КАТУ́РНЫ (лац. cothurni, грэч. kothorni),
у антычным тэатры род абутку трагедыйнага акцёра; сандалі на высокай падэшве, што павялічвала рост акцёра, надавала постаці велічнасць і ўрачыстасць. Выкарыстанне К. было абумоўлена тэхн. асаблівасцямі ант. т-ра: пры вял. памерах тэатр. пабудоў узнікала патрэба павялічваць фігуру акцёра. Увядзенне К. і інш. кампанентаў касцюма трагедыйнага акцёра ант. традыцыя прыпісвае Эсхілу. У пераносным значэнні — ілжывая паказная веліч.
т. 8, с. 179
КАТХІЯВА́Р,
паўвостраў на З Індыі, паміж залівамі Камбейскім і Кач Аравійскага м. На Пн прымыкае да Качскага Рана. Пл. больш за 40 тыс. км². Удаецца ў мора на 200—250 км. У цэнтры — базальтавыя і гнейсавыя плато і горы (выш. да 1117 м), па ўскраінах пояс алювіяльных нізін (шыр. да 100 км). Ападкаў каля 500 мм за год. Апустыненыя саванны і рэдкалессі. На Пд водзіцца азіяцкі леў (адзінае месца ў Азіі). Нац. парк Гірскі Лес.
т. 8, с. 179
КАТЫ́ (Felis),
род драпежных млекакормячых сям. кашэчых. Каля 20 падродаў, 31 від. Пашыраны ўсюды, акрамя Аўстраліі і Антарктыды. У Чырв. кнізе МСАП 8 відаў, 5 падвідаў. На Беларусі 1 від — рысь еўрапейская; занесена ў Чырв. кнігу.
Даўж. цела 46—197, хваста 15—91 см, маса 1,5—105 кг. Выш. ў крыжы большая за выш. ў плячах. Кіпцюры ўцяжныя (акрамя суматранскага К.). Афарбоўка густога футра рознага малюнку і адценняў: аднатонная, плямістая або паласатая. Нараджаюць звычайна 3—4 кацянят (зрэдку да 7), некат. віды — двойчы за год. Аб’екты промыслу, футра малакаштоўнае (акрамя рысі).
Свойскія К. (F. catus) паходзяць ад лівійскага падвіду дзікага К. Сталі хатнімі жывёламі 3—5 тыс. г. назад. Існуе каля 300 парод свойскіх К., якія адрозніваюцца даўж. і афарбоўкай поўсці. На Беларусі найб. пашыраны караткашэрсныя пароды, у т. л. руская блакітная, сіямская, з даўгашэрсных — персідская, сібірская і інш.
Э.Р.Самусенка.
т. 8, с. 179
КАТЫЁН (грэч. katiōn літар. які ідзе ўніз),
дадатна зараджаны іон (гл. Іоны).
т. 8, с. 179
КАТЫЛАЗА́ЎРЫ (Cotylosauria),
падклас вымерлых найб. стараж. і прымітыўных паўзуноў. 2 атр., 4 падатр., каля 10 сям., 80 родаў, больш за 100 відаў. Вядомы з сярэдзіны карбону да трыясу (440—230 млн. гадоў назад). Былі пашыраны ў Еўразіі, Амерыцы, Антарктыдзе, Афрыцы.
Даўж. ад 20 см да 3,5 м. Цела прысадзістае, галава невял., хвост кароткі. Чэрап з суцэльнай покрыўкай, зубы паднябенныя, шыя кароткая (звычайна з 2 пазванкоў), канечнасці кароткія, масіўныя. Большасць насякомаедныя, былі расліннаедныя і драпежныя. Па рэштках К. вызначаюць узрост выкапнёвых адкладаў.
П.Ф.Каліноўскі.
т. 8, с. 179
КАТЫЛІ́НА (Луцый Сергій) (Lucius Sergius Catilina; каля 108—62 да н.э.),
старажытнарымскі паліт. і дзярж. дзеяч, военачальнік. У грамадз. войнах 88—82 да н. э. прыхільнік Сулы. У 68 прэтар, у 67—66 прапрэтар у правінцыі Афрыка. Дамагаючыся абрання на пасаду консула, сабраў вакол сябе незадаволеных, выступіў абаронцам рым. беднаты, абяцаў ліквідаваць даўгі. Пасля паражэння на выбарах вырашыў дамагчыся ўлады сілай. Змова К. была раскрыта, некаторыя яго прыхільнікі паводле загаду Цыцэрона арыштаваны і пакараны смерцю. Пасля няўдалага замаху на жыццё Цыцэрона К. пакінуў Рым (7.11.63 да н. э.), сабраў у Этрурыі войска. Загінуў у бітве з консульскай арміяй каля Пісторыі (цяпер Пістоя).
