Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЖАРТА́Й,

возера ў Хойніцкім р-не Гомельскай вобл., на пойме р. Прыпяць, за 26 км на ПдЗ ад г. Хойнікі. Пл. 0,24 км², даўж. 1,7 км, найб. шыр. 250 м. даўж. берагавой лініі каля 4 км. Старычнае. Берагі месцамі выш. да 1 м, пясчаныя, пад хмызняком. Злучаецца з Прыпяццю ў час веснавога разводдзя.

т. 6, с. 426

ЖАРТА́ЙКА,

рака ў Барысаўскім р-не Мінскай вобл., левы прыток р. Бярэзіна (бас. р. Дняпро). Даўж. 20 км. Пл. вадазбору 86 км². Пачынаецца за 3 км на У ад в. Жартайка. Цячэ пераважна праз лес, у нізоўі — праз Бярэзінскі біясферны запаведнік.

т. 6, с. 426

ЖАРТО́ЎНЫЯ ПЕ́СНІ,

разнавіднасць пазаабрадавай сац.-бытавой лірыкі вуснай нар. творчасці. У іх высмейваюцца адмоўныя з’явы ў сямейна-бытавым і грамадскім жыцці (лянота, нядбайнасць, прагнасць, п’янства, нявернасць, несумленнасць і інш.). Гал. персанажы — муж і жонка, дзед і баба, хлопец і дзяўчына. Ж.п. малююць канкрэтныя тыпы, падкрэсліваючы і перабольшваючы іх заганы, надаюць ім абагульненасць. Нярэдка ў песнях гучыць аўтаіронія, што сведчыць пра духоўнае здароўе народа (напр., песня «Чаму ж мне не пець»), Характарыстыка героя ўспрымаецца не як публічнае самавыкрыццё, што мяжуе з самапрыніжэннем, а як усведамленне правільнасці нар. ідэалу. Высмейванне адмоўных якасцей ставіла адну мэту — сцвердзіць дабро. Асобную групу складаюць т.зв. песні-небыліцы або небывальшчыны. У дзіцячым рэпертуары пашыраны Ж.п. алегарычнага зместу, іх персанажы — звяры, птушкі, насякомыя. Часам яны дыдактычныя. Шмат песень жартоўнага характару ў каляндарнай і сямейна-абрадавай паэзіі, але іх не вылучаюць у асобныя жанравыя групы.

Публ.: Жартоўныя песні. Мн., 1974.

Літ.:

Гілевіч Н.С. Наша родная песня. Мн., 1968. С. 63—68;

Фядосік А.С. Трапным народным словам. Мн., 1971. С. 150—169;

Беларуская народнапаэтычная творчасць. Мн., 1979. С. 367—375.

І.К.Цішчанка.

т. 6, с. 426

ЖАРУ́ШНІК (Rorippa),

род кветкавых раслін сям. капуставых. Каля 70 відаў. Пашыраны ва ўмераных і трапічных абласцях зямнога шара. На Беларусі 6 відаў: найб. вядомыя Ж. балотны (R. palustris), земнаводны, або вадзяны хрэн (R. amphibia), і лясны (R. sylvestris); зрэдку трапляюцца Ж. аўстрыйскі (R. austriaca), караткаплодны (R. brachycarpa) і распасцёрты (R. anceps). Растуць на вільготных лугах, балотах, па берагах рэк, азёр, канаў, у вадзе, як занесеныя — каля дарог.

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны з разгалінаваным прамастойным ці прыўзнятым сцяблом. Лісце чаргаванае, суцэльнае або перыстарассечанае. Кветкі дробныя, жоўтыя, у густых гронках. Плод — стручок або стручочак. Лек., меданосныя, харч. і кармавыя расліны. Некаторыя віды ядавітыя.

