КЛІМТ ((Klimt) Густаў) (14.7.1862, Вена — 6.2.1918),

аўстрыйскі жывапісец. Вучыўся ў маст.-прамысл. школе ў Вене (1875—83). Адзін з заснавальнікаў (1897) і прэзідэнт (да 1905) аб’яднання «Венскі Сецэсіён». Раннім творам уласцівы традыцыі сімвалізму; карціны «Байка» (1883), «Ідылія» (1884), «Каханне» (1895), плафоны Венскага гар. т-ра (1888) і інш. У сталы перыяд працаваў у стылі мадэрн. Творчасць вызначалася асіметрычнасцю кампазіцый, шырокім выкарыстаннем арнаментыкі, плоскаснасцю выяў, з якой кантрастуе натуралістычнасць прапрацоўкі твараў і рук. Сярод работ: «Русалкі» (каля 1899), «Медыцына» (1900—07), «Юдзіф і Алаферн» (1901), «Тры ўзросты жанчыны» (1905), «Пацалунак» (1907), «Смерць і жыццё» (1911—15), «Адам і Ева» (1917—18); партрэты Ф.​Рыдлер (1906), А.​Блох-Баўэр (1907), І.​Штаўдэ (1917—18); пейзаж «Поле макаў» (1907) і інш.

В.​Я.​Буйвал.

Г.Клімт. Пацалунак. 1907.

т. 8, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)