Літ.:
Лившиц Г.М. Социально-политическая борьба в Риме 60-х гг. I в до н. э. и заговор Катилины. Мн., 1960.
т. 8, с. 179
КАТЫ́НЬ,
лясны масіў за 30 км на З ад г. Смаленск, дзе паводле рашэння ЦК ВКП(б) ад 5.3.1940 органамі НКУС у крас.—маі 1940 расстраляны каля 4,4 тыс. польскіх афіцэраў. У вер.—кастр. 1939 польскія афіцэры, у т. л. з Пінскай флатыліі ВМФ Польшчы (сярод іх былі ўраджэнцы Зах. Беларусі) інтэрніраваны Чырв. Арміяй у час вызвалення Зах. Беларусі і Зах. Украіны і зняволены ў лагеры ваеннапалонных у г. Казельск Калужскай вобл. У сак.—крас. 1943 у Вял. Айч. вайну група ням. экспертаў выявіла ў Катынскім лесе 8 брацкіх магіл. Сав. ўрад адхіліў абвінавачванне ў знішчэнні польскіх афіцэраў і абвінаваціў у гэтым злачынстве немцаў. Пасля вызвалення ў вер. 1943 Смаленска спец. камісія на чале з акад. М.Н.Бурдэнкам канстатавала, што польскіх афіцэраў там расстралялі восенню 1941 немцы. У крас. 1990 урад СССР прызнаў адказнасць НКУС за гібель польскіх ваеннапалонных. У ліст. 1990 Гал. ваен. пракуратура СССР пачала следства з удзелам прадстаўнікоў Ген. пракуратуры Польшчы. У кастр. 1992 прэзідэнт Расіі перадаў прэзідэнту Польшчы дакументы, якія пацвердзілі адказнасць вышэйшых улад СССР за злачынства і яго ўтойванне. Праведзеная польскімі спецыялістамі ў 1994 эксгумацыя пацвердзіла месца пахавання расстраляных ваеннапалонных. У 1989 у К. пабудаваны мемарыял. У 1990 у Гродне на вайск. могілках устаноўлены помнік-крыж і мемар. пліта з прозвішчамі 168 жыхароў горада — польскіх афіцэраў, расстраляных у К. і інш. сав. лагерах.
Літ.:
Абаринов В.К. Катынский лабиринт М., 1991;
Кузняцоў І. Палітыка і лёс людзей // Полымя. 1995. № 9;
Katyń: Dokumenty ludobójstwa. Warszawa, 1992;
Basak A. Historia pewnej mistyfikacji: Zbrodnia Katyńska przed Trybunałem Norymberskim. Wrocław, 1993.
т. 8, с. 179
КАТЭГАРЫ́ЧНЫ ІМПЕРАТЫЎ (ад лац. imperativus загадны),
асноўны закон этыкі І.Канта. Сфармуляваны ў рабоце «Крытыка практычнага розуму» (1788). Зыходзячы з паняцця свабоды тэарэт. розуму, Кант сцвярджаў, што адзінай вызначальнай асновай свабоднай і добрай волі можа быць толькі неабходны і агульназначны маральны закон практычнага розуму — К. і. Усведамленне неабходнасці дзейнічаць у адпаведнасці з маральным законам ён называў маральным загадам або абавязкам у адрозненне ад пачуццёвай эмпірычнай схільнасці да выканання маральнага закона. Кант разумеў маральны закон як безумоўнае прадпісанне, таму лічыў, што катэгарычным імператывам павінны кіравацца ўсе людзі незалежна ад іх паходжання і становішча; у гэтым іх вышэйшы абавязак. У выпадку канфлікту паміж пачуццёвай схільнасцю і маральным законам Кант патрабаваў безумоўнага падпарадкавання маральнаму абавязку, што ўзвышае чалавека над сабой як часткай пачуццёвага свету; усякая асоба — самамэта і не павінна разглядацца як сродак здзяйснення розных задач, нават калі гэта задачы ўсеагульнага дабрабыту. К. і. неабходна адрозніваць ад гіпатэтычнага імператыву, які, паводле Канта, належыць да валявых дзеянняў чалавека, калі ён не цікавіцца маральнымі мэтамі сваіх дзеянняў.
Т.І.Адула.
т. 8, с. 179
КАТЭГА́Т (Kattegatt),
праліў паміж усх. берагам п-ва Ютландыя і Скандынаўскім п-вам, які ўваходзіць у сістэму Дацкія пралівы. Даўж. 270 км, найменшая шыр. 60 км, глыб. 17—30 м, у паўн. ч. да 124 м. У сярэдняй ч. а-вы Анхальт і Лесё. Часам каля берагоў замярзае. Порт — Гётэбарг (Швецыя).
т. 8, с. 180