Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

КЛІМО́ВІЧ (Вікенцій Восіпавіч) (каля 1830, в. Пярэсека Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — каля 1880),

удзельнік рэв. руху ў Беларусі ў 1850—60-я г., кампазітар. З казённых сялян. Працаваў арганістам і настаўнікам музыкі ў Навагрудку, настаўнікам сельскай школы і валасным пісарам ў мяст. Паланэчка Навагрудскага пав. Належаў да мінскай рэв. арг-цыі «чырвоных», удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1863—64, вёў прапаганду сярод сялян. Сябраваў з паэтам В.​Каратынскім, мастаком Э.​Паўловічам. Аўтар музыкі да элегіі Каратынскага «Туга на чужой старане». У сак. 1863 арыштаваны і пасля працяглага зняволення ў мінскай турме сасланы ў Сібір. Памёр у Іркуцку.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 8, с. 342

Клімовіч Іосіф Іосіфавіч

т. 18, кн. 1, с. 407

КЛІМТ ((Klimt) Густаў) (14.7.1862, Вена — 6.2.1918),

аўстрыйскі жывапісец. Вучыўся ў маст.-прамысл. школе ў Вене (1875—83). Адзін з заснавальнікаў (1897) і прэзідэнт (да 1905) аб’яднання «Венскі Сецэсіён». Раннім творам уласцівы традыцыі сімвалізму; карціны «Байка» (1883), «Ідылія» (1884), «Каханне» (1895), плафоны Венскага гар. т-ра (1888) і інш. У сталы перыяд працаваў у стылі мадэрн. Творчасць вызначалася асіметрычнасцю кампазіцый, шырокім выкарыстаннем арнаментыкі, плоскаснасцю выяў, з якой кантрастуе натуралістычнасць прапрацоўкі твараў і рук. Сярод работ: «Русалкі» (каля 1899), «Медыцына» (1900—07), «Юдзіф і Алаферн» (1901), «Тры ўзросты жанчыны» (1905), «Пацалунак» (1907), «Смерць і жыццё» (1911—15), «Адам і Ева» (1917—18); партрэты Ф.​Рыдлер (1906), А.​Блох-Баўэр (1907), І.​Штаўдэ (1917—18); пейзаж «Поле макаў» (1907) і інш.

В.​Я.​Буйвал.

Г.Клімт. Пацалунак. 1907.

т. 8, с. 342

КЛІМУ́К (Пётр Ільіч) (н. 10.7.1942, в. Камароўка Брэсцкага р-на),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1973, 1975), лётчык-касманаўт СССР (1973), ген.-палкоўнік авіяцыі (1998), канд. тэхн. н. (1995). Скончыў Чарнігаўскае вышэйшае ваен. авіяц. вучылішча лётчыкаў (1964), Ваенна-паветр. акадэмію імя Ю.​Гагарына (1977), Ваенна-паліт. акадэмію імя Леніна (1983). З 1965 у атрадзе касманаўтаў. З 1976 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Гагарына (з 1991 начальнік). 18—26.12.1973 з В.В.Лебедзевым здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз-13» (як камандзір); 24.5—26.7.1975 з В.І.Севасцьянавым — палёт на касм. караблі «Саюз-18» і арбітальнай станцыі «Салют-4» (як камандзір); 27.6—5.7.1978 з М.Гермашэўскім — палёт на касм. караблі «Саюз-30» (як камандзір) і арбітальнай станцыі «Салют-6» (асн. экіпаж — У.В.Кавалёнак, А.С.Іванчэнкаў). У космасе правёў 78,8 сут. Дзярж. прэмія СССР 1978, 1981.

Тв.:

Рядом со звездами: Книга одного полета. М., 1979.

Літ.:

Ваганов И.И., Панасюк Н.В. П.​И.​Климук. Мн., 1976.

П.І.Клімук.

