ДНЯПРО́ЎСКА-БУ́ГСКІ ЛІМА́Н,
гл ў арт. Бугскі ліман, Дняпроўскі ліман.
т. 6, с. 171
ДНЯПРО́ЎСКА-ДАНЕ́ЦКАЯ ГАЗАНАФТАНО́СНАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
На тэр. Чарнігаўскай, Сумскай, Палтаўскай, Днепрапятроўскай, Харкаўскай, Варашылаўградскай абл. Украіны і Растоўскай вобл. Расіі, уваходзіць у Дняпроўска-Прыпяцкую газанафтаносную правінцыю. Пл. каля 115 тыс. км². Прамысл. распрацоўка радовішчаў з 1952. Асн. радовішчы нафты і газу ў дэвонскіх каменнавугальных і ніжняпермскіх адкладах. Нафтавыя паклады на глыб. да 4500 м, газавыя і газакандэнсатныя — да 5000—5800 м. Буйнейшыя радовішчы: Шабялінскае, Заходне-Крэсцішчанскае, Яфрэмаўскае (газакандэнсатныя), Глінска-Розбышаўскае, Гнедзінцаўскае (нафтагазакандэнсатныя), Лялякаўскае (нафтавае). Цэнтры па разведцы і здабычы нафты і газу — гарады Чарнігаў, Прылукі, Балаклея і інш.
т. 6, с. 171
ДНЯПРО́ЎСКА-ДАНЕ́ЦКАЯ ЎПА́ДЗІНА,
тэктанічная структура на тэр. Украіны і на крайнім ПдУ Беларусі, асн. ч. Прыпяцка-Дняпроўска-Данецкага аўлакагену. На ПнУ мяжуе з Варонежскім крышт. масівам, на ПдЗ — з Украінскім крышталічным шчытом, на ПдУ сучляняецца з Данецкім складкавым збудаваннем, на ПнЗ праз глыбока апушчаную Брагінска-Лоеўскую седлавіну зліваецца з Прыпяцкім прагінам.
Д.-Д.ў. мае выгляд ровападобнага прагіну, абмежаванага глыбіннымі разломамі. Даўж. больш за 700 км, шыр. 100—120 км. Макс. глыбіня залягання крышт фундамента ў яе межах каля 12 км. Упадзіна запоўнена палеазойскімі, мезазойскімі і кайназойскімі асадкавымі ўтварэннямі. якія залягаюць на няроўнай паверхні крышт. фундамента. У межах упадзіны вылучаюць паўн. і паўд. прыбартавыя зоны ступеньчатых апусканняў і Дняпроўска-Данецкі грабен, які падзяляецца на Дняпроўскі грабен, зону сучлянення з Данецкім складкавым збудаваннем і Чарнігаўска-Брагінскі выступ. На тэр. ўпадзіны інтэнсіўна выявілася саляная тэктоніка. Развівалася ўпадзіна ўздоўж буйных разломаў у крышт. фундаменце паўн.-зах. распасцірання. Пачатак фарміравання адносіцца да канца сярэдняга або пачатку позняга дэвону. Апусканне тэр. адбывалася з перапынкамі да чацвярцічнага часу. Найб. інтэнсіўна сыходныя тэктанічныя рухі выявіліся ў дэвоне і ў ранняпермскі час. У асадкавай тоўшчы Д.-Д.ў. выяўлены радовішчы нафты, газу, гіпсу, вугалю, кам. солі, мелу і інш. карысных выкапняў.
т. 6, с. 171
ДНЯПРО́ЎСКА ПРЫ́ПЯЦКАЯ ГАЗАНАФТАНО́СНАЯ ПРАВІ́НЦЫЯ,
аб’ядноўвае Дняпроўска-Данецкую газанафтаносную вобласць і Прыпяцкі нафтагазаносны басейн.
