр’еры дамінуе цэнтр. трохсветлавы аб’ём, у які арачнымі праёмамі раскрываюцца двухсветлавыя памяшканні. Царква багата аздоблена паліхромнай драўлянай скульптурай і разьбой у стылі ампір (пач. 19 ст., майстар І.​Астапчык). 2-ярусны пазалочаны іканастас, гал. алтар завершаны скульптурай Іаана Хрысціцеля, бакавыя алтары ў прыбудовах аформлены ракайлямі, пальметамі, фрызамі з раслінных гірляндаў, карнізамі з іонікамі і сухарыкамі, капітэлямі накшталт тасканскіх.

Ю.​А.​Якімовіч.

Кажан-Гарадоцкая Мікалаеўская царква.

т. 7, с. 408

КАЖА́РСКАЯ (Ларыса Рыгораўна) (н. 7.4.1938, г. Сянно Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне педыятрыі. Д-р мед. н. (1975), праф. (1979). Скончыла Ленінградскі педыятрычны мед. ін-т (1960). З 1963 ў Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (з 1980 заг. кафедры). Навук. працы па праблемах дзіцячай кардыярэўматалогіі, вегетатыўнай дысфункцыі, дыягностыкі, лячэння, рэабілітацыі сістэмных захворванняў злучальнай тканкі, сардэчнай недастатковасці ў дзяцей рознага ўзросту.

Тв.:

Справочник участкового педиатра. Мн., 1991 (у сааўт.);

Справочник семейного врача: Педиатрия. Мн., 1997 (у сааўт.).

т. 7, с. 409

КАЖГАЛІ́ЕЎ (Шамгон Сагіддзінавіч) (н. 15.6.1926, саўгас імя Курмангазы, Джангалінскі р-н Заходне-Казахстанскай вобл., Казахстан),

казахскі дырыжор, педагог. Нар. арт. СССР (1985). Скончыў Алма-Ацінскую (1950; у 1946—93 выкладаў у ёй, праф. з 1980) і Ленінградскую (1964) кансерваторыі. У 1950—93 (з перапынкамі) маст. кіраўнік і гал. дырыжор Каз. нар. аркестра імя Курмангазы, у 1968—71 — Каз. сімф. аркестра. У рэпертуары пераважна творы каз. і інш. сучасных кампазітараў, муз. класікі. Дзярж. прэмія Казахстана 1982.

т. 7, с. 409

КАЖЛА́ЕЎ (Мурад Магамедавіч) (н. 15.1.1931, Баку),

дагестанскі і расійскі кампазітар, дырыжор, педагог. Нар. арт. Расіі (1978), нар. арт. СССР (1981). Скончыў Бакінскую кансерваторыю (1955). З 1989 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Акад. вял. канцэртнага аркестра Дзяржтэлерадыё Масквы. З 1993 выкладае ў кансерваторыі ў Растове-на-Доне (праф. з 1995). Аўтар першага дагестанскага балета «Гаранка» паводле Р.​Гамзатава (паст. 1968). Сярод інш. твораў: кантаты; для сімф. арк. — паэма «Памяці 28 герояў-панфілаўцаў» (1953), сімф. карціны «Дагестан» (1955; 2-я рэд. 1960), сімф. танцы-карціны (1974), сімф. фрэскі (1979), сімф. ілюстрацыі «Імам Шаміль» (1992); канцэрт для джаз-аркестра («Афрыканскі», 1964, 2-я прэмія Міжнар. фестывалю джазавай музыкі, Прага, 1966); камерна-інстр. п’есы; хары, рамансы, песні, музыка для кіно, драм. т-ра, цырка. 1-я прэмія міжнар. конкурсу кампазітараў (Вена, 1959). Дзярж. прэмія Дагестана 1967. Дзярж. прэмія Расіі імя Глінкі 1970.

т. 7, с. 409

КАЖУ́РА (Леў Міхайлавіч) (н. 1.7.1934, Мінск),

бел. вучоны ў галіне машынабудавання. Д-р тэхн. н. (1996). Чл.-кар. Міжнар. АН Еўразіі (1997). Скончыў Бел. лесатэхн. ін-т (1959), БПІ (1967). З 1970 у фізіка-тэхн. ін-це АН Беларусі. З 1983 у Бел. агр. тэхн. ун-це (з 1996 праф.). Навук. працы па тэхналогіі апрацоўкі дэталей машын у магн. полі.

Распрацаваў тэарэт. асновы эфектыўных працэсаў магн.-абразіўнай апрацоўкі і эл.-магн. наплаўкі.

Тв.:

Обработка деталей машин в магнитном поле. Мн., 1995 (разам з Б.​П.​Чамісавым);

Технологические основы обработки изделий в магнитном поле. Мн., 1997 (у сааўт.);

Обработка износостойких покрытий. Мн., 1997 (у сааўт.).

Л.​В.​Бароўка.

т. 7, с. 409

КАЖУ́Х,

верхняе зімовае мужчынскае і жаночае адзенне з аўчын. Вядомы ў многіх народаў, асабліва ўсх. славян. У беларусаў шылі з нядубленых, пазней з вырабленых аўчын жоўта-карычневага, вохрыста-цаглянага, радзей белага колераў. Паводле крою былі прамыя, прыталеныя і з «вусам» (ушытым па баках ад таліі шырокім клінам; характэрныя для Палесся). Святочныя К. багата аздаблялі нашыўкамі паскаў белай або чорнай аўчыны воўнай наверх, паскамі і лапікамі сукна, тонкай скуры, плеценымі тасёмкамі, пярэстым шнурам, вышыўкай гладдзю. Сярод традыц. К. маст. афармленнем, дасканаласцю крою і шытва вылучаюцца мотальскія, калінкавіцкія, магілёўскія.

М.​Ф.​Раманюк.

Маладзіца ў мотальскім кажуху. Вёска Моталь Іванаўскага раёна Брэсцкай вобл. 1970-я г.

т. 7, с. 410

КАЖУ́ШКАЎСКІ КАНА́Л, Кажушковіцкі канал,

меліярацыйны канал у Хойніцкім р-не Гомельскай вобл., левы прыток р. Прыпяць. Даўж. 31,5 км. Пачынаецца каля паўд.-зах. ускраіны г. Хойнікі, упадае ў старарэчышча Казан на пойме Прыпяці за 1,4 км на ПнЗ ад в. Слабодка. Прыток — Стралічаўскі канал (злева).

т. 7, с. 410