т. 8, с. 343

КЛІ́МУЦЬ (Яраслаў Іванавіч) (н. 10.1.1940, в. Вострава Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. крытык, літ.-знавец. Канд. філал. н. (1979). Скончыў БДУ (1967). Настаўнічаў. З 1975 у Магілёўскім ун-це імя А.​Куляшова (з 1986 дэкан філал. ф-та). Друкуецца з 1972. Даследуе шляхі развіцця і стан сучаснай бел. паэзіі і прозы, узаемасувязі і ўзаемаўплыў бел. і рус. л-р; аспекты ўплыву эпічнай паэзіі Я.​Коласа на творчасць рус. паэтаў (кн. «Жыццёвасць традыцый», 1985). Аўтар крытычных артыкулаў і рэцэнзій, прысвечаных творчасці П.​Глебкі, А.​Кулакоўскага, І.​Навуменкі, А.​Пысіна.

т. 8, с. 343

Клімчук Віктар Ігнатавіч

т. 18, кн. 1, с. 407

КЛІМЯНКО́Ў (Сцяпан Сцяпанавіч) (н. 23.4.1945, в. Вял. Сліва Слуцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне парашковай металургіі. Д-р тэхн. н., праф. (1992). Скончыў БПІ (1967), дзе працаваў з 1971. З 1974 у Віцебскім тэхнал. ун-це. Навук. працы па шнэкавым прасаванні парашкоў. Распрацаваў тэхналогіі і абсталяванне для фармавання даўгамерных вырабаў з метал. парашкоў.

Тв.:

Основы эффективных технологий формообразования. Витебск, 1994;

Инструмент и обработка материалов. Витебск, 1997.

т. 8, с. 343

КЛІН,

дэталь прызматычнай формы, 2 рабочыя паверхні якой сыходзяцца пад вуглом. Раскліньвальнае дзеянне К. дае значны выйгрыш у сіле: пры малым вугле і разліковым каэф. трэння 0,1 папярочная сіла ў 5 і болей разоў перавышае прыкладзеную падоўжную сілу. К. — адна з вял. стараж. вынаходак чалавецтва. Выкарыстоўваецца як інструмент (сякера, калун, зубіла і да т.п.), рэгуліровачная або ўстановачная дэталь у механізмах і машынах, заціскная дэталь у раздымных нерухомых клінавых злучэннях і інш.

Дзеянне сіл у злучэнні з клінам: Fy — прыкладзенае намаганне; Fx — раскліньваючыя намаганні (Fx > Fy).

т. 8, с. 343

КЛІ́НА (ад грэч. klinō нахіляю),

клінальная зменлівасць у біялогіі, паступовае павелічэнне або змяншэнне (колькасны градыент) якой-н. адзнакі, уласцівасці ўнутры папуляцыі або віду; адно з выяўленняў унутрывідавой геагр. зменлівасці. Тэрмін прапанаваны англ. біёлагам Дж.​Хакслі (1939). Можа закранаць колькасныя прыкметы (напр., павелічэнне памераў цела пазваночных у больш высокіх шыротах) і якасныя (напр., адноснае павелічэнне колькасці «чорнай» формы двухкрапінкавай божай кароўкі ў параўнанні з «чырвонай» формай пры нарастанні кантынентальнасці клімату). Развіваецца ў выніку ўзаемадзеяння натуральнага адбору, які прыстасоўвае кожную папуляцыю да лакальнага асяроддзя, з патокам генаў, што вядзе да уніфікацыі папуляцый віду.

т. 8, с. 343

КЛІНАЛІ́СЦЕВЫЯ (Sphenophyllales),

парадак вымерлых членістасцябловых (хвашчовых) раслін. 1 сям. Існавалі ад позняга дэвону да ранняга трыясу (каля 360—220 млн. г. назад). Мяркуюць, што гэта былі ліянападобныя расліны, пашыраныя ў вільготных лясах ці ў вадаёмах.

Сцябло доўгае, тонкае, травяністае або адраўнелае, рабрыстае, часам разгалінаванае. У некат. форм з шыпамі. Колькасць клінападобных, авальных або лінейных лістоў у кальчаках кратнае 3 (ад 6 да 12). Органы размнажэння (стробілы) — на канцах галін, радзей — у ліставых пазухах.

Т.​Р.​Абухоўская.

т. 8, с. 343