т. 6, с. 171
ДНЯПРО́ЎСКІ (Яўген Васілевіч) (н. 26.3.1929, в. Куння Пскоўскай вобл., Расія),
бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі. Канд. тэхн. н. (1963). Скончыў БПІ (1953). З 1965 у Ін-це тэхн. кібернетыкі АН Беларусі. Навук. працы па праблемах апрацоўкі і адлюстравання графічнай інфармацыі. Распрацаваў шэраг чарцёжных аўтаматаў і прынцыпы пабудовы лазерна-графічных дысплеяў. Дзярж. прэмія Беларусі 1978.
Тв.:
Расчет элементов лазерных сканирующих систем. Мн., 1986 (у сааўт.).
М.П.Савік.
т. 6, с. 172
ДНЯПРО́ЎСКІЯ ПАРО́ГІ,
выхады карэнных горных парод у рэчышчы р. Дняпро паміж гарадамі Днепрапятроўск і Запарожжа. Існавала 10 парогаў і 30 каменных град агульнай даўж. каля 75 км (пры вышыні падзення вады каля 40 м). Знаходзіліся на шляху «з варагаў у грэкі», перашкаджалі суднаходству, былі месцам нападзенняў качэўнікаў на судны. Ніжэй парогаў у 16 ст. заснавана Запарожская Сеч; у 17—18 ст. каля Д.п. стаяла крэпасць Кодак. Затоплены водамі Дняпроўскага вадасховішча.
т. 6, с. 172
ДНЯПРО́ЎСКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН,
аб’ядноўвае шматлікія ізаляваныя радовішчы на тэр. Днепрапятроўскай, Запарожскай, Жытомірскай, Вінніцкай, Кіеўскай, Чаркаскай, Кіраваградскай абл. Украіны. Пл. каля 150 тыс. км²; распасціраецца пераважна па правабярэжжы р. Дняпро на 680 км пры шыр. да 150 км. Вугляноснасць басейна звязана з палеагенавымі адкладамі, якія залягаюць на крышт. пародах Украінскага масіву. Разведаныя запасы вугалю 2,4 млрд. т.
Наяўнасць вуглёў вядома з 16 ст. Інтэнсіўнае асваенне з 1946. Магутнасць вугляноснай тоўшчы да 55 м, глыб. залягання ад 5 да 160 м. Вуглі бурыя, тэхн. групы Б1. Цеплыня згарання на рабочае паліва 9,2 МДж/кг. Здабыча вядзецца разрэзамі і шахтамі. Цэнтр — г. Александрыя.
т. 6, с. 172
ДНЯПРО́ЎСКІ ЛІМА́Н,
заліў Чорнага м. каля берагоў Украіны. Уразаецца ў сушу на 55 км. Шыр. 7,4—16,7 км, глыб. каля 5 м. На З адгароджаны ад мора нізкай пясчанай Кінбурнскай касой. Злучаны з Чорным м. пралівам шыр. 4,3 км. Зімой замярзае. У Д.л. упадаюць рэкі Дняпро і Паўд. Буг, які ў ніжнім цячэнні ўтварае Бугскі ліман. На Д.л. порт Ачакаў.
т. 6, с. 172
ДНЯПРЭ́Ц,
рака ў Горацкім р-не Магілёўскай вобл., правы прыток р. Быстрая (бас. Дняпра). Даўж. 25 км. Пл. вадазбору 71 км² Пачынаецца за 1 км на ПнУ ад в. Зайцава. Цячэ па паўд. схілах Смаленскага ўзв. і па Горацка-Мсціслаўскай раўніне. На рацэ вадасх. Дняпрэц.
т. 6, с. 172
ДНЯПРЭ́Ц,
вадасховішча ў Горацкім р-не Магілёўскай вобл., за 7 км на У ад г. Горкі, каля вёсак Буды, Кварцяны, Паляшчыцы. Створана на р. Дняпрэц у 1979. Пл. 0,98 км, даўж. 6 км, найб. шыр. 300 м, найб. глыб. 9 м, аб’ём вады 4,4 млн. м³. Слабапраточнае. Ваганні ўзроўню на працягу года 5 м. Выкарыстоўваецца для арашэння.
т. 6, с. 172