Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗАЛАТАРЭ́НКА (Іван Нічыпаравіч) (? — 7.10.1655),

паплечнік Б.Хмяльніцкага. Нежынскі палкоўнік (з 1653). З 1654 наказны гетман укр. казацкага 20-тысячнага войска (Нежынскі, Старадубскі і Чарнігаўскі палкі). У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 пасланы на Беларусь у распараджэнне цара Аляксея Міхайлавіча. У 1654 заняў Гомель, Рэчыцу, Жлобін, Стрэшын, Рагачоў, Прапойск, Чачэрск і Новы Быхаў, у 1655 — Бабруйск, Глуск, Каралеўскую Слабаду, Свіслач, Койданава, разам з рас. войскамі ўдзельнічаў у захопе Мінска і Вільні. Загінуў у час Быхава аблогі 1654—55.

т. 6, с. 508

ЗАЛАТАЦВЕ́Т,

кветкавая расліна, гл. ў арт. Хрызантэма.

т. 6, с. 508

ЗАЛАТА́Я АРДА́ (Улус Джучы),

феад. дзяржава на тэр. Сярэдняй Азіі і Усх. Еўропы ў 13—15 ст. Узнікла ў пач. 1240-х г. Займала тэр. Зах. Сібіры, Паўн. Харэзма, Волжскай Булгарыі, Паўн. Каўказа, Крыма, стэпаў ад Волгі да Дуная; трымала ў васальнай залежнасці рус. землі. Напачатку займала зах. ч. імперыі Чынгісхана — тэр. ўдзельнага княства (улуса) яго сына Джучы (адсюль адна з назваў З.А.). Самаст. дзяржавай стала пры Батыі, сыне Джучы. Усх. ч. улуса Джучы (Зах. Сібір) атрымала назву Блакітнай Арды. Батый у выніку паходаў 1236—40 далучыў да сваіх уладанняў Паволжа, кіпчацкія стэпы (гл. Дэшт-і-Кіпчак), Паўн. Каўказ, Крым, Харэзм, пакарыў рус. княствы. У сярэдзіне 13 ст. хан Берке [1258—66] прыняў іслам і не стаў прызнаваць вярх. улады мангольскага хана. Напачатку сталіцай З.А. быў г. СарайБату (каля сучаснай Астрахані), з 1-й пал. 14 — г. Сарай-Берке (каля сучаснага Валгаграда). Пра ператварэнне З.А. ў самаст. дзяржаву сведчыць чаканка манеты з імем 5-га хана Менгу-Цімура |1267—80], Пасля яго смерці ў выніку міжусобных войнаў перамагла частка арыстакратыі мусульм. веравызнання. Яна вылучыла на ханскі пасад Узбека [1313—42], унука Менгу-Цімура. Пры Узбеку і яго сыне Джанібеку [1342—57] ЗА. стала адной з вял. дзяржаў сярэдневякоўя. У выніку шматлікіх прыдворных змоў і смут З.А. фактычна распалася 1370-я г. на 2 часткі: у раёнах на 3 ад Волгі правіў цемнік Мамай, ва ўсх. раёнах — Урус-хан. Унутр. бязладдзе З.А. скарысталі маскоўскія князі. У Кулікоўскай бітве 1380 войскі Мамая пацярпелі паражэнне. Часовае аднаўленне адзінства З.А. адбылося пры хане Тахтамышу, які ў 1380 разбіў Мамая на р. Калка, а праз 2 гады заняў і спаліў Маскву. Але правіцель Сярэдняй Азіі Тамерлан (Цімур) у 1391 і 1395 разбіў войскі Тахтамыша, разрабаваў сталіцу. На гэтым скончылася адзінства З.А.

Апошнюю спробу аб’яднаць дзяржаву ў пач. 15 ст. зрабіў Едыгей. Складаныя працэсы феад. драблення прывялі ў 2-й пал. 15 ст. да распаду З.А. на Казанскае, Астраханскае і Крымскае ханствы, Нагайскую Арду і ўласна Вялікую Арду.

Адносіны ВКЛ з З.А. на працягу многіх стагоддзяў былі складаныя. Вясною 1238 мангола-татары пагражалі ВКЛ з У. У канцы 1246 яны ўварваліся на тэр. ВКЛ з Пд, зрабілі вял. спусташэнні. Захаваліся летапісныя звесткі пра жорсткія бітвы з татарамі дружын з Пінска, Слоніма, Навагрудка, Турава, Друцка і інш. гарадоў. Упартая працяглая барацьба і гераічная абарона сваіх зямель насельніцтвам ВКЛ аслабілі і падарвалі сілы заваёўнікаў. Князі ВКЛ не толькі абаранілі свае землі, але і наладзілі саюз з ханамі З.А. супраць агульных праціўнікаў. Вял. князі Гедзімін, Вітаўт і інш. запрашалі татар З.А. на дапамогу ў барацьбе з Тэўтонскім ордэнам. Татары ўдзельнічалі ў вайне Гедзіміна супраць крыжакоў у 1319; у 1350 ардынскія атрады прымалі ўдзел у паходзе вял. князя Кейстута ў Польшчу. У 1397 пасля сумеснага паходу на Азоў шмат татар пасялілася каля Вільні, у Ашмянскім, Брэсцкім, Лідскім, Навагрудскім паветах. У 1409 да Вітаўта прыбыў з 30-тысячным войскам сын Тахтамыша царэвіч Джэлал-ад-дзін, які прымаў удзел у Грунвальдскай бітве 1410 супраць Тэўтонскага ордэна. Сярод цюркскіх народаў ВКЛ мела славу надзейнага прыстанішча. Тут знайшлі прытулак многія звергнутыя ханы.

