Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗВА́РКА ВЫ́БУХАМ,

злучэнне матэрыялаў у цвёрдым стане ў выніку інтэнсіўнай пластычнай дэфармацыі кантактных слаёў, выкліканай высакаскорасным саўдараннем загатовак пад уздзеяннем энергіі выбуху. Як выбуховае рэчыва найчасцей выкарыстоўваюцца аманіты. Зварку вядуць на пляцоўках, у басейнах, метал. камерах. Ёй злучаюць элементы канструкцый, атрымліваюць біметалічныя і шматслойныя лісты, трубы. Выкарыстоўваецца ў хім. і трансп. машынабудаванні, электроннай і радыёпрамысловасці, буд-ве і інш. На Беларусі вывучаецца з 1962 у НДІ парашковай металургіі, ін-це зваркі і пакрыццяў НВА парашковай металургіі дастасавальна да атрымання кампазіцыйных матэрыялаў.

т. 7, с. 37

ЗВА́РКА ТРЭ́ННЕМ,

зварка металаў пластычным дэфармаваннем нагрэтых узаемным трэннем паверхняў і наступным сцісканнем дэталей. Робіцца на машынах, у якіх вырабы, што трэба зварыць, замацоўваюць сувосева; вярчальны рух звычайна надаюць аднаму з вырабаў. Выкарыстоўваецца для злучэння валоў, штокаў з поршнямі, частак металарэзных інструментаў, інш. малагабарытных вырабаў з разнародных металаў і сплаваў, якія рэзка адрозніваюцца сваімі цеплафіз. і хім. ўласцівасцямі (напр., сталь з алюмініем і меддзю, тытан з алюмініем). Пашырана ў маш.буд. і інстр. вытв-сці.

т. 7, с. 37

ЗВАРНО́Е ЗЛУЧЭ́ННЕ,

нераздымнае злучэнне двух ці болей дэталей, частак канструкцыі, выкананае зваркай. Паводле ўзаемнага размяшчэння элементаў, якія злучаюцца, адрозніваюць З.з. стыкавыя, накладачныя, вуглавыя, таўровыя і інш. Кожнае з іх у залежнасці ад спосабу зваркі (дугавой, кантактавай, электрашлакавай і інш.) мае спецыфічныя адзнакі. Участак З.з., які непасрэдна звязвае элементы, што зварваюцца, наз. зварным швом.

Будова зварнога злучэння пры зварцы плаўленнем (a) і ціскам (б): 1 — зварное шво; 2 — зона сплаўлення; 3 — зона тэрмічнага ўплыву; 4 — прылеглы асноўны матэрыял.

т. 7, с. 37

ЗВАРНЫ́Я КАНСТРУ́КЦЫІ,

металічныя канструкцыі будынкаў і збудаванняў, элементы якіх злучаны зваркай. У параўнанні з кляпанымі канструкцыямі маюць паніжаны расход металу, меншы кошт вырабу, большую герметычнасць швоў (што асабліва важна для трубаправодаў, рэзервуараў і г.д.). Недахопы: наяўнасць унутраных напружанняў і дэфармацый, карабачанне тонкіх элементаў. З.к. робяць пераважна дугавой зваркай, элементы значнай таўшчыні (30—50 мм і больш) — электрашлакавай зваркай.

т. 7, с. 37

ЗВАРО́ТАК,

слова або спалучэнне слоў, якім называюць асобу ці прадмет, да якіх звяртаюцца з мовай. У бел. мове выражаецца назоўным склонам назоўніка ці інш. часцінай мовы («Даруйце, любыя! Даруй, матуля!»), а таксама клічнай формай («Не шукай сабе, мой братку, з ветрам Бацькаўшчыну-матку»), Сінтаксічна З. са сказам не звязаны і членам сказа не бывае. Можа стаяць у пачатку, сярэдзіне і канцы сказа. Каб узмацніць эмацыянальнасць, З. суправаджаюць выклічнікам і інш. словамі эмацыянальнай ацэнкі: «О, край мой любімы, як многа прыволля, і думам, і працы бяскрайні прастор».

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 2. Мн., 1986.

А.Я.Баханькоў.

т. 7, с. 37

ЗВАРО́ТНАЕ ВОДАКАРЫСТА́ННЕ,

сістэма водазабеспячэння са шматразовым выкарыстаннем вады на гасп. мэты; элемент безадходнай тэхналогіі. Укараняецца ў вытв-сць для эканоміі водных рэсурсаў і памяншэння скідвання забруджаных сцёкавых вод. Пашырана ў вытв. працэсах цеплаэнергетыкі, хім., нафтаперапрацоўчай, маш.-буд. прам-сці, дзе вада выкарыстоўваецца для ахаладжэння, прамыўкі, пераўтварэння, гідратранспарціроўкі.

т. 7, с. 37

ЗВАРО́ТНАЕ СКРЫЖАВА́ННЕ,

гл. Бекрос.

т. 7, с. 37

ЗВАРО́ТНАЯ ПАСЛЯДО́ЎНАСЦЬ, рэкурэнтная паслядоўнасць,

паслядоўнасць, кожны член якой, пачынаючы з некаторага нумара, вызначаецца праз пэўную колькасць папярэдніх членаў. Напр., арыфметычная прагрэсія, геаметрычная прагрэсія. Выкарыстоўваецца пры рашэнні многіх практычных задач (гл. Набліжанае вылічэнне).

т. 7, с. 37

ЗВАРО́ТНЫ ТЫФ,

вострая інфекцыйная хвароба з групы тыфаў, якая выклікаецца спірахетамі. Перадаецца насякомымі-крывасмокамі (вошамі і кляшчамі). Адрозніваюць вошавы і кляшчовы. Найчасцей бывае эпідэмічны (еўрапейскі вошавы). Узбуджальнік яго — спірахета, адкрытая ням. урачом О.Обермаерам у 1868. Інкубацыйны перыяд 7—10 дзён. Прыкметы: чаргуюцца прыступы дрыжыкаў, т-ры да 41 °C, болі ў крыжы, мышцах, суставах (4—7 дзён) з перыядамі (7—15 дзён) без ліхаманкі. Ускладненні: крывацёк, інфаркт або разрыў селязёнкі, калапс, міякардыядыстрафія. Лячэнне тэрапеўтычнае. Эпідэмічны З.т. на Беларусі і Расіі ліквідаваны ў 1940-я г.

т. 7, с. 37

ЗВАРО́Т МЕТА́ЛАЎ,

працэс частковага аднаўлення структурнай дасканаласці і ўласцівасцей дэфармаваных металаў і сплаваў пры іх награванні ніжэй за т-ру рэкрышталізацыі. З.м. уключае адпачын металаў і поліганізацыю (пач. стадыю рэкрышталізацыі). Выкарыстоўваецца для павышэння пластычнасці накляпаных матэрыялаў і тэрмічнай стабільнасці іх структуры.

т. 7, с. 37