т. 6, с. 426

ЖА́РЫ,

вёска ў Вілейскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Вілейка—Докшыцы. Цэнтр сельсавета. За 40 км на ПнУ ад г. Вілейка, 143 км ад Мінска, 15 км ад чыг. ст. Крывічы. 946 ж., 380 двароў (1997). Пачатковая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі.

т. 6, с. 426

ЖА́РЫ,

вёска ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 14 км на Пд ад г.п. Ушачы, 164 км ад Віцебска, 26 км ад чыг. ст. Лепель. 293 ж., 109 двароў (1997). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму і сав. воінаў.

т. 6, с. 426

ЖА́РЫКАЎ (Іван Сямёнавіч) (н. 15.9.1921, в. Хацілавічы Крычаўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-р вет. н. (1976), праф. (1977). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў Маскоўскую вет. акадэмію (1951). У 1957—91 у Бел. НДІ эксперым. ветэрынарыі імя Вышалескага (у 1968—88 дырэктар). Навук. працы па біял. асновах прафілактыкі паразітозаў с.-г. жывёл. Распрацаваў і ўкараніў у вытворчасць меры барацьбы з трэматадозамі жвачных жывёл, рэкамендацыі па абеззаражванні гною з выкарыстаннем радыебіял. метадаў.

Тв.:

Экономическая эффективность ветеринарных мероприятий. Мн., 1981 (у сааўт.);

Справочник по болезням сельскохозяйственных животных. 2 изд, Мн., 1990 (у сааўт);

Лекарственные средства и биологические препараты в ветеринарии. Мн., 1993 (разам з А.Е.Антаненкам, С.С.Ліпніцкім).

Жарушнік земнаводны.

т. 6, с. 426

ЖА́РЫН (Генадзь Лаўрэнцьевіч) (н. 7.6.1946, г. Гомель),

бел. жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1974). Працуе пераважна ў манум. жывапісе: вітражы «Пераўтварэнне энергіі» (1976, з В.Даўгала) у чытальнай зале Дома культуры г. Новалукомль (Віцебская вобл.), «Хлеб Радзімы» (1982, з Ю.Багушэвічам) у фае Дома культуры саўгаса «Рагінь» Гомельская вобл., размалёўкі ў тэхніцы энкаўстыкі («Партызаны Міншчыны» і інш.) і плафон «Мінск — горад-герой» (1979—82, з Багушэвічам) у холе канферэнц-залы б. Мінскага гаркома КПБ. Аўтар станковых работ «Габеленшчыцы» (1979), «Слова пра родную зямлю» (1982) і інш.

т. 6, с. 427

ЖАРЭ́С ((Jaurés) Жан Леон) (3.9.1859, г. Кастр, Францыя — 31.7.1914),

дзеяч франц. і міжнар. сацыяліст. руху, гісторык. Праф. філасофіі Тулузскага ун-та (1883—85). У 1885—89, 1893—98 і 1902—14 дэп. парламента. У рабочым руху і ў 2-м Інтэрнацыянале адстойваў рэфармісцкія погляды. У 1902 узначаліў Франц. сацыяліст. партыю, пасля яе аб’яднання (1905) з Сацыяліст. партыяй адзін з лідэраў правага крыла Аб’яднанай сацыяліст. партыі. У 1904 заснаваў газ. «L’Humanite» («Чалавецтва»). Выступаў супраць каланіялізму, мілітарызму і вайны. Забіты франц. фанатыкам-нацыяналістам Р.Віленам напярэдадні 1-й сусв. вайны. Аўтар твораў «Пачаткі сацыялізму ў Германіі Лютэра, Канта. Фіхтэ і Гегеля» (1891), «Сацыялістычныя даследаванні» (1901), «Новая армія» (1911), арганізатар і рэдактар калект. працы «Сацыялістычная гісторыя, 1789—1900» (т. 1—13, 1901—08), аўтар яе першых 4 тамоў, прысвечаных Франц. рэвалюцыі 1789—99.

Ж.Жарэс.

т. 6, с. 427