Літ.:

Егоров В.Л. Историческая география Золотой Орды в XIII—XIV вв. М., 1985;

Яго ж. Золотая Орда: мифы и реальность. М., 1990.

І.Б.Канапацкі.

т. 6, с. 508

ЗАЛАТА́Я БУ́ЛА (лац. Bulla aurea, венг. Aranybulla),

1) адзін з важнейшых юрыд. актаў у сярэдневяковай Венгрыі. Выдадзена ў 1222 венг. каралём Андрашам II Арпадам пад націскам т.зв. каралеўскіх слуг (пазней з іх сфарміравалася сярэдняя шляхта). З.б. гарантавала ім правы, якія да гэтага мелі магнаты (бароны): вызваленне ад падаткаў, права судаводства ў камітатах, абмежаванне абавязку ваен. службы і інш.; прадстаўляла вышэйшай і сярэдняй шляхце права паўстання супраць караля ў выпадку парушэння ім булы (адменена ў 1687).

2) Пастанова, прынятая ў 1356 у «Свяшчэннай Рым. імперыі» на імперскіх сеймах у гарадах Нюрнберг і Мец, зацверджаная імператарам Карлам IV Люксембургскім у якасці асн. канстытуцыйнага акта. Рэгулявала парадак выбрання імператара курфюрстамі, устанаўлівала час і месца выбарчага з’езду, вызначала рангі, абавязкі і прывілеі курфюрстаў. Дзейнічала да 1806.

т. 6, с. 509

«ЗАЛАТА́Я ЗО́РКА»,

медаль, якая ўручалася асобам, удастоеным звання Героя Савецкага Саюза, з 1965 — гарадам-героям і крэпасцям-героям. Уведзена 1.8.1939 (да 16.10.1939 наз. «Герой Савецкага Саюза»). Уяўляе сабой залатую 5-канцовую зорку з гладкімі двухграннымі прамянямі на правым баку. Ўручалася разам з ордэнам Леніна.

Медаль «Залатая Зорка».

т. 6, с. 509

ЗАЛАТА́Я РО́ЗГА,

кветкавая расліна, гл. ў арт. Сумнік.

т. 6, с. 509

ЗАЛАТА́Я РЫ́БА (лац. Dorado),

сузор’е Паўд. паўшар’я неба. Найб. яркая зорка 3,3 візуальнай зорнай велічыні. У З.р. знаходзіцца Вял. Магеланава Воблака — спадарожнік Галактыкі. На тэр. Беларусі не відаць. Гл. Зорнае неба.

т. 6, с. 509

ЗАЛАТА́Я РЫ́БКА (Carassius auratus auratus),

падвід сярэбранага карася. Прызначана для ўтрымання ў дэкар. вадаёмах і акварыумах. Пашырана ўсюды. У Кітаі разводзяць з 10—12 ст., у Расію завезена ў канцы 17 ст. Зыходная форма з прэсных вадаёмаў Кітая, дзе З.р. выведзена шляхам працяглага адбору жоўтых і чырв. мутантных форм. Ад зыходнай формы адрозніваецца залаціста-жоўтай афарбоўкай, больш кароткім і шырокім (да шарападобнага) тулавам, вельмі змененымі плаўнікамі. Атрыманы сотні парод і форм рознай афарбоўкі, памераў тулава, галавы, плаўнікоў, велічыні і размяшчэння вачэй і інш. прыкмет. Найб. вядомыя жамчужына, ільвінагалоўка, камета, вадзяныя вочкі, тэлескоп, шубункін і інш.

Залатая рыбка (2) і яе пароды: 1 — стракаты тэлескоп; 3 — жамчужына; 4 — шубункін; 5 — ільвінагалоўка; 6 — камета.

т. 6, с. 509

ЗАЛАТНІ́К,

старажытная мера (адзінка) масы. Назва паходзіць ад златніка — стараж. рус. залатой манеты масай 4,2 г. Лікавае значэнне З. ў 16—19 ст. мянялася: у ВКЛ З. = 3,9 г (прыблізна), у Беларусі ў 19 — пач. 20 ст. З. = ​1/96 фунта = 4,266 г. З. карысталіся пры вызначэнні пробы каштоўных металаў.

т. 6, с. 510

ЗАЛАТНІ́К у тэхніцы,

рухомае аўтаматычнае прыстасаванне (клапан), якое накіроўвае паток рабочай вадкасці, пары або газу ў патрэбны канал шляхам свайго зруху адносна адпаведных адтулін (акон). Бываюць каробчатыя, цыліндрычныя і кранавыя. Выкарыстоўваюцца ў цеплавых, гідраўлічных, пнеўматычных машынах і механізмах, у сістэмах гідрааўтаматыкі і інш. З. наз. таксама паветраны незваротны клапан аўтамаб. шыны.

Залатнікі: а — каробчаты (1 — каробка, 2 — цяга, 3 — вокны, 4 — поласць); б — кранавы (1 — камеры, 2 — вокны, 3 — утулка, 4 — вось, 5 — каробка).

т. 6, с. 510