Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГВАТЭМА́ЛА

(Guatemala),

горад, сталіца Гватэмалы. 1150,5 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 1,5 млн. ж. (1994). Буйны трансп. вузел на Панамерыканскай шашы. Міжнар. аэрапорт Ла-Аўрора. Прам-сць: харч., тэкст., гумавая, мэблевая, гарбарна-абутковая, цэм., 5 ун-таў, у т. л. Сан-Карлас (1680). Нац. кансерваторыя. Акадэмія мовы. Акадэмія мед., фіз. і прыродазнаўчых навук. Музеі. Кафедральны сабор (1782—1815); цэрквы Санта-Дамінга і Сан-Францыска. На З рэшткі горада індзейцаў майя. Частыя землетрасенні (найб. разбуральныя ў 1917—18 і 1976).

Горац засн. іспанцамі ў 1524 пад назвай Сант’яга, пазней перайменаваны ў Гватэмалу. З 1776 адм. цэнтр ісп. генерал-капітанства Гватэмала, у 1823—39 сталіца федэрацыі Злучаных правінцый Цэнтр. Амерыкі. З 1839 сталіца Гватэмалы.

т. 5, с. 101

ГВАТЭМА́ЛЬСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1944—54, «Дзесяць гадоў вясны», антыфеадальная, бурж.-дэмакр. рэвалюцыя ў Гватэмале. Асн. прычына — цяжкае становішча мясц. насельніцтва, жорсткая эксплуатацыя індзейцаў плантатарамі. Ваен. хунта, якая ў 1944 скінула дыктатара Х.Убіка, не правяла неабходных рэформаў, што выклікала ўсенародную незадаволенасць. 20.10.1944 група афіцэраў на чале з Х.Арбенсам Гусманам пры падтрымцы насельніцтва ўзяла ўладу ў свае рукі. На свабодных выбарах 1945 перамог і стаў прэзідэнтам лідэр Нар.-вызв. фронту Х.Х.Арэвала. Прынятая ў сак. 1945 канстытуцыя абвясціла дэмакр. свабоды і ліквідацыю памешчыцкага землеўладання; у 1946 прыняты закон пра сац. забеспячэнне, у 1947 — першы ў краіне прац. кодэкс. Урад Арбенса Гусмана, які стаў прэзідэнтам у 1951, у чэрв. 1952 прыняў закон аб агр. рэформе, паводле якога ў латыфундыстаў і амер. «Юнайтэд фрут компані» (ЮФКО) экспрапрыіравана 555 тыс. га зямлі, 400 тыс. га з іх размеркавана паміж 100 тыс. сялян. Урад ЗША заявіў афіц. пратэст супраць экспрапрыяцыі зямель у ЮФКО. Пры падтрымцы ЗША ў Гандурасе былі падрыхтаваны ўзбр. атрады гватэмальскіх эмігрантаў на чале з палк. К.Кастыльё Армасам, якія 18.6.1954 уварваліся на тэр. Гватэмалы. Кіраўніцтва гватэмальскай арміі адмовілася падтрымаць прэзідэнта Арбенса Гусмана, і ён вымушаны быў падаць у адстаўку. 28.6.1954 уладу захапіў Кастыльё Армас. Рэформы, праведзеныя ў гады рэвалюцыі, былі адменены.

Літ.:

Кубышкин А.И. Гватемальская революция 1944—1954 гг.: Критика концепций буржуазной историографии США. Саратов, 1987.

В.У.Адзярыха.

т. 5, с. 102

ГВАТЭМА́ЛЬЦЫ,

нацыя, асн. насельніцтва Гватэмалы (больш за 5,6 млн. чал.). Агульная колькасць 5,68 млн. Чал. (1992). Пераважна іспана-індзейскія метысы (ладзіна). Гавораць на гватэмальскім дыялекце іспанскай мовы. Вернікі пераважна католікі.

т. 5, с. 103

ГВАЮ́ЛА,

гуаюла (Parthenium argentatum), каўчуканосная расліна сям. складанакветных. Пашырана ў пустынях паўн. ч. Мексіканскага нагор’я (да 2000 м над узр. мора), а таксама на Пд ЗША (штат Тэхас). Раней культывавалася ў ЗША, Мексіцы, Іспаніі, Алжыры, Марока, Закаўказзі і ў Сярэдняй Азіі. На Беларусі не вырошчваецца.

Вечназялёны моцна разгалінаваны паўкуст выш. да 1 м, з доўгім разгалінаваным стрыжнёвым коранем. Лісце ланцэтнае або лапатчатае, выемчастае або перыстараздзельнае. Кветкі ў дробных кошыках на доўгіх кветаносах. Лісце, кветаносы і аднагадовыя галіны ўкрыты кароткімі густымі серабрыстымі валаскамі. Каўчук маюць у каранях і галінках.

т. 5, с. 103

ГВАЯКО́Л,

2-метаксіфенол, арганічнае злучэнне, вытворнае фенолу, CH3OC6H4OH. Бясколерныя крышталі са своеасаблівым моцным пахам, цямнеюць у паветры і на святле, tпл 28,5 °C, шчыльн. 1128,7 кг/м³ (21,4 °C). Выкарыстоўваюць у вытв-сці пахучых рэчываў (напр., ваніліну, эўгенолу, санталідолу), лек. сродкаў (напр., фтывазіду, папаверыну). Выклікае анастэзію скуры, экзему, раздражняе дыхальныя шляхі і вочы, ГДК 20 мг/м³.

т. 5, с. 103